На канале «Беларусь 1» выйшла відэаінтэрв’ю з адным з кандыдатаў на прэзідэнта Літвы – Гіедрымасам Яглінскасам. Але каб паразмаўляць з літоўскім палітыкам, прапагандысты падманулі яго, піша «Delfi».
Як сцвярджае ў сваім «Facebook» сам Гіедрымас Яглінскас, да яго на электронную пошту «афіцыйна» звярнуўся расейскі апазіцыйны партал «Meduza», але пазней нечакана матэрыял з’віўся на беларускім тэлеканале «з усялякімі ватніцкімі ўпрыгожаннямі».
«Што магу сказаць, гэта ацэнка, падобна, прапагандыстам неспакойна ад моцнай і бяспечнай краіны, за якую мы павінны змагацца як ніколі. Што да зместу інтэрв’ю – тут я спакойны, але трапіць на такі канал было шчыра непрыемна. З майго боку парада ўсім калегам – вельмі адказна ацаніце, ці варта каментаваць нешта нават «апазіцыйным» каналам», – напісаў Яглінскас.
Рэдакцыя «Delfi» звязалася з галоўным рэдактарам «Meduza», які пацвердзіў, што ягонае выданне не мае ніякага дачынення да ліста, што атрымаў Яглінскас, бо ўся карэспандэнцыя рассылаецца з серверу «Meduza» (напрыклад, editorial@meduza.io), а высланы Яглінскасу ліст выглядае як «prank» (анг. жарт; выхадка, свавольства). Што да ліста, які атрымаў Яглінскас, то ён быў напісаны з адрасу meduzaolha@gmail.com (цікава, што імя Olha тут напісана лацінкай у беларускай транскрыпцыі).
Гіедрымас Яглінскас – былы намеснік міністра абароны Літвы, кандыдат на пасаду прэзідэнта ад Звязу дэмакратаў «У імя Літвы». Асноўны дзень выбараў у Літоўскай Рэспубліцы – 12 траўня, у краіне ўжо пачалося датэрміновае галасаванне. Паводле папярэдніх апытанняў, у Яглінскаса адзін з найменшых рэйтынгаў сярод кандыдатаў.
Раман Шавель belsat.eu