Лукашэнка пераймае досвед бальшавікоў


105-ая гадавіна Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. 3 лютага 1919-га яе прынялі на Першым Усебеларускім з’ездзе саветаў. Фактычна гэты дакумент уяўляў скарочаную версію Канстытуцыі РСФСР.

«Рэальна там нічога ўласна беларускага не было. Гэта быў шаблонны дакумент, які тады ў прынцыпе прымаўся ўва ўсіх падобных рэспубліках. Нейкіх нацыянальных элементаў у ім не было. Што было звязана, безумоўна, з тым, што ўжо ў той час было прынятае рашэнне, што гэтая рэспубліка будзе кастровай, што яе хутка збіраліся ліквідаваць», – кажа гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Пры гэтым Канстытуцыя ССРБ уводзіла новую сімволіку. Чырвоны сцяг з абрэвіятурай і герб з сярпом і молатам. А таксама антыкапіталістычныя законы. Напрыклад Канстытуцыя адмяніла прыватную ўласнасць на зямлю і абʼяўляла ўвесь зямельны фонд агульнадзяржаўным здабыткам. А дзеля, цытата, «знішчэння паразітычных пластоў грамадства і арганізацыі гаспадаркі» ўводзілі ўсеагульную працоўную павіннасць. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзянаў Рэспублікі. Гэта мала чым адрозніваецца ад сучаснай Беларусі.

«Я асуджаная за пагрозу жыццю. 186-я. Тое, што я зрабіла так, я гэта ўсведамляю. Хачу проста дапамагаць людзям, якія вось зараз у школе знаходзяцца. І прыбіраць, каб дзецям было добра хадзіць і выкладчыкам. Каб не падслізнуліся», – кажа асуджаная Анжаліка Угляніца.

Тэрыторыю сярэдняй школы нумар 27 у Берасці прыбіраюць ад снегу асобы, асуджаныя на «хатнюю хімію». І робяць гэта нібыта добраахвотна. А на Мазыршчыне сілавікі Лукашэнкі высадзілі працоўны дэсант з вязняў махаць рыдлёўкамі ля Кургана Славы. Мясцовыя ўлады з гонарам абяцаюць, што такія акцыі на тэрыторыі раёну будуць працягнутыя.

«Тыя, хто кіруе цяпер у Беларусі, выхаваныя на гэтай савецкай спадчыне. Што хто не працуе, той не есць. Прычым механізмы, скажам, каб падштурхоўваць людзей працаваць, вельмі абмежаваныя. Гэта выключна прымус. Прымус, гвалт, пакаранне. Пры гэтым зноўку не задумваюцца: а сэнс працы ў чым?», – кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

У савецкі час асноўныя законы саюзных рэспублік, якія забаранялі бізнес і прымушалі да абавязковай працы на дзяржаву, урэшце прывялі да масавага голаду і мільёнаў ахвяраў. Навошта Лукашэнку гэткая самагубная практыка?

«Дзяржава мусіць кантраляваць усё. Таму, значыць, прымус працаваць і працаваць выключна на дзяржаву. Ніякіх прыватных прадпрымальнікаў. Ну, мы памятаем гэты знакаміты выраз, што я пацісну руку апошняму прадпрымальніку ў Беларусі. Бадай адзінае, што выконваецца з абяцанняў. Яшчэ, канечне, што беларусы будуць жыць кепска, але нядоўга», – тлумачыць кандыдат гістарычных навук.

Рэсаветызацыя Беларусі адбываецца не толькі ў эканоміцы. Таксама і ў культуры. Напрыклад, у нашай краіне вуліцаў з нацыянальнымі назвамі ў 20 разоў менш, чымся з савецкімі. І толькі ў адной Віцебскай вобласці за апошнія чатыры гады з 350-ці сярэдніх навучальных установаў больш за 100 набылі імёны людзей, якія праславіліся ў савецкі час.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»