Міністэрства адукацыі пералічвае вынікі ЦЭ


Вучні ўжо атрымалі новыя вынікі цэнтралізаванага экзамену. Міністэрства адукацыі ўсё ж пастанавіла пералічыць балы, на падставе новай методыкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Методыка падліку: могуць быць розныя варыянты, распрацаваныя літаральна за некалькі дзён. Таму гэта цалкам рэальна ў цяперашніх умовах. Думаю, што гэтыя варыянты былі раней, то бок, яны былі да гэтага», – лічыць метадолаг, экспертка ў пытаннях адукацыі Святлана Мацкевіч.

Сістэма падліку балаў на ЦЭ такая ж, як і на ЦТ. І дагэтуль яна працавала наступным чынам: чым больш вучняў добра робяць заданне – тым меншую вагу яно мае. Тады выніковая колькасць балаў за яго атрымлівалася меншая для ўсіх. І наадварот. Сістэму ўвялі пасля 2019 года.

Міністэрства адукацыі паведамляе, што новая методыка будзе падобная да методыкі падліку на рэпетыцыйным, спробным, тэставанні. Нашая экспертка мяркуе, што яны маглі папросту вярнуць тую, што была да 2019 года.

«Сістэма да 2019 года не ўлічвала вось гэтай колькасці, хто правільна напісаў, хто няправільна напісаў. І колькі ты зарабіў – столькі ты і атрымаў», – тлумачыць рэпетытарка і былая настаўніца Ганна Саламонава.

У панядзелак вучні пабачылі неверагодныя вынікі. Хтосьці атрымаў нават больш за максімальныя сто балаў, хтосьці – мінус паўтара мільярда. Экспертка дапускае, што насамрэч тэхнічна падліку была правільная, толькі не разлічаная на такую колькасць добра выкананых заданняў, а вучні сёлета справіліся добра. Бо заданні паводле сваёй логікі былі такія ж, як на рэпетыцыйным, спробным тэставанні. Да таго ж, ЦЭ – гэта аб’яднаныя выпускныя іспыты і ЦТ. Цэнтралізаваны экзамен здавалі ўсе пяцьдзясят тры тысячы выпускнікоў, таму кантроль за дзецьмі мог быць меншы, чым на звычайным ЦТ.

«Калі дзеці выходзілі, першае, што яны пісалі, гэта не тое, што тэсты лёгкія або цяжкія. Некалькі маіх вучаніц літаральна адначасова патэлефанавалі і сказалі, што яны бачылі факты спісвання», – распавядае Ганна Саламонава.

Вучні рэпетытаркі Ганны Саламонавай сапраўды атрымалі сёння пералічаныя балы. І вось яны ўжо былі правільныя:

«Плюс 10, плюс 13, плюс 15 балаў. Было 60 – стала 72, было 72 – стала 90. Стобальнікі засталіся цэлыя і здаровыя».

Яшчэ ў панядзелак міністр адукацыі адмаўляў усе памылкі і, нягледзячы на абурэнні бацькоў, нічога пералічваць не збіраўся. Але…

«Трэба рабіць звычайную зразумелую сістэму і на наступным тыдні ізноў трэба да гэтага вярнуцца», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Запрацавала міжведамасная камісія, вынікі ўсё ж пачалі пераправяраць. Міністэрства ўсё адно сцвярджае, што памылак не знайшлі, але ў сувязі з колькасцю зваротаў грамадзянаў Лукашэнка даручыў спрасціць методыку падліку.

«На гэтым фоне становіцца зразумела, што так ці інакш дзейная ўлада гатовая ісці на пэўныя саступкі пад ціскам грамадскасці. Чыноўнікі пайшлі на саступкі, але яны пайшлі на іх пад ціскам не толькі грамадства, а ў першую чаргу падпарадкаваліся ўказанням зверху», – каментуе Святлана Мацкевіч.

На падставе новай методыкі, пра якую пакуль няма падрабязнасцяў, сёлета будуць вылічваць і ЦТ, і другое ЦЭ па матэматыцы. Яго вынікі абяцаюць у панядзелак. Міністэрства працягне прыём грамадзянаў на выпадак новых пытанняў.

Яна Шэк, «Белсат»