Насустрач з'езду

Была такая абавязковая рубрыка ў савецкія часы. Там было нешта пра надоі, кіламетры праходкі ў шахтах ды творчыя поспехі дзеячаў культуры ў галіне ідэалагічна дакладнага адлюстравання ў мастацтве дасягненняў савецкага чалавека.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кастрычніцкая плошча, Менск, Беларусь. 6 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Мерапрыемства было рэгулярным. Раз на пяць гадоў у вялікай залі ў Маскве збіраліся дэлегаты, сябры КПСС, ды пару дзён рабілі выгляд, што прымаюць нейкія важныя рашэнні.

Натуральна, усе рашэнні былі прынятыя задоўга да гэтага купкай абмежаваных людзей, і грамадзяне тут патрэбныя былі выключна для антуражу. Рытуал на тое і рытуал – што вяселле, што пахаванне, што з’езд КПСС. Усебеларускі народны сход выконвае дакладна тую ж рытуальную функцыю. Ёсць, праўда, адно невялікае адрозненне, але пра яго бліжэй да фіналу.

Бессэнсоўнасць функцыянавання УНС вызначаецца ўсяго двума аспектамі. Па-першае, для гэтага стварэння няма месца ў сістэме падзелу ўладаў. І зразумела, што ва ўмовах цяперашняй Беларусі слова «падзел» трэба ўжываць выключна ў двукоссі, яго не існуе, але захоўваецца хоць бы форма: быццамбыпарламент прымае законы, выканаўчая ўлада (у асобе ўраду) іх выконвае, судовая – сочыць (павінна) за выкананнем закону.

Вядома, у нашых умовах казаць пра нейкую незалежнасць не даводзіцца: дэпутаты не прымаюць законаў з уласнай ініцыятывы, а ў судах апошняе, на што даводзіцца разлічваць, дык гэта на выкананне законаў. Ды ўсё ж форма выкананая.

Куды тут усунуць УНС? Распрацоўванне і зацвярджэнне стратэгіі? Абвяшчэнне вайны? Звальненне прэзідэнта з пасады? Гучыць, вядома, грозна, але ж гэта ўсё функцыі парламенту, самых годных народных прадстаўнікоў. Навошта ўзводзіць яшчэ нешта?

Ды, па-другое, хто гэтыя людзі? Што гэта ў нас за дзіўная прадстаўнічая структура, у якой палова – дзіўныя дэпутаты, якія зацверджаныя паводле разнарадкі і прайшлі строгі ідэалагічны адбор; чвэрць – проста прызначэнцы, міністры і старшыні выканкамаў. Гэта значыць, людзі, наўпрост залежныя ад асобы, якая прызначыла іх. Апошняя чвэрць – прадстаўнікі дзіўнай «грамадзянскай супольнасці» ў выглядзе прафсаюзаў, БРСМ, Саюзу жанчын і, што самае дзіўнае, цэлых 80 чалавек дэлегаваныя ад «Белай Русі». Вось у гэтым месцы таварышу Гайдукевічу, напэўна, вельмі непрыемна. Ад ягонай фэйкавай партыі дапушчана ў залю толькі чатыры чалавекі, нягледзячы на рэгулярнае грознае ўзмахванне брывамі на дзяржканалах. Апошняе, на што гэтая група тамбоўскіх таварышаў падобная, дык гэта на структуру, якую выбралі самыя беларусы.

Можна правесці вельмі просты тэст. У Беларусі прадпрымальніцкі клас – 400 000 чалавек, або каля 5,5 % ад дарослага насельніцтва. Гэта значыць, каб УНС называўся і народным, і беларускім, у залі павінна прысутнічаць каля 66 прадпрымальнікаў. Колькі іх там? Во-о-сь…

Гэтая шчыльная група правераных людзей прадстаўляе тыя самыя 30 % насельніцтва, якія адчуваюць паталагічную прыхільнасць да нашага савецкага мінулага і/або да цвёрдай крамлёўскай рукі, а калі і адлюстроўваюць чыесьці інтарэсы, дык выключна нешматлікіх гледачоў лукашэнкаўскага ТБ.

Але, паклаўшы руку на сэрца, зразумела, што карысці ад іх будзе «калянуля», ды і шкоды ж таксама ніякай. Хіба што карміць іх прыйдзецца ды рассяляць па гатэлях за дзяржаўны кошт на тыдзень-другі цягам года.

УНС калісьці задумваўся як выхад з тупіка 2020 года. Маўляў, мы створым вось такую «іранска-казахскую» канструкцыю ўлады, пры якой Лукашэнка зможа перасесці некуды вышэй, каб не мазоліць людзям вачэй на пасадзе быццамбыпрэзідэнта, і, вядома, працягне кіраваць краінай. Выйсце здавалася элегантным, аднак з таго часу і Казахстан прадэманстраваў няўстойлівасць, ненадзейнасць такой канструкцыі, і – на фоне ўварвання Расеі ва Украіну – патрэба вось у такіх дзіўных танцах адпала.

І апошняе, але самае важнае. Тыя самыя савецкія з’езды КПСС былі, безумоўна, рытуальнымі, але неслі важную функцыю. Яны прасоўвалі камуністычную ідэалогію, і ідэалогія гэтая была ўсё ж такі накіраваная наперад. Мы ўсе разам будавалі новы справядлівы свет роўных. Гэта быў падман, ілюзія. Але гэтая ідэалогія была хоць бы на словах, было ў што верыць (пры некаторых намаганнях). У што павінны паверыць тыя, хто назіраюць за УНС? Ёсць нейкая ідэалогія? Бачанне будучыні Беларусі, акрамя шанавання герояў Другой сусветнай і нянавісці да Захаду, які яны дрэнна ўяўляюць, але які ўсё імкнецца нас захапіць?

Няма такой ідэалогіі, і яна не зʼявіцца. Таму УНС – гэта нават не зʼезд КПСС, а карга-культ. Падабенства толькі вонкавае, змест – адсутнічае.

belsat.eu / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў