Ілона Рудэня. Мы вернемся, калі…

Рэжысёр: Сяргей Беркутаў Год: 2023

«Як бы вы ні стараліся, мы ўсё роўна забяром дзяцей», – заявілі супрацоўнікі органаў апекі Ілоне Рудэні. Беларуска з Салігорску актыўна ўдзельнічала ў пратэстах пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Як і вялікую колькасць іншых беларусаў, улады пачалі рэпрэсаваць жанчыну. Супраць яе завялі крымінальную справу і шантажавалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў. Данілу і Ксенію, якіх Ілона выхоўвае адна, намагаліся забраць у інтэрнат.

«У дзіцяці была траўма, яно не хадзіла ў садочак, яму страшна было нават крокі за дзвярыма чуць», – узгадвае Ілона траўматычныя падзеі.

У канцы 2020 года жанчына наважылася ўцячы разам з дзецьмі ў Літву. Апошняй кропляй стаў напад на Ілону міліцыянта, які спрабаваў зацягнуць яе ў аўта.

Жанчыне дапамаглі вывезці дзяцей, а сама яна мусіла мінаць мяжу нелегальна. У фільме – гісторыя Ілоны Рудэні, рэканструкцыя ейнага доўгага і складанага падарожжа да бяспекі і свабоды.

Рэжысёр – Сяргей Беркутаў, 2023

belsat.eu