Новае генеральнае консульства Беларусі адкрываецца ў Растове-на-Доне


Новае генеральнае консульства Беларусі ў Расеі будзе працаваць для самаабвешчаных ДНР і ЛНР ды Крыму. Адкрыццё пляцоўкі ў Растове-на-Доне ўжо ўзгаднілі з адпаведнымі органамі ўсходняй суседкі, але дата пачатку працы пакуль невядомая. Гэта робяць для спрашчэння жыцця беларусам ці рэжым Лукашэнкі здаўся пад націскам і прызнае афіцыйна расейскімі акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Атрымаць візу і дакументы, зарэгістраваць шлюб. Між іншага гэтыя задачы развязваюць консульствы для грамадзянаў, якія жывуць у іншай краіне. Мы пацікавіліся ў беларускім МЗС, ці можна будзе ў генеральным консульстве ў Растове-на-Доне памяняць пашпарт. Аказалася, што не, але ў консульстве выдадуць пасведчанне на вяртанне ў Беларусь. А пакуль у Растове-на-Доне яно не адкрыта, па такія паслугі можна звяртацца ў адпаведныя ўстановы ў Маскве ці Смаленску.

Пра тое, што ў Растове-на-Доне адкрыецца новае генеральнае консульства Беларусі, сведчыць афіцыйна апублікаванае распараджэнне прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна. Консульская акруга пры гэтым будзе залучаць не толькі Растоўскую, але таксама Валгаградскую, акупаваныя Расеяй Запарожскую і Херсонскую вобласці Украіны, Крым, Севастопаль, гэтак званыя ДНР і ЛНР. Да гэтых тэрыторыяў Растоў-на-Доне бліжэйшы за Маскву альбо Смаленск.

Але паводле палітолага Анатоля Котава, генеральныя консульствы рэжым Лукашэнкі адкрывае перад усім не для таго, каб яны спрыялі нейкім паслугам для грамадзян, чым звычайна займаюцца консульствы. Рэжым разглядае іх як пэўныя кропкі, якія дапамагаюць прасоўваць знешні гандаль Беларусі ў пэўныя рэгіёны.

Государственный флаг Беларуси, красно-зеленый флаг
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі дзяржаўны сцяг. Менск, Беларусь. 20 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле Анатоля Котава, распараджэнне ўраду Расеі адкрыць генеральнае консульства Беларусі ў Растове-на-Доне – гэта адказ менавіта на канкрэтны запыт беларускага боку наконт пункту адкрыцця і тых тэрыторыяў, на якія будзе распаўсюджвацца дзеянне ўстановы.

«То бок у сваёй ноце дыпламатычнай, дыпламатычнай перапісцы фактычна беларускі рэжым прызнаў гэтыя акупаваныя тэрыторыі тэрыторыямі Расейскай Федэрацыі».

Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка не здзіўлены такім крокам лукашэнкаўскага рэжыму.

«Відавочна, што гэта пэўны чарговы такі крок па набліжэнні прысутнасці афіцыйнай Беларусі на акупаваных расейскіх тэрыторыях, а таксама не толькі акупаваных украінскіх, але і грузінскіх. І гэта, безумоўна, тое, чаго хоча Расея: крок за крокам ідзе гібрыднае паглынанне Беларусі Расейскай Федэрацыяй».

«Белсат» скіраваў афіцыйны запыт у Міністэрства замежных справаў Украіны. Мы папрасілі пракаментаваць планаванае адкрыццё генеральнага консульства Беларусі ў Растове-на-Доне. Паведамім вам, нашым гледачам, калі атрымаем адказ.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»