Як выбраць летнія апоны?


У Беларусь прыйшла вясна. Надвор’е цёплае. Аўтаўладальнікі задумваюцца аб пераабуванні сваіх «жалезных коней». Правілы дарожнага руху дазваляюць з 1 сакавіка замену зімовых апонаў на летнія. Але не спяшайцеся, бо тут ёсць шэраг нюансаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Галоўны з іх – умовы надвор’я. Летнія апоны ўсе вытворцы рэкамендуюць выкарыстоўваць пры тэмпературы вышэйшай за 7 градусаў Цэльсія. Калі ж узгадаць леташнюю вясну, у першыя дні красавіка ў Беларусі былі і замаразкі, і снег.

«Зімовы кампаўнд шыны – тое, з чаго складаецца ўласна шына – дазваляе ёй быць мякчэйшай пры нізкіх тэмпературах. Больш эластычнай. Адпаведна пры гэтым забяспечваць счапленне кола, счапленне з пакрыццём. Летняя шына зімой становіцца цвёрдай. Адпаведна на слізкім пакрыцці ў вас будзе вельмі дрэннае счапленне, так скажам, з гэтым пакрыццём. І ёсць вельмі вялікі шанц трапіць у аварыю», – тлумачыць аўтагоншчык і ўдзельнік еўрапейскай серы гонак NASCAR Ігар Раманаў.

Паводле сіноптыкаў, маразы ў Беларусь вернуцца на наступным тыдні. Халоднае паветра з Арктыкі апусціць слупок тэрмометра да мінус 8 градусаў. Удзень чакаецца каля нуля. Аднак рыхтавацца да лета і вывучаць рынак апонаў – можна.

«Перш за ўсё трэба звярнуць увагу на свой бюджэт. І зрабіць высновы, ці будзеш ты браць новую гуму, ці тую, якая ўжо выкарыстоўвалася кімсьці. Я раю купляць новую гуму, новыя пакрышкі. Але ж можна купіць і бэвэшныя», – кажа аўтамабільны эксперт Святаслаў.

Рынак новых апонаў мае шырокі асартымент. На выбар аўтааматарам прапаноўваюць покрыўкі айчыннай вытворчасці, кітайскай, расейскай, паўднёвакарэйскай і прэміум-сегмент еўрапейскіх вытворцаў.

Чытачы тэлеграм-каналу «Белсату» пераважна аддаюць перавагу еўрапейскаму вытворцу. На другім месцы – апоны беларускай вытворчасці.

«Раней, калі я жыў у Беларусі, я прыдбаў сабе і “Белшыну” таксама. Бо была добрая цана заўсёды. І паводле якасці нічога дрэннага я не магу сказаць», – кажа аўтаэксперт Святаслаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Белшына».
Фота: Спутнік

Кошты новых апонаў у нашай краіне стартуюць ад 85 рублёў за адну штуку. За самую дарагую покрыўку – гэта фірма «Michelin» – давядзецца аддаць больш за 4200 рублёў. Для беларускага клімату эксперты раяць выбіраць апоны з водаадводнымі канаўкамі, каб пазбегчы аквапланавання ў дождж.

«Аквапланаванне – гэта калі вы ў прынцыпе можаце страціць кантроль над аўтамабілем. І аўтамабіль фактычна плыве, а не едзе. І вы не можаце нічога з гэтым зрабіць. Для таго, каб забяспечыць усё-ткі счапленне з цвёрдым пакрыццём вашай шыны, робяцца адмысловыя вось такія водаадводныя канаўкі, якія дапамагаюць распаўсюджваць гэтую ваду правільна», – тлумачыць Ігар Раманаў.

39 адсоткаў рэспандэнтаў, якія ўзялі ўдзел у нашым апытанні, могуць сабе дазволіць сезонную замену апонаў, хоць гэта і задорага. Для 27 адсоткаў пераабуванне машыны на зіму і лета наогул не праблема. Нямала і тых, хто ездзіць на ўсесезоннай гуме. Такіх 14 адсоткаў.

На беларускім рынку самая танная ўсесезонная покрыўка айчыннай «Белшыны» – 113 рублёў за адзінку. Аднак заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў, які цяпер вымушана працуе таксістам у Варшаве, не раіць купляць такія апоны:

«У Беларусі трэба мяняць зімой на зімнюю, летам – на лета. Таму што, па-першае, зіма ў Беларусі даўжэйшая, чым у Польшчы, і там клімат трошкі іншы. Я лічу, што ў сапраўднага гаспадара “автівки” павінна быць два камплекты гумы. Лета і зіма».

Яшчэ адным эканомным варыянтам могуць быць ужываныя апоны. Тут важна звяртаць увагу на іх знос. Ён павінен быць раўнамерным на ўсёй плошчы гумы.

Для беларускіх умоваў усе нашыя эксперты параілі выбіраць апоны з больш высокім профілем. Такія покрыўкі лепш абараняюць ваш дыск ад удараў і пашкоджанняў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»