Маргінал

Рэжысёр: Віталь Бучар Год: 2023

Саракагадовы беларус Віталь Шаталаў пасля пратэстаў 2020 года быў вымушаны эміграваць, каб пазбегнуць рэпрэсіяў. У новым атачэнні мужчына пачынае жыццё з нуля і адкрывае ў сабе новыя таленты.

Віталь кажа, што яго пераследавалі з дзяцінства, бо ён ніколі не жадаў падпарадкоўвацца сістэме:

«Чырвоны гальштучак я не паважаў, насіў яго ў кішэні. Так, ставілі двойкі за паводзіны. Як ты мог! Гэта ж святое – наш гальштук!» – з усмешкай згадвае беларус.

Віталь не здаваўся, і ў дарослым жыцці ён працягнуў барацьбу з сістэмай. У 1996 годзе ён пачаў выходзіць на пратэсты. Віталь кажа, што на ўласныя вочы пабачыў дэградацыю беларускай міліцыі.

«З прыстойных афіцэраў з пачуццём вартасці слова, якія былі яшчэ ў 1990-я, яны ператвараюцца ў нейкую зграю беспрынцыповых людзей, – абураецца герой рэпартажу. – Слова афіцэра ў Беларусі цяпер нічога не вартае».

Падчас жнівеньскіх пратэстаў Віталя Шаталава затрымалі і моцна збілі. Моцныя траўмы ўратавалі яго ад турмы, бо дактары пакінулі яго ў шпіталі. Беларус уцёк за мяжу, у Прагу, дзе ў межах праграмы «Medevac» яму прапанавалі рэабілітацыю і псіхалагічную дапамогу.

Ачуняўшы ад траўмаў, Віталь паволі пачаў адаптоўвацца. Беларус пачынае заўважаць хараство чэшскай сталіцы. «Прага – той горад, дзе мне і варта было б жыць ужо даўно», – кажа ён. Герой рэпартажу знаходзіць жытло, пачынае вывучаць мову і шукаць працу. Спачатку ён прыбіраў вуліцы, але нечакана пачаў здымацца ў чэшскіх фільмах.

Пра пакручасты шлях беларуса глядзіце рэпартаж з цыклу «Без рэтушы».

Рэжысёры – Міраслаў Грыб, Віталь Бучар 2023 год

belsat.eu