Арменія. Рэвалюцыя – гэта не страшна

Рэжысёр: Пеляса Сяргей Год: 2018

У новым дакументальным фільме Сяргея Пелясы і Сяргея Марчыка «Белсат» пакажа, адкуль растуць карані перамогі армянскае рэвалюцыі. Як снежная лавіна народнага абурэння заліла Ерэван у красавіку 2018 г. і зрынула рэжым Рэспубліканскай партыі. Яе лідары, спачатку Робэрт Качар’ян, а потым, з 2008-га, Сэрж Сарґсьян, 20 гадоў кіравалі постсавецкаю краінаю. Цяпер да ўлады прыходзяць новыя людзі.

Хто 31 сакавіка пешшу выйшаў з гораду Ґюмры ў Ерэван разам з лідарам апазіцыі Ніколам Пашыньянам? Чаму апазіцыя выбрала такую стратэгію? Што найбольш паўплывала на адстаўку Сэржа Сарґсьяна з пасады прэм’ер-міністра Арменіі? Распавядае дэпутатка Нацыянальнага Сходу Арменіі ад апазіцыйнай фракцыі «Ельк» («Выхад») Лена Назар’ян.

Ґарык Сарґсьян, галава самакіравання вёскі Нор-К’янк (Новае Жыццё) у Арарацкай вобласці, пакажа, як можна змяніць жыццё ў адной армянскай вёсцы, калі ўпершыню ў гісторыі Арменіі кіраўніком выбіраюць апазіцыянера.

Лена і Ґарык у выніку перамогі мірнай рэвалюцыі паставілі свайго лідара на пасаду кіраўніка ўраду. Гэтак яны атрымалі шанец зрэалізаваць свае ідэі ды збудаваць новае жыццё цяпер не толькі ў асобнай вёсцы, а ўва ўсёй краіне.

Змена ўлады была б немагчымая без удзелу тысяч грамадзянаў. Сярод іх быў Лернік Саркісьян і ягоны бацька Варуж, сяляне з Гацавану, што на поўнач ад Ерэвану.

Якімі праблемамі яны жывуць, чаму іх турбуе не толькі сельская гаспадарка, але і вялікая палітыка? Што яны думаюць пра ролю Расеі на армянскай сцэне?

Рэж. Сяргей Пеляса, аператар Сяргей Марчык, 2018 г.