Край яркага дзяцінства


Сям’я мастакоў Вольгі Суханіцкай і Яўгена Скаржынскага не толькі не разгубілася, апынуўшыся ў вымушанай эміграцыі, але і знайшла сілы крочыць далей і дапамагаць іншым.

Некалькі гадоў таму, пасля працы ў дзяржаўных школах Мазыра, мастакі Вольга і Яўген зразумелі, што могуць даць сваім вучням нашмат больш – дзякуючы іншаму адукацыйнаму падыходу. Пераадолеўшы безліч бюракратычных цяжкасцяў, ім удалося адкрыць прыватную школу-студыю «Кола», дзе склалася вельмі хатняя атмасфера.

«Нашыя вучні былі нашай сям’ёй, і яны гэта адчувалі», – з цеплынёю згадвае Вольга. Усе святы, дні народзінаў мастакі ды іхныя вучні бавілі разам, цешыліся поспехам адно аднаго, дзяліліся цяжкасцямі.

Папулярнасць і запатрабаванасць школы расла, наперадзе пара мела багата планаў, якія не здзейсніліся пасля выбараў 2020 года. Праз актыўную пазіцыю Вольгі і Яўгена і ўдзел у зборы подпісаў за аднаго незалежнага кандыдата вельмі хутка прыйшла адплата з боку дзяржавы. Спачатку ім адмовілі ў арэндзе памяшкання без тлумачэння прычынаў, потым пачаўся ціск сілавых структураў. Усё ішло да лагічнай развязкі.

Мастакі за тры дні спакавалі рэчы і паехалі за мяжу, у невядомасць. Пераезд быў нялёгкі: і ў Вольгі, і ў Яўгена было адчуванне, што яны апынуліся на дне мора, і ўжо няма спадзеваў на глыток паветра. Але праз некаторы час жыццё пачало ўладкоўвацца: у дзяцей з’явіліся сябры, стаў адступаць моўны бар’ер, вярнуліся сілы жыць і працаваць далей. Урэшце творчая майстэрня «Кола» зноў адкрыла дзверы не толькі дзецям, але і дарослым за мяжою, у Вроцлаве. Сярод новых вучняў – шмат беларусаў, якія ратуюцца творчасцю ад цяжкасцяў эміграцыі і падтрымліваюць адно аднаго.

Падрабязнасці пакручастага шляху мастакоў глядзіце ў новым рэпартажы з цыклу «Без рэтушы».

belsat.eu