20 гадоў мінула пасля пашырэння Еўразвязу


1 траўня 2004 года. Да Еўразвязу далучаюцца адначасова дзесяць краінаў: Польшча, Кіпр, Чэхія, Эстонія, Літва, Латвія, Мальта, Славаччына, Славенія і Вугоршчына. З тых часоў эксперты канстатуюць у іх паляпшэнне ўзроўню жыцця. У тым ліку – праз шчодрую фінансавую дапамогу ад Еўразвязу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Польшча атрымала ад ЕЗ з 2004 па мінулы год больш за 160 мільярдаў еўраў. І гэта толькі па адной самай буйной праграме», – нагадаў журналіст радыё «Свабода» Дзмітрый Гурневіч.

Але карысць – не толькі ў фінансаванні. Для ўваходу ў Еўразвяз кожная краіна мусіць выканаць так званыя капенгагенскія крытэрыі: палітычныя, эканамічныя і юрыдычныя – агульныя для ўсяго аб’яднання.

«Еўразвяз – гэта таксама прававая культура, – канстатаваў Дзмітрый Гурневіч. – Гэта пэўныя стандарты, паводле якіх гэтыя краіны развіваюцца. І, напрыклад, рабіць так, як у Беларусі – калі суды залежаць ад волі адной ці некалькіх асобаў – гэта проста немагчыма».

Вядома ж, пазбегчы праблемаў не атрымліваецца. Еўразвяз апошнім часам перажыў ужо тры моцныя крызісы: эканамічны, міграцыйны, ковідны. Цяпер змагаецца з крызісам ваенным, і прафесарка Інстытуту міжнародных стасункаў Агнешка Легуцка ведае гэткаму дакладную прычыну:

«Расея прыкладае намаганні, каб не толькі разваліўся ЕЗ, але як-кольвек дэзынтэграваўся знутры ў кожнай краіне. Каб была як найбольшая палярызацыя ў грамадстве, каб не мелі такога адзінства, як украінцы маюць супраць агрэсіі».

Украіна, дарэчы, мае статус кандыдата ў сябры Еўразвязу.

Што ж да Беларусі, то за інтэграцыю з ім выказваюцца толькі 16 % беларускай моладзі – паводле брытанскага аналітычнага цэнтру Chatham House. Але гісторык Яўген Красулін прыгадвае лічбы апытанняў дзесяці-пятнаццацігадовай даўніны.

«За еўрапейскі выбар Беларусі – 70 % сярод моладзі. І цяпер вось нам спрабуюць данесці, што ў беларусаў рэзка змяніліся настроі. Прычым, відавочна, гэтыя настроі змяніліся за апошнія 2 гады, атрымліваецца».

«Беларускае грамадства яшчэ ў дваццатым годзе вельмі выразна паказала, што яно падзяляе еўрапейскія каштоўнасці. Ідзецца пра правы чалавека, пра павагу да чалавечай годнасці, пра вяршэнства права, пра незалежную судовую сістэму, пра інстытуты дэмакратыі. Гэта тое, за чым людзі прыходзілі на выбары», – дадаў намеснік кіраўніцы АПК, прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі.

Амаль год таму беларускія дэмакратычныя сілы агучылі стратэгічную мэту: Беларусь мусіць увайсці ў склад Еўразвязу. Валер Кавалеўскі перакананы, што мэта – цалкам дасягальная.

Беларусь як патэнцыйны чалец Еўразвязу
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўразвяз (сінім) і патэнцыйныя чальцы або кандыдаты на далучэнне да Еўразвязу (блакітным), у ліку якіх можа быць Беларусь.
Выява: Roke / Wikimedia, CC BY-SA 3.0 / Белсат

«Беларусы – гэта вельмі таленавіты народ. Людзі, якія маюць добрыя здольнасці, вельмі хутка адаптуюцца да самых розных умоваў. Шмат кірункаў, у якіх мы можам станавіцца часткаю еўрапейскае прасторы: і энергетычнай, і эканамічных, і сацыяльнай, і ў пытаннях адукацыі».

Варта ўжо цяпер рыхтаваць для Беларусі адмыслоўцаў еўрапейскага ўзроўню, мяркуе эксперт. А таксама неабходна тлумачыць грамадзянам выгоды еўраінтэграцыі і цяжкасці на шляху да яе. Але ці гатовае беларускае грамадства да хуткай змены вектару з расейскага на еўрапейскі пасля перамогі дэмакратыі? Яўген Красулін лічыць, што не.

«Я рэзка супраць таго, каб вось цяпер імгненна праводзіць падобныя рэферэндумы. Бо людзі яшчэ не падрыхтаваныя да таго, каб зрабіць сумленны, асэнсаваны выбар. Калі ім даць такую магчымасць – тады выбар будзе відавочны».

Тры мільярды еўраў – такі пакет эканамічнай дапамогі вылучыў раней Еўразвяз для будучай дэмакратычнай Беларусі.

Кантактная група Рады Еўропы ў справе нашай краіны дзейнічае з лістапада 2022 года.

А еўрапейскія суседзі не раз выказвалі гатовасць падтрымаць беларусаў на шляху еўраінтэграцыі.

Марына Яновіч, «Белсат»