Барацьба за бронзу да апошняга туру


Другі дзень зімы стаў фінішнаю рысаю для сёлетняга чэмпіянату краіны па футболе ў найвышэйшай лізе. Гэта было ўжо трыццаць трэцяе першынство, што праходзіла ў суверэннай Беларусі. Сёння ўсе матчы апошняга, дваццаць восьмага, туру традыцыйна распачаліся ў адзін час. І калі ўладальнікі золата і срэбра сталі вядомыя пасля папярэдняга туру, то барацьба за трэцюю пазіцыю заставалася адкрытай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гуляць у футбол у снежні – такое сабе задавальненне. Аднак каляндар спланаваны, таму і снег не можа быць перашкодаю. На бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату краіны па футболе ў «вышцы» прэтэндавалі адразу 3 клубы: «Іслач», «Тарпеда-БелАЗ» і БАТЭ. Найлепшыя шанцы ўзяць бронзу былі ў жодзінцаў, бо пры пэўных раскладах яны нават маглі і саступіць. У суперніках «Тарпеда» значылася менскае «Дынама», якое ўжо выгуляла чэмпіянат у мінулую нядзелю.

На апошні тур «бела-блакітныя» выйшлі ў адмысловых залатых футболках, як і належыць чэмпіёнам. Менскае «Дынама» у выніку і перамагло – 1:0 жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», аднак параза не перашкодзіла жодзінцам заваяваць бронзу. Іхныя супернікі за трэцюю пазіцыю свае матчы прагулялі: «Шахцёр» разграміў БАТЭ, 3:0, «Менск» перамог «Іслач», 2:1.

Адзін з прэтэндэнтаў на медалі, салігорскі «Шахцёр», быў пазбаўлены федэрацыяй леташняга чэмпіёнства. Таксама ён атрымаў бан на мінус трыццаць балаў і марнеў на дне турнірнае табліцы. Срэбраныя ўзнагароды сёлета адправіліся на Гарадзеншчыну да мясцовага «Нёмну». «Дынама» – упершыню з 2004 года – заваявала золата.

«Я, напрыклад, не ставіўся б сур’ёзна да такога чэмпіёнскага звання. Усё ж гэта першынство Беларусі, а ўзровень футболу ў нашай краіне вызначаецца ўзроўнем выступу нацыянальнай зборнай у топ-турнірах. А як выступае нашая каманда, я думаю, усе ведаюць. Таму наш чэмпіянат застаецца ў падвале еўрапейскай іерархіі. І гэтае чэмпіёнства – такое, местачковае», зазначыў экс-дырэктар дэпартаменту судзейства АБФФ Андрэй Чэпа.

Паводле выдання «Трыбуна», міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук курыруе менскае «Дынама» і, магчыма, прыклаў руку да іхнага чэмпіёнства.

«Усё ж бачылі, усе чулі размову з кіраўніком Кавальчука, калі той спытаў, што там «Дынама», якія медалі? Кавальчук адказаў: драўляныя – а гэта значыць, што ён нейкае дачыненне мае да менскага «Дынама», распавядае экс-дырэктар дэпартаменту судзейства АБФФ Андрэй Чэпа.

«Дынама» (Менск) – якія медалі ўзялі? Якія – ніякія, драўляныя. Дык драўляныя я вам намалюю без грошай. А вы адказваеце за гэтую каманду, я вам даручыў, займіцеся, і я вам даў грошы, а вы кажаце мне пра санкцыі», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін канкурэнт «Дынама» – самы тытулаваны клуб краіны, барысаўскі БАТЭ, не здолеў сёлета навязаць апанентам звыклае барацьбы. Склад «жоўта-сініх» крыху падрэзала федэрацыя, забараніўшы гуляць некалькім футбалістам. Іх унеслі ў так званы чорны спіс. Увогуле, сёлетні чэмпіянат у «вышцы» быў нестандартны, бо складаўся не са звыклых шаснаццаці, а з пятнаццаці камандаў. Гэта азначае, што ў некаторых выпадках паўза паміж турамі для аднаго клубу магла складаць нават 2 тыдні.

«Я лічу, што для камандаў, якія маюць інфраструктуру, прыдатную для правядзення матчаў найвышэйшага дывізіёну, паводле інтрыгі менавіта 12 ёсць аптымальнай формулай. 12 камандаў могуць дзяліцца на шасцёркі», – дадаў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Па выніках сёлетняга чэмпіянату найвышэйшую лігу пакіне бабруйская «Белшына». З першае лігі ў элітны дывізіён кваліфікаваліся дзяржынскі «Арсенал» і магілёўскае «Дняпро». Трэцюю пуцёўку за права згуляць у найвышэйшай лізе разгуляюць паміж сабою «Энергетык-БДУ» і «Віцебск». Але гэта пакуль толькі на паперы. Як будзе выглядаць на практыцы, даведаемся перад стартам новага сезону. Усё будзе залежаць ад забеспячэння камандаў фінансаваннем, а таксама ад таго, ці здолеюць усе яны прайсці ліцэнзаванне ў федэрацыі.

Павел Алейнікаў, «Белсат»