У судзе па справе аб смерці жаўнера Аляксандра Коржыча ўжо другі дзень цягнецца допыт абвінавачваных. Сяржант Яўген Бараноўскі адмовіўся ад часткі паказанняў, якія даў на папярэднім следстве, заявіўшы, што працаўнікі КДБ аказвалі на яго фізічны і псіхалагічны ціск.
Сяржант Бараноўскі быў камандзірам аддзялення, у якім служыў Аляксандр Коржыч. Бараноўскі прызнае, што ў Печах мелі месца нестатутныя зносіны. Гэтак сяржанты сістэматычна білі шарагоўцаў і лаяліся на іх матам за тое, што тыя «касячылі» – то бок рабіла нешта не так па службе.
«Біў за кепскае выкананне загадаў, бо іншыя метады не дзейнічалі. Тады яна пачыналі слухацца», – прызнаўся ён.
Паводле Бараноўскага, білі яны жаўнераў не моцна, сінякоў звычайна не заставалася. Акрамя таго, «духаў» прымушалі адціскацца пасля адбою, у тым ліку ў процівагазах. Калі хтосьці адмаўляўся адціскацца – яго таксама маглі збіць. Яшчэ адзін від пакарання – спецыяльна выпацкаць сцены прыбіральні крэмам для абутку, а потым прымусіць жаўнера ўсё вымыць.
Сяржанты рэгулярна атрымлівалі ад жаўнераў грошы. Паводле статуту, карыстацца мабільнікамі дазвалялася толькі ў нядзелю пасля абеду, захоўваліся тэлефоны ў дзяжурнага афіцэру ў сейфе (гэты парадак пасля трагедыі ў Печах змяніўся – belsat.eu). Калі ў жаўнераў заўважалі мабільнікі ў недазволены час, то сяржанты мусілі забіраць іх і паведамляць пра гэта афіцэрам. Аднак на практыцы сяржанты пераўтварылі гэтую норму вайсковага статуту ў магчымасць зарабіць. За права ўзяць звычайны тэлефон у недазволены час «дзяды» бралі з «духаў» 20 рублёў, за тэлефон з выхадам у інтэрнэт – 40 рублёў. Прычым, паводле Бараноўскага, жаўнеры нібыта першыя сталі прапаноўваць сяржантам грошы з падобныя паслугі. «Дзяды» і самі карысталіся тэлефонамі «духаў» – гэтак мабільнікам Коржыча быў у Бараноўскага, ён уставіў туды сваю сім-карту. Двойчы Бараноўскі браў з Коржыча па 20 рублёў за магчымасць патэлефанаваць.
Акрамя таго, жаўнеры штодзень куплялі за свае грошы сяржантам прадукты – без гэтай «падзякі» шарагоўцаў проста не адпускалі ў краму. Сяржанты ў сваю чаргу дзяліліся прадуктамі з малодшымі афіцэрамі.
Хаця Бараноўскі прызнае факт нестатутных зносінаў у Печах, ён лічыць, што яго дзеянні не маглі прывесці да самагубства Аляксандра Коржыча. Ніякага асаблівага ціску на Коржыча нібыта не было, а яго асабістыя стасункі з жаўнерам Бараноўскі характарызуе як «таварыскія».
Паводле Бараноўскага, аднойчы Коржыч у асабістай размове паскардзіўся, што яго крыўдзяць у частцы і прапанаваў грошы за тое, каб яго ніхто чапаў. Коржыч распавёў, што ў яго канфлікт з сяржантам Антонам Вяжэвічам (адзін з абвінавачаных па гэтай справе), той патрабуе ад яго грошаў. Бараноўскі пагадзіўся разабрацца ў сітуацыі. Аднак «крышай» ён аказаўся не надзейнай – Вяжэвіч заявіў, што Коржыч вінен яму 5 рублёў і проста «паслаў» Бараноўскага. Падчас папярэдняга следства Бараноўскі прызнаваўся, што ўзяў за такую «абарону» з Коржыча 20 рублёў, аднак на судзе ён заявіў, што ў гэтым выпадку нічога ад жаўнера не атрымліваў.
Яўген Бараноўскі наогул адмовіўся ад часткі паказанняў, якія даваў на папярэднім следстве. Паводле сяржанта, яго прымусілі даваць непраўдзівыя паказанні працаўнікі КДБ, якія білі яго і аказвалі псіхалагічны ціск. Частку паказанняў ён нібыта даў наўпрост пад дыктоўку кдбэшнікаў.
Адпаведныя заявы Бараноўскі рабіў яшчэ на папярэднім следстве, аднак тады гэтая інфармацыя фактычна была праігнараваная. Сёння на судзе пракурор зачытаў аповед Бараноўскага пра абставіны ціску на сябе. Гэтак на допыце ў КДБ 21 кастрычніка з ім спачатку далікатна размаўляў падпалкоўнік дзяржбяспекі Пенза (імя ён не памятае), але потым афіцэр выйшаў і ў пакой зайшлі два чалавека ў цывільным. Яны ўзялі яго за грудкі і пачалі трасці так, што ён адчуў боль у спіне.
«Фізічнае ўздзеянне суправаджалася псіхалагічным: працаўнікі КДБ лаяліся, крычалі, што праз мяне жаўнер загінуў, казалі каб я сазнаўся. Гэта працягвалася 5-10 хвілінаў. Я «паплыў», спалохаўся», – адзначаў Бараноўскі.
Паводле Бараноўскага, КДБшнікі хацелі, каб сяржант прызнаўся, што незадоўга да трагедыі ён вымагаў з Коржыча 20 рублёў за права ляжаць у шпіталі. Аднак на судзе ён сцвярджаў, што грошы ў Коржыча не вымагаў, а проста дамовіўся, што той яму пазычыць. Таксама Бараноўскі заявіў, што яны з падсудным Ягорам Скуратовічам не дзялілі паміж сабою грошы, якія атрымлівалі ад «духаў» за права карыстацца мабільнікамі.
На папярэднім следстве Бараноўскі распавядаў, што калі Аляксандр Коржыч толькі прыйшоў у армію, ён цікавіўся службай, але потым «замкнуўся ў сябе», стаў часта скардзіцца на здароўе. Паводле пратаколаў допыту, самога Коржыча ён назваў «ныцікам», які заўсёды чымсьці быў незадаволены.
Маці загінулага жаўнера Святлана Коржыч заявіла на судзе, што Бараноўскі сістэматычна хлусіць у сваіх паказанняў, каб сябе выгарадзіць.
ІІ, belsat.eu