Ноччу адбыўся пажар на літоўскім пункце пропуску «Мядзінінкай»


Уначы 18 красавіка на пункце пропуску «Мядзінінкай», што месціцца на літоўска-беларускай мяжы, адбыўся пажар: загарэўся ангар Віленскай тэрытарыяльнай мытні. Прычынай пажару стаўся аўтамабіль.

Пажар на памежным пункце «Мядзінінкай».
Фота: LRT

Пажар пачаўся каля 2:40 ночы падчас агляду аўтамабіля «Porsche Cayenne». Згарэў як сам аўтамабіль, так і ангар пункту пропуску, пашкоджаная таксама частка адміністрацыйнага будынку, піша выданне LRT са спасылкаю на Дэпартамент пажарнай аховы і выратавання.

У выніку пажару рух на пункце пропуску быў часова спынены ў абодвух кірунках – як з літоўскага, так і з беларускага боку, адзначыў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гіедрус Мішуціс.

Абноўлена. Станам на 9:45 літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы паведамляе, што рух праз памежны пераход з Літвы ў бок Беларусі адноўлены, з Беларусі ў Літву – пакуль не.

Апрача таго, Мішуціс даў ацэнку стратам, якія нанёс пажар, назваўшы яго «сапраўды значным».

Патушыць пажар удалося толькі а 6:49 раніцы.

«Пажар патушаны, але пажарнікі працягваюць працаваць на месцы, вядуцца штукавальныя работы: пажарнікі разбураюць канструкцыі, абліваюць іх вадой, сілы не адведзеныя», – адзначыла прадстаўніца Дэпартаменту пажарнай аховы і выратавання Эдыта Зданявічыене.

Такім чынам, на мяжы Літвы з Беларуссю застаецца працаваць толькі адзін пераход – «Шальчынінкай – Беняконі».

Нагадаем, што з 1 сакавіка Літва закрыла чарговыя памежныя пераходы «Лаворышкес – Катлоўка» і «Райгардас – Прывалка».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў