Фонд свабоды Аксэля Шпрынгера прапанаваў перайменаваць участак вуліцы ля амбасады Беларусі ў Берліне ў «вуліцу Марыі Калеснікавай». Пра гэта піша выданне «Bild».
Адпаведная петыцыя зʼявілася на сайце change.org. Фонд свабоды Аксэля Шпрынгера прапануе перайменаваць участак вуліцы ля амбасады Беларусі ў Берліне (Am Treptower Park 31) на Maria-Kolesnikowa-Street.
«Мы ўсведамляем, што працэс афіцыйнага перайменавання вуліцаў, ці частак вуліцаў, як у гэтай кампаніі, можа быць доўгім і цяжкім. Аднак паводле закону гэта магчыма, і мы хочам зрабіць рашучы крок. Для палітычных вязняў гэта больш за проста вулічны знак», – гаворыцца ў тэксце петыцыі.
Петыцыі пра перайменаванне вуліцаў – гэта частка кампаніі «Адрас свабоды» ў абарону палітычных вязняў, ініцыяванай Фондам свабоды Аксэля Шпрынгера ў партнёрстве з «Рэпарцёрамі без межаў», «Freedom House», Сусветным кангрэсам свабоды і Цэнтрам Рауля Валенберга.
Нагадаем, што ў верасні 2021-га Марыю Калеснікаву пакаралі 11 гадамі зняволення паводле абвінавачанняў у змове з мэтаю захапіць уладу, закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
У канцы лістапада 2022 года ў палітзняволенай у Гомельскай калоніі пачаўся крызіс са здароўем, калі «да праблемаў з ціскам, млосцю і стратаю прытомнасці дадаўся пакутлівы боль у страўніку». Калеснікаву завезлі ў шпіталь хуткай дапамогі, дыягнаставалі прабадзенне язвы, зрабілі аперацыю. У студзені 2023-га стала вядома, што палітзняволеную вярнулі з медсанчасткі ў атрад і скіравалі на працу.
З лютага 2023 года з Калеснікаваю цалкам адсутнічае сувязь. Лісты не даходзяць, званкоў няма, адваката не дапускаюць, а адміністрацыя Гомельскай калоніі ніякай інфармацыі пра палітзняволеную сваякам не дае.
Паводле непацверджаных звестак, Марыя цяпер у ПКТ.
Глеб Нержын belsat.eu