Кватэру праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча прадалі на аўкцыёне


Кватэру палітзняволенага праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча прадалі на аўкцыёне 23 красавіка. Інфармацыя пра электронны аўкцыён з’явілася на сайце «БелЮрЗабеспячэння».

Кватэра праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча.
Фота:  e-auction.by

На аўкцыёне зʼявілася двухпакаёвая кватэра на вуліцы Тухачэўскага ў Менску. Пачатковы кошт лоту – 134 000 рублёў, а прадалі яго за 145 390 рублёў. У аўкцыёне ўдзельнічалі трое.

«Даўжніком» у апісанні лоту пазначаны Лабковіч Уладзімір Мікалаевіч.

Уладзімір Лабковіч – юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна». 14 ліпеня 2021 года да яго і іншых вясноўцаў прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

У 2023 годзе суддзя Марына Запаснік пакарала вясноўцаў вялікімі тэрмінамі. Уладзіміра Лабковіча – 7 гадамі калоніі. Ён не прызнаў віны ні ў адным з артыкулаў.

Раней на аўкцыёне прадалі кватэру Валерыя Цапкалы, які завочна атрымаў тэрмін у Беларусі. Праўда, у ягоным выпадку пакупнікі на кватэру знайшліся не адразу.

На лот звярнулі ўвагу журналісты Reform.news

Hавiны
Вераніка Цапкала звярнулася да СК і пракуратуры праз продаж кватэры сужэнца
2024.02.13 10:15

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў