Юрый Амбразевіч: Ніводнага прозвішча нам ніхто не назваў


Апраўданні рэжыму за незаконны вываз украінскіх дзяцей працягваюцца. Гэтым разам – наступам, падчас саміту міністраў замежных справаў АБСЕ ў сталіцы Паўночнай Македоніі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рэжым Лукашэнкі рэпрэзентаваў на саміце намеснік міністра замежных справаў Юрый Амбразевіч:

«У дачыненні абвінавачванняў ці меркаванняў што тут прагучалі пра гвалтоўнае перамяшчэнне дзяцей Украіны. Тут адказ вельмі кароткі. Ніводнага прозвішча нам ніхто не назваў. Мы чакаем».

Пра сістэматычны вываз украінскіх дзяцей неаднаразова заяўляла каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Два тыдні таму гэтыя злачынствы задакументавала і Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ейлаўскай школы аховы здароўя. Не адмаўляюць сваёй ролі і рэжымы – Беларусі і Расеі.

«Больш за тысячу дзяцей з Данбасу прыедуць на рэабілітацыю ў санаторыі Беларусі. 350 ужо прайшлі санаторныя працэдуры і вярнуліся дадому», – гучыць на дзяржаўным тэлеканале «Россия 1».

Ці ўсіх дзяцей вяртаюць з Беларусі, пры гэтым не паведамляецца. Найбольш неабароненая катэгорыя – сіроты. Да прыкладу, гэтак згадваюць вываз дзеці, прымусова дэпартаваныя ў акупаваны Расеяй Данецк:

«Там даведаліся, што мы дзеці-сіроты, і больніца паведаміла ў Данецк, што ёсць дзеці-сіроты, можна іх забраць. Атрымліваецца, у нас нават не запыталіся».

«Мы не хацелі туды ехаць, у нас не было выбару».

Патрабаванне ж Амбразевіча апублікаваць імёны выкрадзеных дзяцей невыканальнае, кажа намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка, бо дзеці – асабліва неабароненая катэгорыя.

«Калі мы пачыналі гэта расследаванне рэжым вельмі публічна бессаромна публікаваў інфармацыю пра дзяцей якіх вывозілі з акупаваных тэрыторыяў Украіны на тэрыторыю Беларусі. Зараз яны спынілі гэта разумеючы што наступае за гэта адпаведная адказнасць», – кажа Павел Латушка.

Юрый Амбразевіч на саміце АБСЕ ў Паўночнай Македоніі.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Выкрадзеных Расеяй і Беларуссю ўкраінскіх дзяцей згадвалі падчас саміту АБСЕ прадстаўнікі Харватыі і Нідэрландаў.

«Нідэрланды рашуча асуджаюць палітыку Расеі, якая нелегальна дэпартуе ўкраінскіх дзяцей. Тое ж датычыць і Беларусі, якая суўдзельнічае ў гэтым. Гэтая палітыка скіраваная на знішчэнне самабытнасці і культуры Украіны», – заявіла міністр замежных справаў Нідэрландаў Ганке Брэйнс Слёт.

Увогуле ж рэжым Лукашэнкі закранулі ў сваіх прамовах прадстаўнікі прынамсі каля дзясятка краінаў-удзельніц саміту. Гучалі абвінавачванні ва ўтрыманні ў жорсткіх умовах палітвязняў, патрабаванні іх вызваліць і рэабілітаваць, закраналі пытанні свабоды слова ў Беларусі, не забыліся пра падтрыманне рэжымам вайны, што вядзе Расея ва Украіне.

«Падчас гэтага саміту ішла і мова пра стварэнне спецыяльнага трыбуналу за ваенныя злачынствы і гэта яшчэ раз прыводзіць нас да высновы што Лукашэнка тым ці іншым чынам будзе сядзець на лаве падсудных за тыя злачынствы якія ён здзяйсняе як супраць Беларусі так і Украіны і ўкраінскага народу», – лічыць Павел Латушка.

Міністры шэрагу краінаў увогуле байкатавалі ўдзел у саміце праз тое, што на яго запрасілі Расею. Іншыя пакінулі залу падчас выступу Лаўрова.

Расея і Беларусь працягваюць ігнараваць свае абавязкі ў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе, між іншага блакуюць важныя рашэнні, гэтую тэму таксама закраналі ўдзельнікі саміту. Але рычагоў уздзеяння на недэмакратычныя рэжымы АБСЕ не мае.

«Там збіраюцца прадстаўнікі розных краінаў з рознымі поглядамі, яны выказваюцца, яны крытыкуюць адзін другога, жорстка крытыкуюць а нейкага механізму каб знайсці паразуменне і якіх-небудзь механізмаў для рэалізацыі фактычна няма», – тлумачыць палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.

Таму выкарыстоўваецца сёння АБСЕ пераважна як платформа для агучвання сваіх ідэяў і пазіцыяў, падкрэслівае эксперт, а не як пляцоўка для дыялогу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»