Лічбы паразы або парытэту? Разбіраемся, колькі інвестуюць у вайну РФ, Украіна і Захад


На мінулым тыдні ў сеціва трапіла заява расейскага бізнесоўца і апазіцыйнага дзеяча Міхаіла Хадаркоўскага, які прадрок Украіне паразу ў вайне. Паводле яго, Масква траціць на вайну значна больш, чым Кіеў і яго заходнія саюзнікі, што з улікам розніцы ў колькасці насельніцтва Украіны і РФ незваротна прывядзе да поўнага разгрому. Belsat.eu разбіраўся, наколькі абгрунтаваныя разлікі Хадаркоўскага і як выглядае сітуацыя насамрэч.

Міхаіл Хадаркоўскі. Берлін, Нямеччына. 17 сакавіка 2024 года.
Фота: Tobias Schwarz / AFP / East News

Пра што казаў Хадаркоўскі і навошта

18 траўня медыі распаўсюдзілі заяву экс-кіраўніка кампаніі ЮКОС і апазіцыйнага дзеяча Міхаіла Хадаркоўскага, зробленую ім на адной з замежных імпрэзаў. Хадаркоўскі, які выступае супраць расейскай агрэсіі, зазначыў, што Украіна ўжо фактычна саступіла ў вайне.

Паводле яго, Уладзімір Пуцін выдаткоўвае на баявыя дзеянні прыкладна $ 120 млрд штогод, або 5,4 % ад ВУП Расеі. А Еўразвяз выдаткаваў за два гады вайны толькі $ 88 млрд, або 0,25 % ВУП. Як сцвярджае Хадаркоўскі, з улікам амерыканскай дапамогі рэальныя суадносіны выдаткаў на вайну складаюць у лепшым выпадку 2,5 да 1 на карысць Пуціна.

Да таго ж Хадаркоўскі прапанаваў улічыць чалавечыя рэсурсы, якімі валодаюць Расея і Украіна. Паводле яго, суадносіны тут складаюць 7 да 1 на карысць РФ. «Пры такім раскладзе паставак і сілаў Украіна да канца года страціць Харкаў. Да сярэдзіны наступнага года – Адэсу. Суадносіны сілаў стануць 10-12 да 1 да канца 2025 года. Да сярэдзіны 2026 года Украіна працягне толькі партызанскую вайну. Львоў захаваецца, калі туды ўвойдуць войскі NATO ў асобе Польшчы», – прагназуе апазіцыйны расейскі дзеяч.

Мяркуючы паводле ўсяго, заява Хадаркоўскага мела наўмысна правакацыйны і маніпуляцыйны характар: ён хацеў патлумачыць заходняй аўдыторыі, да якой катастрофы можа прывесці нерашучасць Еўразвязу і Злучаных Штатаў. Разам з тым, бізнесовец указаў на рэальную праблему, пра якую вядома даўно: Расея сапраўды інвестуе ў вайну больш.

Колькі насамрэч выдаткоўваюць Украіна і Расея

Непразрыстасць бюджэту РФ (частка артыкулаў засакрэчаная) не дазваляе падлічыць усе грошы, якія накіроўваюцца на фінансаванне вайны. Аднак толькі адкрытыя выдаткі на нацыянальную абарону ў бюджэце 2024 года закладзеныя на ўзроўні 10,38 трлн расейскіх рублёў – гэта прыкладна $ 114 млрд (29 % ад усіх бюджэтных выдаткаў сёлета). У параўнанні з 2021 годам ваенны бюджэт РФ вырас больш чым у 2,5 разу (тады было 3,6 трлн расейскіх рублёў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія навабранцы рыхтуюцца да адпраўкі ў гарнізоны ў Батайску, Растоўская вобласць, Расея. 16 траўня 2024 года.
Фота: Sergey Pivovarov / Reuters / Forum

Паводле ацэнак прадстаўнікоў Пэнтагону, наўпрост на вайну ва Украіне за першыя два гады поўнамаштабнага канфлікту Расея выдаткавала $ 211 млрд. Аналагічныя ацэнкі даюць аўтарытэтныя фінансавыя выданні «Forbes» і «The Wall Street Journal»: паводле іх падлікаў, Масква на вайну з Украінай штодзень марнуе каля $ 300 млн.

Штодзённыя выдаткі Украіны на вайну ў разы меншыя. У верасні 2023 года тагачасны міністр абароны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што адзін дзень вайны каштуе Украіне прыкладна $ 100 млн (то бок прыкладна $ 3 млрд за месяц, а за год – да $ 36,5 млрд). Не зусім зразумела, што канкрэтна ўваходзіць у гэтую лічбу, бо некаторыя ўкраінскія чыноўнікі і ведамствы прыводзілі іншыя звесткі. Гэтак, агульныя выдаткі на абарону і бяспеку Украіны ў 2022 годзе ацэньваюцца ў $ 44 млрд, у 2023 годзе – больш за $ 48 млрд.

У бюджэце Украіны на 2024 год на абарону і бяспеку вылучана 1,7 трлн грыўняў, або прыкладна $ 44,5 млрд паводле цяперашняга курсу. Гэта амаль палова ўсіх бюджэтных выдаткаў, або 22 % ВУП Украіны. Для дзяржавы, якая ў выніку баявых дзеянняў страціла амаль траціну эканомікі, нагрузка непасільная: нават у мірны час даходная частка бюджэту была меншаю, чым цяперашнія выдаткі на абарону і бяспеку. Трымаецца Украіна за кошт фінансавай дапамогі саюзнікаў, а таксама дзякуючы грантам і крэдытам. У 2024 годзе з агульных 3,35 трлн грыўняў бюджэту толькі 1,8 трлн плануецца закрыць за кошт падаткаў і збораў, астатнія сродкі прыйдзецца прыцягваць ад міжнародных партнёраў і на ўнутраным рынку.

Дапамога Захаду: чаканне/рэальнасць

Выдаткі Захаду на вайну маюць некалькі ўзроўняў: яны ўключаюць у сябе вайсковую, фінансавую і эканамічную дапамогу, а таксама выдаткі на перамешчаных асобаў і ўцекачоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты вядуць артылерыйскі агонь у кірунку Крэмінной, Луганская вобласць, Украіна. 17 траўня 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Паводле афіцыйных звестак, агулам Еўразвяз станам на сакавік 2024 года вылучыў на падтрыманне Украіны € 143 млрд. З іх € 81 млрд – гэта фінансавая, эканамічная і гуманітарная дапамога з бюджэту ЕЗ. Праўда, з іх € 50 млрд – гэта грошы, якія Украіна яшчэ мусіць атрымаць цягам 2024–2027 гадоў праз адмысловы механізм эканамічнага падтрымання «Ukraine Facility».

Акрамя таго, € 12,2 млрд Украіне перадалі ў выглядзе грантаў, пазыкаў і гарантыяў, выдадзеных дзяржавамі – чальцамі Еўразвязу, а яшчэ € 17 млрд склала дапамога ўкраінскім перамешчаным асобам і ўцекачам. На вайсковую дапамогу Украіне Еўразвяз вылучыў € 33 млрд.

На канец 2023 года агульная сума выдаткаў ЗША на Украіну, паводле розных ацэнак, магла складаць ад $ 66 млрд (звесткі «The Washington Post») да $ 76,8 млрд («Council on Foreign Relations»). У гэтыя лічбы ўваходзілі ўсе віды дапамогі: вайсковая, эканамічная і на падтрыманне ўцекачоў. У красавіку 2024 года ўлады ЗША нарэшце ўхвалілі новы пакет фінансавай дапамогі Украіне, які складае амаль $ 61 млрд. Аднак гэта не значыць, што ўся сума будзе асвоеная сёлета.

Не ўсё, што Захад абяцае, Украіна адразу атрымлівае. Кільскі інстытут сусветнай эканомікі ў сваім аглядзе за люты 2024 года канстатаваў вялікі разрыў паміж абяцанай і фактычнаю дапамогаю з боку Еўропы: з € 144 млрд, якія вылучылі ЕЗ і дзяржавы-чальцы, Украіна станам на студзень 2024 года атрымала толькі € 77 млрд. Як падкрэсліў 25 лютага 2024 года міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, вылучэнне дапамогі не абавязкова азначае яе забеспячэнне: прыкладна 50 % вайсковага падтрымання з боку Захаду не перадаецца ва Украіну своечасова. Аналагічныя праблемы назіраюцца для ўсіх відаў дапамогі.

Паводле Кільскага інстытуту сусветнай эканомікі, агульны аб’ём рэальнага вайсковага падтрымання Украіны станам на красавік 2024 года складаў € 42 млрд з боку Еўропы (у тым ліку ад краінаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ) і € 43,1 млрд з боку ЗША. Гэта прыкладна 95 % ад усёй вайсковай дапамогі для Украіны, якая сумарна ацэньваецца экспертамі ў € 88 млрд.

Аналітыка
Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?
2023.12.06 06:00

Што гэта азначае

Такім чынам, рэальная карціна вайны ва Украіне аказваецца вельмі далёкай ад алармісцкіх падлікаў Хадаркоўскага.

Сапраўды, Расея на сённяшні дзень інвеставала ў вайну прыкладна ў 2,5 разу болей, чым Захад. Аналагічныя суадносіны паміж выдаткамі на вайну ў Расеі і Украіны. Аднак калі скласці чыстую вайсковую дапамогу з боку Захаду і ваенны бюджэт Украіны за першыя два гады поўнамаштабнага канфлікту, то выйдзе прыкладна $ 194 млрд. Гэта ўсё роўна менш, чым змарнавала на вайну Расея, але пры такіх падліках гаворка ідзе пра супастаўныя паказнікі.

Высновы Хадаркоўскага наконт чалавечага рэсурсу таксама маніпуляцыйныя. Станам на 2024 год, з улікам міграцыі, акупацыі і ваенных стратаў колькасць насельніцтва Украіны ацэньваецца прыкладна як 34-35 млн чалавек, а насельніцтва РФ – 146 млн. То бок у агрэсара людзей болей прыкладна ў 4,2 разу, але ніяк не ў 7 разоў. Далейшае павелічэнне разрыву ў чалавечых рэсурсах Хадаркоўскі абгрунтоўвае тым, што Украіна сёлета нібыта страціць Харкаў, а ў наступным годзе – Адэсу. Аднак насамрэч вайсковыя эксперты сыходзяцца ў думцы, што ў агляднай будучыні Расея не мае шанцаў узяць такі буйны горад, як Харкаў, а магчымасць захопу Адэсы ўсур’ёз увогуле ніхто не абмяркоўвае.

Разам з тым, папрокі Хадаркоўскага ў бок Захаду маюць пад сабою падставы. Аб’ёмы эканомікі краінаў Захаду і Расеі несупастаўныя. Станам на 2022 год сумарны ВУП ЗША, ЕЗ і Вялікай Брытаніі больш чым у 20 разоў перавышаў ВУП Расеі. Пры гэтым Захад не толькі выдаткоўвае на вайну ў 2,5 разу меней за Крэмль, але аказаўся няздольны нарошчваць дапамогу: за апошні год аб’ёмы расейскіх інвестыцыяў у вайну істотна выраслі, а заходняя дапамога для Украіны, наадварот, скарацілася.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў