Беларускія айцішнікі цяпер падымаюць эканоміку суседніх краінаў


Два гады таму беларуская кампанія «Pandadoc» закрыла свой беларускі офіс і цалкам сышла з айчыннага рынку IT. Сыход паспяховага стартапу стаў сімвалам сумнай тэндэнцыі. Галіна, якая раней лічылася рухавіком беларускай эканомікі, цяпер ставіць усё новыя антырэкорды, а паспяховыя айчынныя кампаніі цяпер робяць свой уклад у эканоміку суседніх краінаў.

Беларус Максім Гуз тры гады таму пераехаў у Літву, пасля таго як айчынны ІТ-сектар зазнаў рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі. Мужчына адзначае: хоць падаткі ў новай краіне і вышэйшыя, але гэта кампенсуецца лепшай атмасфераю для працы:

«Калі няма жаху, што па цябе прыйдуць, што будуць дапытваць ці затрымліваць за данаты ці за нешта яшчэ, то можна думаць пра працу, пра развіццё, як нешта новае зрабіць, пра новыя тэхналогіі і гэтак далей», – кажа Максім.

У беларускім жа ІТ-сектары – чарговыя антырэкорды. Згодна са статыстыкай парталу Devby.io, колькасць актыўных вакансіяў у сферы высокіх тэхналогіяў на канец мінулага года сталася найменшая за ўсю гісторыю назіранняў. Антырэкордная і колькасць актыўных кампаніяў – тысяча 681-на, гэта на 14 адсоткаў меней, чымся ў лістападзе 2023-га.

Яшчэ горш сітуацыя выглядае на прыкладзе Парку высокіх тэхналогіяў – дзяржаўнага флагманскага IT-праекту: там адкрытыя толькі 736 вакансіяў. Для параўнання, у сярэдзіне 2020-га кампаніі – рэзідэнты ПВТ гатовыя былі прыняць у 10 разоў болей працаўнікоў.

«Кліенты пачалі шукаць »сеньёраў«, людзей з досведам, якія гатовыя адразу выдаваць вынік. Таму для «джуноў» стала нашмат цяжэй знайсці працу», – зазначае Максім.

Масавы адток ІТ-кампаніяў з Беларусі і скарачэнне вакансіяў пачаліся ў звязку з масавымі рэпрэсіямі 2020-га. Сярод найбуйнейшых фірмаў, што абралі для бізнес у іншыя краіны, – «EPAM», «Wargaming», «Melsoft» i «Andersen». Два гады таму закрыла свой офіс і кампаніі «Pandadoc». Яе заснавальнік Мікіта Мікада абяцаў дапамагаць сілавікам і вайскоўцам, якія б перайшлі на бок беларускага народу. Пасля гэтай заявы работнікаў кампаніі пачалі затрымліваць.

«Калі суполка вялікая і не арганізаваная, то ім патрэбны прыклад, алгарытм паводзінаў у сітуацыі.Мікада і некаторыя іншыя прадстаўнікі IT такім прыкладам сталі. Гэта сталася сімвалам ІТ-думкі, ІТ- вольнадумства», – кажа заснавальнік «BelGameDev» Яраслаў Кот.

Да няспынных рэпрэсіяў дадаўся і суўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Тэндэнцыя з ад’ездам праграмістаў працягнулася. Пры гэтым пасля рэлакацыі беларускія кампаніі пачалі выходзяць у лідары рынку іншых краінаў. Па выніках мінулага года «EPAM» і «Wargaming», сталіся лідарамі спісу падаткаплатнікаў Літвы сярод ІТ-сферы. Іх супольны ўнёсак у бюджэт суседняй дзяржавы за мінулы год павялічыўся амаль у два разы і склаў больш за 35 мільёнаў еўраў. Да таго ж можна не баяцца дэманстраваць сваёй пазіцыі.

Гэтак, адмысловая акцыя «Wargaming» у ейных гульнях сабрала больш за мільён долараў на машыны хуткай дапамогі ва Украіне ў межах кампаніі «ЮнАйтэд-24».

Аляксандр Баразенка, «Белсат»