Welcome ў Беларусь Нямецкая турыстка каштуе дранікі і корань лопуху. Якая страва палюбілася ёй найбольш?


Вегетарыянка Анна Штайнман з Нямеччыны прыехала ў Беларусь у гастранамічны тур і не стрымалася, каб не з’есці пальцам пханай каўбасы. А ўсё таму, што дзяўчына ўпэўненая: каб зразумець культуру краіны, трэба пакаштаваць ежу, якую ў ёй гатуюць. Чым яшчэ беларускія кухары здзіўлялі нямецкую турыстку, глядзіце ў чарговым выданні «Welcome ў Беларусь».

Кулінарныя прыгоды пачаліся ў Менску, дзе Анна разам з эксперткай у вегетарыянскіх стравах Валерыяй Пракоф’евай даследуе вулічную ежу і стравы з модных фудтракаў.

Анна з Валерыяй гуляюць па Менску. Стоп-кадр з праграмы «Welcome ў Беларусь»

Але каб адчуць сапраўдны смак краіны, здымачная група праграмы разам з нямецкаю турысткаю выправілася на гастранамічную сядзібу побач з Белавежскаю пушчаю, каб разам з яе гаспадыняю Наталляю Пракапук прыгатаваць куліч, пальцам пханую каўбасу, дранікі ды іншыя стравы.

Анна у гасцях у гаспадыні гастранамічнай аграсядзібы «Валерыя» Наталлі Пракапук. Фота Віктара Лелюка

Наталля і Анна за шэсць гадзінаў згатавалі шчавель на галёнцы, пальцам пханую каўбасу, дранікі ды аладкі.

Анна з Наталляю гатуюць пальцам пханую каўбасу. Фота Віктара Лелюка

Каб зрабіць тварог і сыр, Анна нават паспрабавала ўпершыню ў жыцці падаіць карову.

Анна бярэ майстар-клас па даенні каровы. Фота Віктара Лелюка

«Я думала, што будзе складана, але гэта не так», – уразілася госця з Нямеччыны.

Для сапраўдных гаспадынь гатаванне сыру і тварагу – толькі размінка. А вось каб спячы традыцыйны каравай, Наталля Пракапук некалькі гадоў шукала ў беларускіх вёсках каравайніц, каб выпытаць іхныя сакрэты.

Наталля падзялілася з Аннаю сакрэтным рэцэптам беларускага каравая. Фота Віктара Лелюка

Даследаванне смаку Беларусі працягнулася ў Налібоцкай пушчы, дзе здымачная група праграмы «Welcome ў Беларусь» узяла ўдзел у зборы ядомых дзікіх раслінаў. Пад кіраўніцтвам біёлага Вольгі Дзюбан Анна гатавала катлеты са сніткі ды смажыла корань лопуху, які таксама прыйшоўся госці да смаку.

Смажаны корань лопуху. Стоп-кадр з праграмы «Welcome ў Беларусь»

Падчас вандроўкі па Беларусі Анна шмат чаго пакаштавала, але якую страву з нашага краю яна будзе згадваць на сваёй радзіме? Глядзіце ў новым выданні «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).

Праграма «Welcome ў Беларусь» выходзіць кожную нядзелю а 20:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.

Глядзі таксама
Каментары