За нашае беларускае шчасце

Рэжысёр: Вера Несцяровіч Год: 2022

Жанна Чарняўская, цяперашняя лідарка Беларуская грамады ў Чыкага, прыехала ў ЗША ў 1999 годзе. Беларускае жыццё ў Чыкага ў тыя часы замерла, але выбары 2010 года і паслявыбарчыя падзеі падштурхнулі адрадзіць беларускую арганізацыю.

«Было цяжка, таму што не ўсе верылі ў беларускую ідэю. Як, напрыклад, і цяпер не ўсе вераць, або хаваюць гэта ў сябе вельмі моцна», – прызнаецца спадарыня Жанна.

Дзякуючы актывістам, якія і цяпер працуюць разам з Жаннай, беларуская суполка ў Чыкага аднавіла сваю дзейнасць. Цяпер беларусы разам адзначаюць святы, ладзяць акцыі, знаёмяць мясцовых жыхароў з беларускай культурай, дапамагаюць уладкавацца новым мігрантам.

Спадарыня Жанна разумее, што наперадзе доўгі шлях, але яна ўпэўнена па ім ідзе.

«Мы, беларусы, мусім мець нашае месца пад сонцам і мусім мець нашае беларускае шчасце. Напэўна, тыя пагарды, якія я адчула ў дзяцінстве, калі мяне саромілі за тое, што я беларуска, мяне саромілі за тое, што я габрэйка – у мяне ¼ габрэйскай крыві – я памятала пра іх, і я думала: не, не, я не хачу быць прыніжаным чалавекам. Я той, хто я ёсць, і я мушу даказаць свету: тое, што я ёсць – гэта не дрэнна, гэта добра», – упэўненая Жанна Чарняўская.

belsat.eu