Ганна Канапацкая здымае сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка Абʼяднанай грамадзянскай партыі, выбары якога адбудуцца 8 ліпеня. Пра гэта дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў паведаміла на сваім фанпэйджу ў «Facebook’у».
Паводле Ганны Канапацкай, Абʼяднаная грамадзянская партыя (апазіцыйная партыя) мусіць прайсці праз «сістэмную перазагрузку».
«Мая каманда правяла сурʼёзнае даследаванне і аўдыт дзейнасці АГП за некалькі гадоў. Вынікам гэтай працы стала выніковая справаздача, якая выявіла маю недаацэнку сурʼёзных праблемаў у Абʼяднанай грамадзянскай партыі. На парадку дня нашай партыі павінна стаяць сістэмная, структурная перазагрузка. Для яе ажыццяўлення патрабуецца штодзённая праца цягам некалькіх гадоў. Сумяшчэнне дэпутацкай працы ў Палаце прадстаўнікоў з рэалізацыяй маёй абноўленай праграмы рэформаў АГП не ўяўляецца магчымым», – гаворыцца ў прэс-рэлізе дэпутаткі.
Нагадаем, што старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька напрыканцы красавіка заявіў, што не будзе ўдзельнічаць у чарговых выбарах на пасаду старшыні партыі. Пазней стала вядома, што ён перадумаў.
ЮВ, belsat.eu