Якія змены чакаць з першага ліпеня


Пачатак месяца часцяком звязаны са зменамі тарыфаў і коштаў на асобныя віды тавараў і паслуг. У Беларусі з першага ліпеня змяніліся тарыфы на званкі і не толькі – для абанентаў мабільнай сувязі А1. Істотна падаражэлі цыгарэты і, магчыма, папаўзуць уверх цэны на тавары ў замежных інтэрнэт-крамах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Параўнаў цэны і мадэлі, выбраў, заплаціў – і чакай дастаўкі. Акрамя айчынных інтэрнэт-крамаў, беларусы замаўляюць у прысутных на рынку замежных, як «Аліэкспрэс» або «Азон».

З сёння тавары на гэтых пляцоўках могуць істотна падаражэць, бо з замежных кампаніяў рэжым хоча спаганяць 20 % ПДВ.

«Гэта дадатковыя выдаткі. Больш за тое, такія кампаніі павінны будуць зарэгістравацца ў якасці падаткаплацельшчыка ў Беларусі, ну і адпаведна плаціць у Беларусі падаткі. Праблема складаецца ў тым, што пакуль (наколькі я ведаю) няма механізму пазбягання падвойнага падаткаабкладання ПДВ, і расейскія пляцоўкі скардзіліся, што яны будуць плаціць у гэтым выпадку і ў Расеі», – кажа старэйшая навуковая працаўніца BEROC Анастасія Лузгіна.

У той жа час Савет Міністраў Беларусі адмяніў ліміт 22 еўры на бязмытныя пасылкі з замежных інтэрнэт-крамаў. Мытам для фізічных асобаў будзе абкладацца пасылка коштам вышэй за 1000 еўраў. Вага бязмытнай – да 31 кілаграма.

Сярод пазітыўных зменаў для іпэшнікаў і юрыдычных асобаў – часовае права не ўлічваць амартызацыі ў выдатках: з першага 1-га ліпеня да канца наступнага года. Гэта павінна знізіць сабекошт вырабленай прадукцыі.

Калі казаць пра грошы, то новая 100-рублёвая купюра ўвойдзе сёння ў абарачэнне.

«Наяўныя грошы абнаўляюцца, змяняецца іх выгляд, паляпшаецца ступень іхнай абароны. Гэта тэхнічная захада. Яна не звязаная з эмісіяй у тым разуменні, якое вядзе да інфляцыі», – патлумачыла Анастасія Лузгіна.

Што датычыць інфляцыі, то ў мінулым месяцы яна засталася на ўзроўні 17-ці адсоткаў, як травеньская – лічаць аналітыкі Еўразійскага банку развіцця.

Растуць цэны на тавары. І на паслугі. У чэрвені – «Лайф», а цяпер – кампанія «А1» павышае тарыфы. Падаражэюць між іншага званкі, паслугі тэлебачання, абаненцкая плата.

Заробкі вырастуць у ліпені ў медыкаў, што анансавалася напярэдадні. Ковідныя надбаўкі адменяць. Затое ўсім дактарам і сярэднім медычным работнікам будуць плаціць надбаўку «за працу ў галіне аховы здароўя». Мінімальная надбаўка лекарам складзе 85 % акладу, сярэднім медработнікам – 35 %, дактарам рэанімацыі – 200 %.

«Давайце для пачатку, хай хтосьці атрымае гэтую надбаўку, таму што гэта як у рэкламе – «да 200%»… 2 % – таксама да 200», – заўважыў лекар Станіслаў Салавей.

Аклад – гэта нязменная частка заробку, без прэміяльных, аплаты за катэгорыю, форму і стаж. Да канца чэрвеня голы аклад медыка складаў 353 рублі. З 1-га ліпеня дактарам паліклінік павінныя будуць плаціць дадаткова 135 % акладу, гэта значыць плюс 476 рублёў.

«Я не веру ў тое што гэтая надбаўка выраўнуе заробкі ўсіх медыкаў пад тыя заробкі, якія медыкі атрымлівалі, працуючы з Ковід», – рэзюмаваў Станіслаў Салавей.

Істотна даражэе сёння шкодная звычка курыць. Некаторыя маркі цыгарэтаў дададуць да цаны адразу 45 капеек.

Юлія Цяльпук, «Белсат»