Кастусь Каліноўскі, чалавек, які натхняе. Ворагу Расейскай Імперыі – 185


У савецкія часы пра яго ставілі спектаклі, здымалі фільмы, пісалі раманы. Кастусь Каліноўскі – адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-га года. Тады ва ўзброенае паўстанне перарос польскі і беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, мэтай якога было вызваленне з-пад улады Расеі. Каліноўскі кіраваў паўстаннем на землях Беларусі і Літвы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гісторык Васіль Герасімчык лічыць: «Галоўная яго дзейнасць – гэта разгортванне падпольнага ўрада. Падпольнай арганізацыі па змаганні з ворагам. Варта падкрэсліць вельмі істотнае дасягненне, што палітычныя рашэнні, якія прымаліся падпольным урадам, загучалі па беларуску».

Будучы ваяводскім кіраўніком Гарадзеншчыны, Каліноўскі дапамагаў партызанскім атрадам, забяспечваў іх зброяй, амуніцыяй, ездзіў у раёны разгортвання баявых дзеянняў, далучаў да шэрагу паўстанцаў больш шырокія колы грамадства, натхняў паўстанцаў. Галоўнымі ўдзельнікамі паўстання, паводле Каліноўскага, павінныя былі стаць сяляне.

«Менавіта Канстанцін Каліноўскі сказаў, што праўда ў тым, каб зрабіць стаўку на сялянаў-беларусаў, што змагацца мы павінны за іх правы. Праз гэта будзе справядлівасць і радасць для ўсіх людзей на зямлі. У гэтым сэнс: ён быў пачынальнікам беларускага палітычнага руху, хаця сам не вельмі часта карыстаўся словам “Беларусь”»,– лічыць гісторык Цімох Акудовіч.

Дзеля прыцягнення сялянства на свой бок Кастусь Каліноўскі стварыў першую беларускую газету на роднай мове «Мужыцкая праўда», ягоныя тэксты маюць не толькі палітычнае значэнне, адзначаюць адмыслоўцы.

Паводле меркавання гісторыка Аляксандра Пашкевіча:

«Ён стаў адным з першапачынальнікаў беларускай літаратуры. Гэтыя ягоныя і “Мужыцкая праўда” і “Лісты з-пад шыбеніцы”. Гэта, скажам, такія не толькі палітычнага плану творы, але яны вывучаюцца як літаратурныя помнікі».

Калі расейскія ўлады паўстанне здушылі, Каліноўскага і паплечнікаў пакаралі. У сакавіку 1864-га года іх павесілі на Лукішскім пляцы ў Вільні па загадзе расейскай акупацыйнай улады. Целы таемна пахавалі. Магілы зраўнялі з зямлёю.

На іронію лёсу першы спектакль пра Кастуся Каліноўскага, чалавека, які змагаўся супраць Расейскай імперыі, паставіў роўна сто гадоў таму на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатру пецярбургскі рэжысёр Еўсцігней Міровіч. А першы фільм зняў у 1927-ым гэтаксама расейскі рэжысёр Уладзімір Гардзін. Гэтыя творы паднялі на Беларусі новую хвалю папулярнасці Кастуся Каліноўскага.

У 2017-ым годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні археолагі знайшлі парэшткі, пасля вывучэння якіх даследчыкі сцвердзілі: яны належаць Кастусю Каліноўскаму і 19-ці іншым удзельнікам паўстання 1863-64-га гадоў. Адкрыццё новага гістарычнага факту звярнула больш увагі да постаці Каліноўскага, якая цяпер набывае ўсё большую значнасць.

«Гэта вобраз, які натхняў, натхняе і будзе натхняць. Гэта яго галоўная місія. Можа, ён і не так шмат пакінуў. Але гэта стаў той вобраз, на якім выхаваліся барацьбіты, змагары за Беларусь», – лічыць гісторык Васіль Герасімчык.

Каліноўскі з ягонаю барацьбою супраць прыгнёту сялянаў быў адзіным дазволеным беларускім дарэвалюцыйным героем у савецкія часы. Чаму ж цяпер афіцыйныя ўлады не надаюць ягонай асобе належанай увагі? Паводле гісторыка Цімоха Акудовіча:

«Я думаю, гэта дзесьці звязана з тым, што ў Расеі зараз ідзе рэваншызм не прасавецкі, а прарасейскі імперскі, і Расея аднаўляе сябе як імперыю. І ў гэтым сэнсе ўладам Беларусі не вельмі зручна карыстацца вось гэтым савецкім вобразам Каліноўскага, бо ён быў антыімперскі, як не круці».

Змагаючыся за вызваленне ад царскага рэжыму, Кастусь Каліноўскі загінуў у 26 гадоў. Урачыстае перапахаванне яго ды іншых удзельнікаў паўстання адбылося ў лістападзе 2019-га ў Вільні.

Васіль Дранько-Майсюк, «Белсат»