На родныя землі праз паўстагоддзя

Рэжысёр: Рафал Андрасюк Год: 2021

Гарадзенка пераязджае на Беласточчыну і наведвае месцы, звязаныя з продкамі.

Аксана Прус нарадзілася і вырасла ў Горадні, там атрымала адукацыю харэографа ды шмат гадоў працавала настаўніцаю танцаў. Яна мела дастаткова працы, каб не задумвацца пра эміграцыю. Але думкамі часта пераносілася на Падляшша. Адтуль, з ваколіцаў Гайнаўкі, у першыя паваенныя гады пераехалі ейныя дзядуля і бабуля. Шукаючы працу, яны некалькі разоў мянялі месца жыхарства, пакуль у 1948 г. не набылі дому ў Горадні. Наступныя два пакаленні сям’і жылі там. З танцавальнымі гурткамі, якімі кіравала, Аксана часта прыяжджала на Беласточчыну. У Польшчы яна пазнаёмілася з будучым мужам, і сужэнцы пастанавілі жыць на Падляшшы. Аксана атрымала працу і прызнанне, узначаліўшы дзіцячы калектыў «Падляскі вянок». Аксана ездзіць па месцах, звязаных з бабуляй і дзядулем. Наведвае Вольку-Церахоўскую, дзе яны жылі, і праваслаўную царкву ў вёсцы Вярсток, дзе ажаніліся. У суседняй Войнаўцы з мужам наведваюць пісьменніка Міхала Андрасюка, з якім едуць у суседні двор Ядлоўка: бабуля Аксаны і бабуля Міхала працавалі там у міжваенны час. Апошні этап гэтага кароткага падарожжа – пошук роднага дому ды магілаў бабулі і дзядулі ў Вольцы-Церахоўскай. Аксана таксама хоча быць пахаванаю там, сярод сваіх продкаў, на роднай зямлі.

Рэпартаж, рэжысёр Рафал Андрасюк, 2021