Зноў пра партызан: на Беларусьфільме рыхтуюць новую карціну


Сёлета ў снежні беларуская кінастудыя «Беларусьфільм» адзначыць сваёй 100-ддзе. Да юбілею рыхтуюцца ўжо цяпер – арганізоўваюць кінафестывалі савецкага кіно ды выпускаюць новыя прапагандысцкія стужкі. Сярод іх – фільм пра партызанскі рух «Час вярнуцца». Пра кінанавінку распавядзе Наста Печанькова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чарговы шэдэўр ад «Беларусьфільму». Кінастудыя апублікавала трэйлер новай карціны «Час вярнуцца» – пра дзейнасць беларускіх партызанаў падчас аперацыі «Баграціён». Паводле Міністэрства культуры, агульнанацыянальная прэм’ера стужкі адбудзецца сёлета 13-га чэрвеня – сеансы правядуць па ўсёй краіне.

«Тэлевізійнае, ідэалагічнае, пафаснае, што можа быць падтрыманае больш сталым гледачом, які сядзіць на іголцы тэлепрапаганды… Свет далёка рушыў наперад і з тэмамі, і з сюжэтамі. А ў нас яшчэ наратывы, якія больш блізкія да 1940–50-х гадоў», – мяркуе кінакрытык Тарас Тарналіцкі.

«Час вярнуцца» – вынік супольнай працы беларускай і узбекскай кінастудыяў. Спачатку карціна мела працоўную назву «Казбек» – у гонар аднаго з партызанаў узбекскага паходжання Мамадалі Тапівалдыева. З часам змянілася ня толькі назва, але і абяцаны інтэрнацыянальны склад здымачнай групы: галоўныя ролі сыгралі расейскія і беларускія акторы.

Акрамя супрацы з Узбекістанам, сёлета плануюць зняць яшчэ дзве стужкі ў калабарацыі з іншымі краінамі. Гэтак, у чэрвені «Беларусьфільм» запланаваў старт здымак пакуль безыменнай беларуска-кітайскай карціны, а ўжо ўвесну пачнуць працу над расейска-беларускім фільмам пра Бацьку Міная. Рэжысёрам выступіць расейскі комік Ігар Угольнікаў.

«У выніку капрадукцыі з Расеяй можна з найбольшаю верагоднасцю казаць, што найбольшы творчы ўнёсак будзе рабіцца расейскім бокам. Пакуль капрадукцыя дазваляе «Беларусьфільму» адзначацца ў цітрах, дае прычыну для заметак на БелТА, але не прасоўваць сваёй культуры і сваіх сэнсаў», – кажа кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Агулам жа беларусаў сёлета будзе чакаць шмат савецкага кіно. З 28-га лютага і ажно да 11-га снежня ў кінатэатрах пройдуць паказы старых дыгіталізаваных стужак «Беларусьфільму». Акрамя карцінаў пра Вялікую Айчынную вайну, пабавіць гледачоў абяцаюць савецкімі мультфільмамі пра Чырвоны Каптурок і Бураціна, а таксама, цытата, беларускім аналагам «Слова пацана» – крымінальнаю драмаю «Мяне завуць Арлекіна». Акцыя прымеркаваная да стагоддзя кінастудыі.

«Рэстаўраваць, аднаўляць і паказваць такое кіно дакладна варта. Цяпер гэтым архівам і магчымасцямі, на жаль, валодаюць прадзяржаўныя, а не нашыя дэмакратычныя сілы. Для іх гэта вялікі прывілей і шчасце. Тым больш, калі мы кажам у гэтым выпадку ў большасці пра савецкае кіно, тут «Беларусьфільму» нічога не замінае яго прасоўваць. Бо сённяшняя дзяржава і прадзяржаўныя структуры, як «Беларусьфільм», наўпрост наследуюць гэтаму перыяду», – мяркуе Ірэна Кацяловіч.

Першы паказ у межах акцыі прайшоў у сталічным кінатэатры «Піянер». На здымках, апублікаваных «Беларусьфільмам», можна пабачыць поўную залу. Сярод гледачоў – адны студэнты і школьнікі.

«Мы нясём нашую культуру, каб моладзь бачыла, як мы жылі і развіваліся раней. Сёння мы запрасілі моладзь, каб яны ўбачылі першую карціну, якую выпусціла нашая кінастудыя. «Лясная быль» Юрыя Тарыча – гэта вельмі цікавы і важны фільм», – заявіў дырэктар «Беларусьфільму» Юрый Аляксей.

Паводле Юрыя Аляксея, на кінастудыі штогод рэстаўруюцца 30–40 савецкіх фільмаў. Пазней іх нібыта паспяхова прадаюць у Расею, а таксама манетызуюць на ю-тʼюб. Першы тэзіс пацвярджае і наш эксперт.

«Ёсць такія каналы, як «Звезда», «TV100 русское кино»… Яны такі кантэнт набываюць, яны яго паказваюць – таксама ў ідэалагічных мэтах», – адзначае Тарас Тарналіцкі.

Акрамя савецкіх стужак, да свайго стогадовага юбілею «Беларусьфільм» анансаваў прэмʼеры гістарычнага блокбастару «Чорны замак» паводле раману Уладзіміра Караткевіча, а таксама анімацыйнай карціны для самых маленькіх гледачоў «Песні Сірын».

Наста Печанькова, «Белсат»