Прыпынена сяброўства Беларусі ў Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца


Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства ў ёй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Прычына – персона Дзмітрыя Шаўцова на пасадзе генеральнага сакратара арганізацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта вынікае з пастановы праўлення Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ад 3 кастрычніка 2023 года па выніках расследавання абвінавачанняў на адрас генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, выкліканых ягонымі заявамі, у тым ліку пра ядравую зброю і пра перамяшчэнне дзяцей у Беларусь, а таксама ягоным візітам у Луганск і Данецк», – вядзецца ў заяве аб прыпыненні чалецтва Беларускага Чырвонага Крыжа.

Падчас паездак на Данбас на рукаве ў Шаўцова была нашыўка з літараю «зэт» – знакам, што расейская армія выкарыстоўвае на вайне ва Украіне. І гэта нягледзячы на базавы прынцып міжнароднага руху – нейтральнасць.

«Шаўцоў парушыў усё, што мог. Пры гэтым не атрымаў ніякіх дывідэндаў, ніякай карысці. Гэта проста абсалютная дурасць. Паездка ў Данецк, потым спроба абараніцца, а не пакаяцца, не прызнаць, што зрабіў памылку, а спрабаваць далей адстойваць уяўную праўду – гэта неверагодная палітычная і апаратная дурасць», – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Пра факт дэпартацыі дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны Шаўцоў сведчыў сам у размове з дзяржаўнымі медыямі. Цяпер ён пастанову Міжнароднага Чырвонага Крыжа назваў абсалютна палітызаванаю і раскрытыкаваў арганізацыю за выкарыстанне беларускай мовы.

«Хоць афіцыйныя мовы Міжнароднай федэрацыі – англійская, французская, іспанская, арабская, тэхнічная мова – расейская. Апублікаванне на ўкраінскай і беларускай мовах – каб дагадзіць украінскім уладам, якія выклікалі Шаўцова ў Міжнародны суд. І каб дагадзіць беларускай апазіцыі, якая таксама крычала, што Шаўцоў удзельнічае ў дэпартацыі дзяцей з Данбасу», – заявіў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Праз пастанову Міжнароднай федэрацыі Беларускі Чырвоны Крыж губляе правы чальца, фінансаванне будзе прыпыненае. Акрамя таго, Чырвоны Крыж не зможа ўдзельнічаць у Генеральнай асамблеі Міжнароднай федэрацыі, а таксама галасаваць і быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах. Ці істотны гэта ўдар для рэжыму Лукашэнкі?

«Без Міжнароднага чырвонага крыжа, без іхнага фінансавання сам беларускі чырвоны крыж не выжыве, не зможа існаваць, а менш за ўсё беларускай дзяржаве хацелася браць яго на ўтрыманне», – дадаў Віталь Цыганкоў.

Як толькі Шаўцова прыбяруць з пасады генеральнага сакратара, Беларускі Чырвоны Крыж адновяць у правах, абяцае Міжнародная федэрацыя. І дадае: яна па-ранейшаму цвёрда адданая таму, каб рэагаваць на гуманітарныя патрэбы ў Беларусі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат».