У праваслаўных – Вялікая субота


Заўтра ў праваслаўных хрысціянаў – Вялікдзень. Традыцыйна ў Чысты чацвер да свята пякуць велікодную булку. Журналістка Ірына Новік надумала прыгатаваць больш здаровы яе варыянт: у беларускай традыцыі ёсць альтэрнатыва – тварожныя паскі.

«Вось у нас ёсць тваражок, тлусты, харошы, каб трымаў форму, смятанка, сушаныя смакоткі – курага і разынкі, арэхі, а таксама цукар да смятаны для крэму, – пералічвае неабходныя складнікі Ірына Новік.

Усе кампаненты, апроч цукру і смятаны, перамешваюцца, гатовую масу складаюць у формачкі і прыціскаюць гнётам.

«У нас у вёсцы нават булкі называлі паскамі, але насамрэч паска – гэта такая тварожная страва», – узгадвае жанчына.

Пасля вымання з формы паскі паліваюцца крэмам са смятаны, узбітай з цукрам, і ўпрыгожваюцца.

«Літаральна ў любой гаспадыні атрымаецца яе прыгатаваць, не будзе такога, што не ўдалося нешта, бо ўсе прадукты смачныя, ніякай тэрмаапрацоўкі не патрабуецца», – кажа Ірына Новік.

Вялікаднем заканчваецца самы працяглы пост у годзе, падчас якога вернікі прытрымліваюцца абмежаванняў у ежы ды забавах і намагаюцца пераасэнсаваць сваё духоўнае жыццё. Сёння ж у праваслаўных святынях праходзяць службы, падчас якіх згадваюць пахаванне Хрыста. Таксама ў цэрквах асвячаюць ежу.

«Наша бабуля клала заўсёды пару скібачак хлеба. Шчыра кажу. Паска паскай, булка булкай, а хлеб павінен быць. Нават калі мы ўжо казалі, што гэта там не крута, не па-багатаму, то бабуля маўчала і потым клала ў кошык пару скібачак хлеба. Абавязкова трэба пакласці кілбаску, бо ўсе пасціліся, галодныя, і разгавецца трэба. Таму – кілбаску», – складае кошык Ірына Новік.

Абавязковымі складнікамі велікоднага кошыку былі таксама соль і фарбаваныя яйкі. Найчасцей фарбуюць у чырвоны колер як сімвал уваскрэслага Хрыста і новага жыцця.

«Калі я была дзіцём, падлеткам, то гэта савецкі час быў, і не дужа можна было тую Пасху адзначаць, то на ўсяночную не хадзілі, і дзяцей не пускалі, бо ў школе сварыліся за гэта. У нас увогуле дзядуля хадзіў. Клаў у кішэні некалькі яек і на ровары ехаў да царквы. А потым ужо ўдома ўся сям’я збіралася за стол», – узгадвае Ірына Новік.

Позна ўвечары пасля асвячэння велікоднай ежы і споведзі ў царкве пачнецца ўсяночная літургія. Апоўначы ладзяць хросную хаду вакол царквы, у гэты момант пустая царква сімвалізуе пусты гроб Хрыста. Пасля абвесцяць уваскрэсенне Хрыста і пачнецца святкаванне. Вернікі адзначаюць: для кожнага гэтае свята мае сваё значэнне, але ўсім яно дае надзею.

«Гэта свята новага жыцця, новага пачатку, і калі надыходзіць Вялікдзень – надыходзіць новая надзея».

«Сувязь з маёй сямʼёй, з сямейнымі традыцыямі, з маімі каранямі, і велікодная мітусня – гэта важныя для мяне асабіста рэчы, я сябе адчуваю часткаю чагосьці большага», – кажуць вернікі, што прыйшлі на службу ў Вільні.

Згодна з афіцыйнымі звесткамі, каля 80-ці адсоткаў беларускіх вернікаў – праваслаўныя. Сёння шмат хто вымушаны сустракаць Вялікдзень за мяжою, удалечыні ад дому і родных.

«Гасподзь перамог дʼябла, Гасподзь перамог зло, і ён шукае, кліча ўсіх людзей добрай, волі каб мы зʼядналіся і разам з Госпадам, з Богам, які ёсць абсалютнае дабро і абсалютная любоў, узяліся і перамаглі тое зло, якое спрабуе панаваць», – кажа святар беларускай грамады Канстанцінопальскага патрыярхату Георгій Рой.

Рыхтуюцца да Вялікадня і сілавікі. Міністэрства ўнутраных справаў анансавала ўзмоцнены кантроль і прапускны рэжым у месцах масавага збору – каля святыняў, а таксама ў аб’ектах транспарту. Ва ўзмоцненым рэжыме будзе працаваць і Дзяржаўная аўтаінспекцыя.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»