Толькі ля беларуска-польскай мяжы распачаліся вайсковыя вучэнні краінаў АДКБ, як памежны камітэт Беларусі абвінаваціў Польшчу ў парушэнні паветранай прасторы. Нібыта на нашую тэрыторыю залятаў польскі вайсковы верталёт. Польскі бок называе гэтыя абвінавачванні хлуснёй. Што здарылася насамрэч, распавядзе Аліна Скрабунова.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Беларускія памежнікі абвінавацілі польскі бок у парушэнні паветранай прасторы. Нібыта 1-га верасня ў Бераставіцкім раёне на Гарадзеншчыне польскі вайсковы верталёт Мі-24 заляцеў углыб Беларусі на 1200 метраў, а затым вярнуўся назад. У доказ апублікавалі відэа.
«Беларуска-польскія стасункі знаходзяцца ў глыбокім крызісе, як і ўвогуле беларуска-еўрапейскія стасункі, з усімі суседзямі. Што датычыць верталёта, мне здаецца, няма нейкіх верагодных сведчанняў, што гэта было і чый гэта быў верталёт. Можа, увогуле гэта быў Беларусі верталёт. То бок тут няма верагоднай інфармацыі», – сітуацыя пракаментаваў палітолаг Дзмітрый Балкунец.
З нагоды інцыдэнту ў беларускае МЗС выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы. Польскі бок правёў правяранне і зняпраўдзіў заяву беларускіх памежнікаў.
«Інфармацыя, якую публікуе беларускі бок, – гэта правакацыя і хлуслівыя абвінавачанні. З усіх рапартаў і запісаў радыёлакацыйных сістэмаў вынікае, што з нашага боку мяжа не міналася», – заявіў прэс-сакратар аператыўнага камандавання Узброеных сілаў Польшчы Яцэк Гарышэўскі.
Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», відэа здымалася з гіракоптару з беларускага боку. З запісу можна зрабіць наступную выснову.
«Знаходзяцца на мяжы дроны, якія манітораць мяжу, якія таксама могуць маніторыць перасоўванне польскіх войскаў і палёты польскіх паветраных сілаў. Гэта самае галоўнае. Бо не думаю, што Беларусь маніторыць мяжу адносна нелегальных пераходаў», – зазначыў спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак.
Што ж датычыць інцыдэнту, то паводле Аляксандра Казака і маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн» магчымыя дзве версіі:
Такія залёты здараліся і раней. Гэтак, на пачатку жніўня паветраную прастору Польшчы парушылі два беларускія верталёты. Польскі бок спачатку адмаўляў, а пасля прызнаў інцыдэнт. А ў снежні 2021 года ў парушэнні паветранай прасторы Беларусь абвінаваціла Украіну, апошняя адмовіла здарэнне.
«Такія памылкі здараюцца. На жаль, можна сказаць, што гэта нармальна, але гэта абсалютна ненармальна ў рамках напружаных стасункаў Беларусі і Польшчы, таксама гэта ненармальна ў рамках таго, што адбываецца ва Украіне і якую ролю выконвае Беларусь у гэтым усім», – тлумачыць спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак.
Сітуацыя на польска-беларускім памежжы застаецца напружанаю. З тэрыторыі нашай краіны працягваюцца спробы нелегальнага пранікнення ў Еўрапейскі Звяз мігрантаў. Адчуваюць суседнія краіны небяспеку і ад байцоў Групы Вагнэра, якія дагэтуль базуюцца ў Беларусі. А акурат у дзень здарэння ў Берасцейскай крэпасці стартавалі вучэнні АДКБ.
«Магчыма, некаму патрэбна правакацыя, улічваючы вучэнні Лукашэнкі на мяжы. Ён Польшчу заклікае на гэтыя вучэнні, Лукашэнка – майстар правакацыяў. Лукашэнка хоча прымусіць краіны суседнія, асабліва Польшчу, да нейкага канфлікту, у тым ліку вайсковага. У яго ўжо ёсць ядравая бомба, ён пасля будзе ёй пагражаць», – адзначае палітолаг Дзмітрый Балкунец.
На імаверныя пагрозы з боку Лукашэнкі краіны Балтыі ды Польшча падрыхтавалі агульны адказ: у выпадку правакацыі, узброенай ці міграцыйнай, яны цалкам закрыюць межы з Беларуссю.
Аліна Скрабунова Белсат