Украінскія вайскоўцы пачалі выкарыстоўваць зброю масавага прыніжэння


І як сёння стала вядома, Украіна выкарыстала супраць расейскіх войскаў зброю масавага ўздзеяння. Зброя нелетальная, але надзвычай эфектыўная.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта праўда! Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў не знайшла ва Украіне прыкметаў распрацоўвання ядравай і біялагічнай зброі. Але ўжо ёсць тысячы неабвержных сведчанняў выкарыстання сакрэтнай зброі масавага ўздзеяння супраць расейскіх вайскоўцаў. Гэтая зброя дзейнічае імгненна і на вялікіх адлегласцях паводле тэхналогіі «PSYOPS» – інфармацыйна-псіхалагічных аперацыяў. Гэта зброя масавага прыніжэння.

Зброю масавага прыніжэння расейскіх акупацыйных войскаў выкарыстоўваюць украінскія вайскоўцы, медыкі, інжынеры, усе цывільныя асобы. Гэта ж украінцы, яны любога ворага высмеюць і высушаць.

Памятаеце расейцаў, якія захапілі Чарнобыльскую АЭС? Яны паднімалі радыеактыўны пыл бранятэхнікай, акопваліся ў Рудым Лесе і ўсё гэта – без сродкаў індывідуальнай абароны.

Цяпер украінцы гоняць іх і смяюцца з іх: можна вывесці расейскіх вайскоўцаў з Чарнобыльскай зоны, але нельга вывесці Чарнобыльскую зону з расейскіх вайскоўцаў.

А хто пусціў гэтых светлячкоў, зялёных чалавечкаў у Чарнобыльскую зону праз тэрыторыю Беларусі насуперак волі беларускага народу?

Аляксандр Лукашэнка, ваенны дыктатар, які канчаткова ператварыўся ў пуцінскага памагатага.

Аддаўшы тэрыторыю Беларусі для расейскіх ракетаў, авіяцыі і наземных сілаў, ды яшчэ і з такімі апраўданнямі ваеннай агрэсіі, Аляксандр Лукашэнка можа забыць ранейшыя сімпатыі ўкраінскага народу. Цяпер з яго здзекуюцца ўсе – і ўкраінцы, і беларусы.

Украінцы ўмеюць ляснуць сатырай і Рамзана Кадырава, лідара Чачэнскай рэспублікі, які спрабуе стварыць сабе і сваім сілавікам імідж непераможных волатаў. Але ваяваць супраць сапраўднай арміі, а не бяззбройных грамадзянаў, кадыраўцам не так весела.

«Некаторыя кажуць, што вельмі шмат нашых байцоў, дон. Афіцыйна заяўляю: у нас ніводнай страты, ніводнай драпіны, дон», – звярнуўся да расейцаў кіраўнік Чачэнскай рэспублікі.

«Дон» – гэта слова-паразіт Рамзана Кадырава.

Кадыраў асабіста ваяваць ва Украіну не прыйшоў, толькі апублікаваў фатаграфіі малітвы перад боем у Марыупалі – на аўтазапраўцы «Роснефть», якой ва Украіне проста няма. Украінскі шоўмен Уладзімір Чарняк высмеяў Кадырава такім жа псеўдагераічным фота «малітвы ў Чачэніі» на фоне запраўкі «Укрнафта».

І чачэнскім, і бурацкім, і пскоўскім захопнікам украінцы абяцаюць зладзіць Чарнабаеўку. Гэта сяло ў Херсонскай вобласці, дзе з канца лютага ідуць гарачыя баі, і расейская армія сістэматычна нясе вялікія страты ў жывой сіле, авіяцыі і бранятэхніцы.

Раней расейцы з імперскімі поглядамі смяяліся з украінцаў, а цяпер украінцы смяюцца з іхных страхаў.

Пуцін і Лукашэнка думалі за тры дні дайсці да Кіева і ўзяць Украіну ў свае рукі. А за месяц змаглі ўзяць толькі палову Херсону.

Што ж цяпер рабіць? Застаецца толькі вывесці войскі.

Вось як дзейнічае ўкраінская зброя масавага прыніжэння акупантаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».