ЗША моцна раскрытыкавалі Ізраіль: выкарыстанне зброі ў Газе можа парушаць міжнароднае права


Рапарт Дзяржаўнага дэпартаменту Злучаных Штатаў аб вайне ў сектары Газа ўтрымлівае наймацнейшую на сёння крытыку Ізраілю, піша «Reuters». Высновы з дакументу пагражаюць пагаршэннем адносінаў між двума саюзнікамі, але могуць і адкрыць дарогу для новых паставак зброі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбурэнні ў Газе пасля атакі Ізраілю 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Palestinian News & Information Agency (Wafa) in contract with APAimages / CC BY-SA 3.0

Злучаныя Штаты не далі канчатковай ацэнкі праз тое, што ў хаосе вайны не могуць праверыць канкрэтныя меркаваныя парушэнні. Але ў ЗША мяркуюць, што выкарыстанне Ізраілем амерыканскай зброі можа парушаць міжнароднае гуманітарнае права, і спасылаюцца на шматлікія вартыя даверу паведамленні аб шкодзе ізраільскіх удараў для цывільнага насельніцтва.

Адзначаецца таксама, што Ізраіль не падзяліўся поўнай інфармацыяй, каб можна было спраўдзіць, ці выкарыстоўвалася амерыканская зброя, якія падпадае пад дзеянне амерыканскага мемарандуму аб абароне (NSM-20), у дзеяннях, якія, як мяркуецца, з’яўляюцца парушэннямі міжнароднага гуманітарнага права ў Газе або на Заходнім беразе ракі Іярдан і ва Усходнім Ерусаліме.

Рапарт назвалі супярэчлівым і ў Штатах, і ў Ізраілі: ЗША па-ранейшаму лічаць, што Ізраіль будзе выкарыстоўваць амерыканскую зброю адпаведна міжнароднаму праву. Як піша «The Times of Israel», дакумент адкрывае дарогу для новых паставак зброі.

Паводле выдання, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ідзе «па ўсё танчэйшай лініі»: захоўвае падтрымку Ізраілю пры пастаянным росце незадаволенасці ў Штатах і рэшце свету. На мінулым тыдні ЗША прыпынілі пастаўкі вайсковай дапамогт Ізраілю і засцераглі Ізраіль ад планаванай аперацыі ў мястэчку Рафах на поўдні сектару Газа.

Ізраіль распачаў аперацыю ў сектары Газа ў адказ на атаку тэрарыстаў «Хамас» 7 кастрычніка, у выніку якой былі забітыя 1143 чалавекі (пераважна мірныя жыхары) і захопленыя ў закладнікі дзве з паловай сотні чалавек. Улады сектару Газа, падкантрольныя тэрарыстам «Хамас», заяўляюць, што вайсковая аперацыя Ізраілю ў Газе прывяла да забойства амаль 35 тысяч чалавек. Ізраіль жа заяўляе, што знішчыў 12 тысяч тэрарыстаў. Ізраіль вінавацяць не толькі ва ўжыванні зброі супраць цывільнага насельніцтва Газы, але і ў неэтычным ужыванні штучнага інтэлекту для планавання атак.

Перамовы аб замірэнні між Ізраілем і тэрарыстамі зайшлі ў тупік: «Хамас» у абмен на вызваленне закладнікаў патрабуе ад Ізраілю поўнага вываду войскаў з сектару Газа і вызвалення куды большай колькасці зняволеных у Ізраілі. Генеральная асамблея Арганізацыі аб’яднаных нацыяў тым часам прагаласавала за рэзалюцыю аб прызнанні права Палестыны як дзяржавы на паўнапраўны ўдзел у ААН.

Hавiны
Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што Цагаль у любым выпадку правядзе аперацыю ў Рафаху
2024.04.30 21:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў