Развітанне з Папам-эмэрытам Бэнэдыктам XVI


У Ватыкане распачалося трохдзённае развітанне з ганаровым Папам Рымскім Бэнэдыктам XVI. Ён пакінуў гэты свет 31 снежня на 96-м годзе жыцця. У гэтыя дні яго ўспамінаюць па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, у гісторыі якой пантыфік пакінуў свой след.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Ватыкане – жалоба. Свет развітваецца з Бэнэдыктам XVI.

«У мяне выдатныя ўспаміны як пра Папу Рымскага і як пра тэолага. Я прачытаў некалькі ягоных кніг, і ён зрабіў на мяне моцнае ўражанне», – распавёў жыхар Рыму Рабэрта Россі.

«Гэта была падзея, якая сабрала так шмат людзей разам. Мы былі там, каб засведчыць рэлігійнасць і веру, якія аб’ядналі ўсіх нас. Я ніколі раней не бачыла Папу так блізка. Мы ўсе былі там дзеля гэтага, сапраўды моцныя эмоцыі», – падзялілася жыхарка Рыму Стэфанія Тэраццына.

Кардынал Ёзэф Рацынгер узышоў на святы пасад у 2005 годзе, узяўшы імя Бэнэдыкт XVI. Новага Папу ў той дзень з радасцю вітаў стотысячны натоўп на плошчы Святога Пятра. А ў каталікоў Нямеччыны абранне папы-баварца спарадзіла гонар і захапленне.

Але Бэнэдыкт XVI выклікаў і супрацьлеглую рэакцыю. Гучалі асцярогі наконт ягонага ўзросту, маўляў, у 78 гадоў чалавек занадта стары для пасаду. Ёзэф Рацынгер не хацеў рабіцца пантыфікам, за што многія называлі яго «Папам мімаволі». Нягледзячы на шэраг скандалаў вакол Ватыкану і Касцёлу, амаль 8 гадоў Бэнэдыкт XVI займаў святы пасад і адрокся ад яго ў 2013 годзе. Першы амаль за 600 гадоў. Да апошніх дзён Папа-эмэрыт жыў у сваёй рэзідэнцыі – у былым жаночым манастыры «Матэр Эклесье» на тэрыторыі Ватыкану.

«Мы з хваляваннем згадваем гэтую асобу, такую высакародную, такую добрую. І мы адчуваем у сваім сэрцы падзяку Богу за тое, што ён падарыў яго Касцёлу і свету. Удзячныя яму за ўсё добрае, што ён зрабіў, і асабліва за сведчанне веры і малітвы ў апошнія гады ягонага адасобленай жыцця. Толькі Бог ведае каштоўнасць і сілу ягонага заступніцтва, ягоных ахвяр, прынесеных на карысць Касцёлу», – адзначыў Папа Францішак

Постаць Папы Бэнэдыкта XVI мела вялікае значэнне для Беларусі, лічыць журналіст Зміцер Лупач.

«Асаблівая яго заслуга ў тым, што пры ім апостальскім нунцыем у Беларусі быў прызначаны арцыбіскуп Гуджэроцці, які вельмі шмат зрабіў для адраджэння беларускай культуры. Таксама Папа Бэнэдыкт паспрыяў абнаўленню склада беларускіх біскупаў – яны сталі больш маладымі», – дадаў Зміцер Лупач.

У 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Бэнэдыктам XVI у Ватыкане. Той візіт, на думку Змітра Лупача, спрыяў пацяпленню адносінаў рэжыму з Захадам.

«Арцыбіскуп Гуджэроцці сустракаўся з палітвязнямі. Пасля ён распавёў пра гэта Папу і той быў вельмі ўражаны. Гэта паспрыяла таму, што многіх палітвязняў або вызвалілі ў хуткім часе, або палепшылі ўмовы ўтрымання», – распавёў журналіст.

Пахаваюць Бэнэдыкта XVI 5 студзеня ў гроце пад саборам як кіраўніка дзяржавы, якім фармальна ён і быў. У найноўшай гісторыі Касцёлу, адзначыў Зміцер Лупач, гэта ўнікальны выпадак, калі пры дзейным Папу хаваюць іншага пантыфіка.

Ірына Юрʼева, «Белсат»