Прадстаўніцтва суседняй краіны адрэагавала на апошнія заявы Лукашэнкі пра «лагера баевікоў» ва Украіне ды зняважлівыя выказванні пра герояў Нябеснай сотні, што прагучалі ў бэтэшным «расследаванні» «Званок сябру».
«Амбасада Украіны ў Беларусі са шкадаваннем адзначае, што апошнім часам для беларускай інфармацыйнай прасторы актуальнымі сталі пытанні інфармацыйнай гігіены: абвінавачванні грамадзянаў Украіны ў магчымай датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці, зняважлівыя азначэнні ў адрас герояў Нябеснай Сотні і абаронцаў Рэвалюцыі годнасці.
Такія інфармацыйныя пасажы абражаюць гонар і годнасць украінскіх грамадзянаў, якія не спрыяюць падтрыманню аўтарытэту Беларусі як міралюбівай пляцоўкі для развіцця канструктыўнага дыялогу, нацэленага на падтрыманне добрасуседскіх стасункаў з Украінай».