Лукашэнка прызнаў Крым расейскім


«Крым – дэ-факта, я тады яшчэ сказаў, гэта расейскі Крым. Пасля рэферэндуму ён і дэ-юрэ стаў расейскім». Заява Лукашэнкі пра прызнанне Крыму расейскай тэрыторыяй прагучала ў інтэрв’ю прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву напярэдадні – і не магла застацца без увагі кіраўніцтва Украіны.

Дмытро Кулэба, міністр замежных справаў Украіны:

«На вялікі жаль, мы ўжо ўспрымаем Беларусь як патэнцыйную крыніцу пагрозы для Украіны. Мы ўжо перамясцілі сурʼёзныя сілы на нашую паўночную мяжу з Беларуссю. Так што цяпер мы маем паўночны фланг для абароны нашае краіны. Але, вядома, патэнцыйнае прызнанне Беларуссю акупаванага Крыму будзе пунктам невяртання ў нашых двухбаковых адносінах. І мы будзем дзейнічаць адпаведна, бо для нас Крым – гэта не поле для кампрамісаў».

Публічна не прызнаваць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі заклікаў Кіеў былы дыпламат, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Сярод іншых ягоных прапановаў:

«Абʼявіць персонай нон-грата пасла Лукашэнкі, былога прэзідэнта, ва Украіне – і выслаць яго з Украіны на радзіму ў Беларусь. Па-трэцяе, увесці жорсткія, прынцыповыя эканамічныя санкцыі ўкраінскім урадам у адносінах да беларускага рэжыму».

Што ж да апошняга, то Кіеў наўрад ці наважыцца разрываць эканамічныя стасункі з Менскам – прынамсі, да моманту канкрэтных дзеянняў з боку Лукашэнкі, падкрэслівае Валеры Карбалевіч. Дый сам Лукашэнка, для якога галоўная мэта – утрыманне ўлады, думае пра эканамічныя наступствы ў апошнюю чаргу, кажа палітолаг:

«Лукашэнка хацеў бы, каб Масква падтрымала ягоны варыянт транзіту ўлады, і за гэта трэба плаціць вельмі дорага. Таму што прызнанне Крыму – гэта такая вельмі дарагая плата».

А таму прызнанне Крыму расейскім нават у вачах лідараў постсавецкіх краінаў – вельмі моцная страта рэпутацыі для Лукашэнкі, лічыць палітолаг. Што ж да супольнага з прэзідэнтам Расеі візіту ў Крым, для гэтага варта дачакацца, як кажа прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, «неабходнага моманту».

Андрэй Суздальцаў, палітолаг:

«Ён можа паехаць толькі пры адной умове – грошы. Нагадаю, што не першы раз ён заяўляе, што «дэ-факта» і «дэ-юрэ» – пастаянна блытае гэтыя паняцці, хаця яны цалкам празрыстыя».

Цягам усіх сямі гадоў з моманту акупацыі Крыму Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што паўвыспа дэ-факта застаецца расейскай тэрыторыяй. У 2019 годзе падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі ён заклікаў Кіеў і Маскву дамаўляцца ў гэтым пытанні ды заявіў, што ўкраінцы самыя вінаватыя ў тым, што аддалі сваю тэрыторыю:

«Чаму вы не ваявалі за сваю зямлю? Чаму не баранілі? У вас жа там ніводзін ваш генерал не загінуў. Дык чый тады Крым?»

У жніўні 2021 года, праз год пасля гэтак званых прэзідэнцкіх выбараў, Лукашэнка намякнуў, што нават у самой Расеі статус акупаванай паўвыспы ясны далёка не для ўсіх. А ўжо ў лістападзе выказаў шкадаванне, што Уладзімір Пуцін не запрасіў яго ў Крым.

Віталь Бабін, «Белсат»