Зянону Пазняку споўнілася 80!


Паэт і публіцыст, мастацтвазнаўца і археолаг, фатограф і палітык, лідар руху «Вольная Беларусь» адзначае юбілей.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Зянон Пазняк нарадзіўся ў Суботніках Іўеўскага раёну. Ягоны бацька загінуў на фронце, а дзеда рэпрэсавалі савецкія ўлады.

«Маці мяне выхоўвала памяццю бацькі. Вобраз бацькі вісеў у паветры. Ён прысутнічаў. Калі што не так, маці гаварыла: бацька твой так не рабіў, бацька рабіў так і гэтак. Твой дзед быў вялікім чалавекам – змагаўся за Беларусь», – узгадвае юбіляр.

Яшчэ ў савецкі час Зянон Пазняк браў удзел у беларускім нацыянальным руху, між іншага змагаўся за захаванне гістарычнай забудовы сталіцы.

«Сюды прывозілі людзей “чорнымі воранамі” або грузавікамі. Асуджаных на смерць. Потым, калі пачынала вечарэць, адсюль чуліся стрэлы», – распавядаў Зянон Пазняк у 1988-м падчас раскопак у Курапатах.

Менавіта ён у 1988-ым адкрыў свету праўду пра Курапаты, дзе савецкія карныя органы масава расстрэльвалі людзей. Гэта зрабілася адным са штуршкоў да нацыянальнага адраджэння беларусаў. Праз год Зянон Пазняк стаўся лідарам Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», а яшчэ праз год – дэпутатам Вярхоўнага Савету, кіраўніком фракцыі Апазіцыі БНФ.

І хоць пасля путчу ў 1991-ым годзе апазіцыя БНФ мела дзесяціразовую меншасць у Вярхоўным Савеце…

«Вельмі ўдала скарысталі момант спалоху сярод пракамуністычнай рэакцыйнай наменклатуры Вярхоўнага Савету, і яны дамагліся таго, што Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі быў нададзены статус канстытуцыйнага закону», – кажа палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Заслуга апазіцыі і ў тым, што дзяржаўнымі сталіся бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня.

Зянон Пазняк выступаў супраць прэзідэнцкай формы кіравання, папярэджваў пра небяспеку дыктатуры, але браў удзел у першых выбарах. Менавіта ў той час з’явіліся шматлікія міфы пра палітыка, згадвае дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання ад БНФ Сяргей Навумчык. Да прыкладу, што пасля перамогі на выбарах Пазняк плануе выселіць з Беларусі этнічных расейцаў.

«Падчас прамога эфіру на прэзідэнцкіх выбарах 1994-га ён сказаў (я дакладна не памятаю, але сэнс такі): я хачу пабудаваць такую Беларусь, каб этнічным расейцам у ёй жылося значна лепш, чым у самой Расеі», – кажа Сяргей Навумчык.

Палітык Зянон Пазняк у Беларускім Доме ў Варшаве падчас інтэрв’ю. Варшава, Польшча. 21 красавіка 2024 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Белсат

Сярод прычынаў паразы называюць не толькі бескампрамісную пазіцыю палітыка ці разрозненасць дэмакратычных сілаў.

«Галоўнаю прычынаю той паразы быў нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Шмат хто з іх пачуваўся савецкім чалавекам – і Лукашэнка на гэтым згуляў», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

У 1996-ым Пазняк зʼехаў з краіны, баючыся пераследу Лукашэнкі. У эміграцыі Пазняк нязменна працягваў кіраваць Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ. Летась палітык наведаў байцоў палка Каліноўскага.

«Тады нашы тусаваліся ў бункеры ля Бахмуту. У горадзе ішлі баі, і тут дзверы ў бункер адчыняюцца – і ўваходзіць Зянон Пазняк. Тры гадзіны ён распавядаў ім, усе былі ў захапленні, і ў палку ў яго вельмі вялікі аўтарытэт», – кажа прадстаўнік палка імя Кастуся Каліноўскага Ян Рудзік.

Пасля ліквідацыі рэжымам Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ палітык кіруе рухам «Вольная Беларусь» і працягвае жорстка крытыкаваць палітычныя сілы Беларусі, у тым ліку дэмакратычныя.

«Я часам бываю эмацыйны, рэзкі. Ну так, гэта мой недахоп у палітыцы. Але з другога боку, часам такія недахопы давалі магчымасць нечага дабіцца», – адзначае Зянон Пазняк.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»