Беларускія студэнты будуць працаваць на расейскіх будоўлях


Беларускія студэнцкія атрады возьмуць удзел у будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі ў Расеі. Прапагандысты адзначаюць, што ўсе выбраныя для гэтай місіі маладыя людзі прайшлі сур’ёзны конкурс. За цяжкую працу абяцаюць неблагую аплату, бясплатнае харчаванне і рамантычныя ўспаміны. Што не так з гэтай прапановай і якія альтэрнатыўныя магчымасці адукацыі і працы ёсць у беларускіх студэнтаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На дзяржаўным тэлебачанні пачалі агітацыю студатрадаў. Беларускіх маладзёнаў за, як яе называюць у сюжэце, «годную плату» заахвочваюць саджаць бульбу, праполваць палі і збіраць камяні. За месяц працы студэнтам абяцаюць ад чатырохсот рублёў.

«Такая танная праца – заўсёды для любых працадаўцаў, прадпрыемстваў такая дапамога. Яны, канечне, вельмі радыя, што прывязуць ім студэнтаў, пажадана не алкаголікаў, якія могуць працаваць з жаданнем зарабіць нейкія грошы за лета», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Што праўда, працу студэнтам прапаноўваюць не толькі ў калгасе. Сярод магчымых профіляў – экалагічны, педагагічны, сэрвісны ды будаўнічы. Апошні нібыта гарантуе і добры заробак. Гэтак, да тысячы рублёў у месяц плацілі маладзёнам, якія працавалі на будоўлях атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Тых жа, хто асабліва адзначыўся, нават накіравалі ў «замежныя працоўныя выправы» – на абʼекты ў Расею.

Адным з такіх праектаў у Расеі, у якім сёлета прымуць удзел пяцьдзясят беларускіх студэнтаў, стане будоўля на Байкала-Амурскай магістралі. У савецкія часы чыгунку працягласцю больш як чатыры тысячы кіламетраў будавалі зняволеныя Гулагу. Прычым у 2021 годзе расейскія ўлады пастанавілі вярнуцца да гістарычнага мінулага – на БАМ скіравалі не менш як шэсцьсот вязняў. У прыватнасці, ім прапанавалі працаваць рознарабочымі, бетоншчыкамі і арматуршчыкамі. Гэтыя ж пасады, што не патрабуюць высокай кваліфікацыі, звычайна займаюць і студэнты з будатрадаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія студэнты.
Фота: Звязда

«Калі можна паехаць у Расею ў нейкі там студатрад – гэта нецікава. А вось БАМ – гэта нешта, на чым можна зрабіць нейкія ідэалагічныя згадкі. Лішні раз які-небудзь Азаронак што-небудзь скажа пра рамантыку. Хаця, безумоўна, рамантыкі тут мала», – кажа аглядальнік.

У сваю чаргу, у чэрвені ў Беларусь прыедуць удзельнікі расейскіх студатрадаў. Яны прымуць удзел у будаванні патрыятычнага цэнтру ў Берасці. Менавіта гэтую магчымасць – працу ў замежжы – праўладныя актывісты прадаюць найбольш актыўна. У той жа час моладзевы актывіст Яўген Караулаў адзначае, што беларускім студэнтам варта глядзець у бок еўрапейскіх праграмаў – менавіта яны, зазначае ён, даюць найбольш магчымасцяў.

«Там бываюць розныя праграмы – дзесьці працаваць у дамах пажылых людзей, працаваць у школах…Праграма дазволіла мне пазнаёміцца з Еўразвязам, з Румыніяй, завесці новыя знаёмствы. Павысіла мой узровень англійскай, я шмат падарожнічаў», – распавядае пра свой досвед актывіст «Моладзевага наступу» Яўген Караулаў.

Над тым, каб міжнародныя абмены і стажаванні былі больш даступныя для беларускіх студэнтаў, цяпер працуюць і дэмакратычныя сілы.

«Еўрапейская супольнасць менавіта цяпер шукае беларусаў, запрашае іх на івэнты, канферэнцыі, валанцёрскія магчымасці… Заўсёды можна напісаць нам на закрытыя скрыні, на мэйл, у Інстаграм, Тэлеграм. Я буду адкрытая да таго, каб дапамагчы з пошукам гэтых магчымасцяў», – заявіла дарадца Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава.

Днямі Офіс Святланы Ціханоўскай абвясціў пошук кандыдатаў на стыпендыю ва Універсітэце менеджменту ў Інсбруку. Праект пакрывае адзінаццаць тысяч еўраў на праграмах бакалаўрыяту і магістратуры. Заяўкі прымаюцца да трыццаць першага траўня.

Наста Печанькова, «Белсат»