У свеце сустрэлі новы 2024 год


Здароўя і шчасця, добрых адзнак у школе і міру ва ўсім свеце. Больш за дзесяць тысяч жаданняў і зычэнняў на розных мовах размешчаныя на фасадзе кніжнай крамы ў Мадрыдзе, на вуліцы Жаданняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ініцыятарка праекту вуліцы Жаданняў Даньеля Каміна кажа:

«Я бачу, што ўсе адпраўляюць паведамленні і пажаданні і праз тэлефоны. І мне захацелася вярнуцца да паперы і асадкі, выкласці пажаданні на паперы. Таму я паставіла дрэва жаданняў, потым другое».

Так і ўтварылася цэлая вуліца пажаданняў. Цяпер людзі прыходзяць сюды напярэдадні новага года і спадзяюцца, што іхныя мары збудуцца.

«Я жадаю шчасця сваёй сям’і».

«Перш за ўсё я хачу быць здаровым».

«Я хачу, каб скончыліся ўсе войны»., – кажуць наведнікі вуліцы Жаданняў.

Каб пачаць сустракаць Новы год, зусім не абавязкова чакаць поўначы. У Харватыі штогод трыццаць першага снежня ладзяць святочныя імпрэзы для дзяцей.

«Я думаю, гэта цудоўна, мне вельмі падабаецца».

«Я прыйшла сюды, каб святкаваць Новы год».

«У новым годзе я хачу добра вучыцца і атрымліваць толькі выдатныя адзнакі», – кажуць удзельнікі свята.

Цудоўна бавяць апошні дзень года і дарослыя – і не толькі на гарадскіх пляцах. Самыя адважныя правялі 2023-ці святочнымі заплывамі.

Але найбольш яскравыя імпрэзы адбываюцца апоўначы. Калярова ў першыя хвіліны новага года выглядала Варшава, хоць у сталіцы Польшчы афіцыйныя святочныя феерверкі не ладзяцца з 2017-га.

У еўрапейскіх сталіцах святочныя феерверкі адбыліся над знакавымі будынкамі – над Трыумфальнаю аркаю на авеню дэ Шанз-Элізэ ў Парыжы ці над Брандэнбургскаю брамаю ў Берліне. Тут сустракалі новы год больш за шэсцьдзесят тысяч асобаў.

«Я, безумоўна, спадзяюся што свет нарэшце стане больш мірным, бо так, як цяпер, працягвацца не можа. А кожнаму з нас я зычу ўдачы, шчасця і моцнага здароўя».

«Мы спадзяёмся, што сітуацыя супакоіцца і ва Украіне, і ў іншых краінах, што людзі будуць здаровыя і мы нарэшце зможам жыць усе разам у гармоніі», – кажуць удзельнікі святкавання ў Берліне.

Пакуль жа гук выбухаў далёка не ва ўсіх асацыюецца са святочнымі феерверкамі.

«Хацела б вядома каб не было ніякіх паветраных трывог, каб усе нашыя салдаты вярнуліся дадому, каб яны былі ў цяпле а не ў акопах».

«Жадаю ўсім пераможнага міру ўкраінскага, каб усе былі дома», – кажуць жыхары Кіева.

Роўна апоўначы ў навагоднюю ноч «Хамас» выпусціў ракеты з сектару Газа па цэнтральнай і паўднёвай частках Ізраілю.

Кім Чэн Ын прысутнічаў на святкаванні Новага года ў Пхеньяне ў суправаджэнні жонкі і дачкі. За некалькі дзён да гэтага дыктатар Паўночнай Карэі загадаў падвысіць баявую гатовасць краіны і павялічыць яе ядравы патэнцыял. Пачаўся ж новы год у краіне ўздыманнем дзяржаўных сцягоў.

Гэтак жа, як і ў Кітаі. Два кіраўнікі абвясцілі 2024-ы год годам сяброўства паміж Кітаем і КНДР.

Хоць паводле ўсходняй храналогіі 4721-шы першы год прыйдзе толькі ў лютым, у Кітаі адзначаецца і прыход 2024-га.

Адная з навагодніх традыцыяў у Японіі – наведванне сінтаісцкай святыні ў цэнтры Токіа ў першыя гадзіны новага года. Наведнікі кідаюць грошы за агароджу і загадваюць жаданні.

«Спадзяюся, гэта будзе здаровы і прыемны год», – кажа ўдзельніца рытуалу.

Наплыў наведнікаў у святыню адзначаецца ў першыя дні кожнага года. Чарга пад аховаю паліцыі сабралася ўжо напярэдадні. Узмоцненыя захады бяспекі і ў іншых месцах святкавання новага года – як у еўрапейскіх сталіцах, так і ў Злучаных Штатах.

Так, вуліцы вакол пляцу Таймз-Скўэр у Нью-Ёрку закрылі ў нядзелю раніцай дзеля бяспекі. Але ўжо ўвечары тут былі сотні тысяч людзей, якія сабраліся назіраць, як апусціцца традыцыйны шар і запаляцца лічбы новага года.

А разам з традыцыйным канфеці на людзей сыпаліся добрыя пажаданні, якія на каляровых паперках пакідалі ахвотныя на сцяне жаданняў і зычэнняў папярэднімі тыднямі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»