Нігерыйская мадэль рэкламуе беларускія вышыванкі


Прыехаць у Менск дзеля моднай фотасесіі? Не кожнаму замежніку такое прыйдзе ў галаву. Здзяйсняць незвычайныя мары ў нашай краіне гасцям з усяго свету дапамагае праграма «Welcome ў Беларусь».

Іфунанья Дымаку (Ifunanya Dimaku) прыехала ў Горадню вучыцца ў медычным універсітэце. Але з куды большым захапленнем, чым пра кар’еру лекара, дзяўчына размаўляе пра моду. І хто б мог падумаць, што горад над Нёмнам падкіне ёй шанец зрабіць першыя крокі ў гэтай індустрыі.

Менавіта тут нашая гераіня ўпершыню паўдзельнічала ў дэфіле – Гарадзенскім тыдні моды ды яшчэ атрымала прыз глядацкіх сімпатыяў у конкурсе прыгажосці медычнага ўніверсітэту. Праграма «Welcome ў Беларусь» вырашыла дапамагчы Іфунаньі зрабіць наступны крок у свет моды: стварыць уласнае партфоліа.

Іфунанья Дымаку (Ifunanya Dimaku) падчас фотасесіі, зладжанай праграмаю «Welcome ў Беларусь» у Горадні. Фота Яўгена Бузука

Гардэроб для першай фотасесіі гераіня сабрала ў мясцовых сэканд-хэндах з дапамогаю аматаркі такога шопінгу, гарадзенкі Аліны Ораў. З прычоскаю ды макіяжам дапамаглі стылісткі лабараторыі прыгажосці «MakeUpLab» Аляксандра Бэкман і Аляксандра Пальчыкава. А здымкі зрабіў фатограф Яўген Бузук.

«Калі я глядзела на здымкі пасля фотасесіі, там былі кадры, якія выглядалі вельмі моцна. Так дзёрзка і смела. І я здзівілася: няўжо гэта я?» – дзеліцца ўражаннямі Іфунанья.

Паводле парады Яўгена, яна бярэ першыя здымкі для будучага партфоліа ды едзе скараць беларускую сталіцу. Тут яе чакаюць сустрэчы з сузаснавальніцай брэнду «My muse vintage», акторкай Настассяй Васільевай, мадэлем, выкладчыкам ды сцэнарыстам Дзянісам Бурко і Паўлам Доўнарам, заснавальнікам брэнду «HONAR».

Іфунанья Дымаку (Ifunanya Dimaku) падчас фотасесіі, зладжанай праграмаю «Welcome ў Беларусь» для брэнду «HONAR» у Менску. Фота Ксеніі Гардзейчык

Як справа дайшла да рэкламы вышыванак і ці засталася Іфунанья задаволеная такімі прыгодамі, глядзіце ў наступным выданні «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).

Праграма «Welcome ў Беларусь» выходзіць кожную нядзелю а 20:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.

ІА, belsat.eu