У Беларусі афіцыйна адзначаюць 1 траўня


Уручэнне граматаў, канцэрты і народныя гулянні – у Беларусі афіцыйна адзначаюць дзяржаўнае Свята працы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Але лічбы, якія падае да свята Белстат, зусім не святочныя. Сёння ў Беларусі – 4,176 млн працаўнікоў. Тры гады таму гэты лік складаў 4,338 млн. То бок толькі паводле афіцыйных звестак з 20-га года колькасць працоўных у Беларусі зменшылася на 162 тысячы.

Масавыя звальненні рабочых з прадпрыемстваў пачаліся ў адказ на пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м.

«Выпадкаў рэпрэсіяў вельмі шмат. Выклікаюць да кіраўніцтва “на дыван”, ты прыходзіш і табе кажуць: давай, сыходзь па ўласным жаданні, па пагадненні бакоў», – кажа Аляксей, былы працаўнік «Беларуськалію», сябра страйкаму.

Тыя ж, хто застаецца, працуюць у атмасферы ціску, страху і татальнага кантролю.

«На атэстацыях на працоўныя месцы людзей пытаюць зусім не пра працу: за каго аддаваў свой голас, які колер сцягу для цябе і нешта такога кшталту – такія правакацыйныя пытанні», – кажа прадстаўнік «Рабочага руху» Юрый Рававы.

Гэтаксама немагчыма заняць пасады, калі не пройдзеш адмысловых праверак. А для працягнення кантракту ці захавання заробку людзей змушаюць уступаць у дзяржаўны прафсаюз, які дзеіць у інтарэсах працадаўцаў, а не працаўнікоў.

«У дзяржаўных прафсаюзах кіраўнікі мясцовых суполак – яны ж з’яўляюцца і кіраўнікамі прадпрыемства або намеснікамі кіраўніка. Такім чынам, калі працаўнік звяртаецца ў дзяржаўны прафсаюз, што ягоныя правы парушаныя, напрыклад, кіраўніцтвам прадпрыемства, ён прыходзіць у прафсаюз, а там – тое самае кіраўніцтва», – кажа прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага Дзяніс Садоўскі.

Незалежныя прафсаюзы, якія паўставалі з ініцыятывы працоўнага актыву, дзяржава метадычна зліквідавала. А паўтара дзясятка прафсаюзных лідараў і актывістаў застаюцца за кратамі. Тыя ж, хто змог выехаць з краіны, намагаюцца і цяпер абараняць правы работнікаў прадпрыемстваў. Напрыклад, звярнуцца па кансультацыю можна ў асацыяцыю «Салідарнасць».

«Можна звярнуцца да незалежных прафсаюзаў праз імэйл salidarnast@gmail.com, дзе кваліфікаваныя юрысты, якія маюць вялікі вопыт і веданне заканадаўства, пракансультуюць, безумоўна, бясплатна, і дапамогуць абараніць правы працоўных», – кажа Дзяніс Садоўскі.

Абараняе правы беларускіх працаўнікоў і «Рабочы рух», звязацца з прадстаўнікамі якога можна праз чат-бот у тэлеграм-канале @ruh_jurist_bot.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»