Якія справы вырашаюцца ў хакейнай раздзявальні Аляксандра Лукашэнкі?

Хакей і лыжы – гэтыя два хобі Аляксандра Лукашэнкі сталі падставаю для шматлікіх мэмаў. Але менавіта ўдзельнікі асабістай хакейнай каманды кіраўніка Беларусі атрымваюць беспрэцэдэнтныя ўмовы для вядзення бізнесу. Падрабязнасці – у новым расследаванні праграмы «Давайце разбірацца».

Бюджэт Беларусі недаатрымлівае дзясяткі мільёнаў долараў за зямельныя надзелы – усе яны засталіся на рахунках хакеістаў-забудоўнікаў з асабістай каманды Лукашэнкі.

«Калі хочаш вырашыць нейкае сур’ёзнае пытанне, то трэба быць ухожым у раздзявальню [Лукашэнкі], а яшчэ лепей – гуляць. Некаторыя бізнесоўцы намагаюцца туды пранікнуць, але ёсць і адваротны працэс, калі гульцы становяцца бізнесоўцамі. Так ці інакш, гэта людзі, якім ён давярае, якіх ён ведае», – кажа Анатоль Котаў, менеджар Беларускага фонду спартовай салідарнасці.

Як улюбёныя хакеісты Лукашэнкі становяцца доларавымі мільянерамі

Глядзіце ў выданні: чаму ў Беларусі ўсё менш ільготнага жытла? Як беларусы самі фінансуюць будаўніцтва і ўтрыманне аб’ектаў, якія нібыта дастаюцца ім у падарунак? Паводле якіх схемаў хакеісты Лукашэнкі зарабляюць у разы больш, чым выдаткоўваюць на пабудову?

У Беларусі досыць даўно ўкаранілася практыка будаўніцтва бізнесам спартыўных аб’ектаў у абмен на выдзяленне прынадных участкаў зямлі. Як правіла, так званая сацыяльная нагрузка кладзецца на тых інвестараў, якія атрымліваюць зямлю са згоды прэзідэнта або рэалізуюць буйныя праекты. Так, за права пабудаваць «Дом Ля Траецкага» «Трайпл» Юрыя Чыжа стварыў лядовы комплекс каля Студэнцкай вёскі. А «Тытунь-Інвест» Паўла Тапузідзіса за права пабудаваць гандлёвы цэнтр «Замак» прафінансаваў узвядзенне катка пад Менскам.

У канцы 2021 года кампанія «Скібудінвест» узялася пабудаваць крыты лыжны манеж побач з паркам забаў «Дрымлэнд» і новым будынкам Вярхоўнага суда. Разам з тым кампанія атрымала ўчасткі для ўзвядзення 115 тысяч квадратных метраў шматкватэрнага жылля на вуліцах Ваўпшасава, Захарава і Чыгуначнай. Улады падкрэсліваюць, што чарговы спарткомплекс ствараецца не за кошт бюджэту, а кладзецца на плечы прыватнага бізнесу. Але ці так гэта насамрэч?

На першы погляд, угода надзвычай выгадная для бюджэту. «Скібудінвест» інвестуе ў лыжны манеж 13 мільёнаў долараў. Калі канчатковы кошт будзе менш, то розніцу падзеляць паміж бюджэтам Менску і НАК Беларусі.

Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат

Кошт арэнды трох участкаў сталічнай зямлі, якія вылучылі без аўкцыёну пад жылую забудову абыдзецца ў 2,5 мільёна долараў. Дзяржава дапаможа забудоўшчыку зэканоміць такую ж суму, дазволіўшы не выконваць норму па колькасці парковак. З улікам гэтай і іншых патуранняў агульны абʼём прэферэнцыяў для інвестара ў 2018 годзе ацэньваўся ў 5 мільёнаў долараў.

Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат

Як падлічылі расследавальнікі з экспертамі, кадастравы і рынкавы кошт трох участкаў зямлі складае 15 мільёнаў долараў. Гэта значыць, за кошт адной толькі бясплатнай зямлі «Скібудінвест» з запасам пакрые свае запланаваныя сацыяльныя ўкладанні ў лыжны манеж.

Але бясплатная зямля – не адзіная выгада. «Скібудінвест» была заснаваная ў 2018 годзе ўдзельнікамі кампаній «ЗаслаўльБуднІвест» і «Соваўта Інвест», якія на працягу 10 гадоў рэалізоўвалі розныя праекты будаўніцтва нерухомасці ў Беларусі. Як правіла, гэтыя дэвелаперы ўзводзілі вышынныя панэлі з дапамогай дзяржзабудоўшчыка МАПІД і пазіцыянавалі сябе як пастаўшчыка даступнага жылля ў Менску. У 2018 годзе яны прагназавалі, што сабекошт будаўніцтва 1 квадратнага метра жылля з улікам інжынерна-транспартнай інфраструктуры і ачысткі ўчасткаў на Ваўпшасава, Захарава і Чыгуначнай, якая ацэньвалася ў 22 млн долараў, складзе 770 долараў. Пры рэалізацыі жылля за 1000 долараў магчымы даход «Скібудінвест» з улікам прэферэнцый дасягнуў бы 26,4 млн долараў (без уліку падаткаў), гаворыцца ў матэрыялах Менгарвыканкаму.

Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат

Зараз забудоўшчык лыжнага манежу ўсталяваў папярэднюю цану для пакупнікоў на ўзроўні 1100 долараў за квадратны метр. Сярэдні кошт квадрата ў Менску складае 1258 долараў на 20 сакавіка 2022 года. Пры гэтым на некалькіх папярэдніх будоўлях у гэтай кампаніі бліжэй да пачатку будаўніцтва дамоў назіралася падвышэнне коштаў. Канчатковая цана магла перавысіць пачатковую на 200 долараў за метр квадратны.

Як бачым, кошт жылля выходзіць не такі ўжо і даступны, калі трымаць у розуме прадастаўленыя прэферэнцыі. Пры гэтым бюджэт недалічыўся прыстойнай сумы грошай. А як раз сродкі з казны, якія паступаюць, у тым ліку ад продажу і арэнды зямлі, накіроўваюць на фінансаванне будаўніцтва танных кватэр для беларусаў, гаворыцца ў дзяржпраграме «Будаўніцтва жылля» на 2021-2025 гады.

 

Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат

Акрамя таго, што ў бюджэт не паступілі дзясяткі мільёнаў долараў ад продажу зямлі, неўзабаве беларусам давераць утрыманне яшчэ адной спартовай арэны.

– Фактычна беларусы самі фінансуюць будаўніцтва такіх абʼектаў, якія нібыта дастаюцца ім у падарунак. Цяпер 44 крытыя коўзанкі ў Беларусі. Яны дастаткова дарагія ў эксплуатацыі. І сябе яны ні ў якім разе не акупляюць, – кажа былы чыноўнік, а цяпер менеджар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Дасягненні «Заслаўльбудінвесту», а зараз і «Скібудінвесту» звязваюць з прыходам у кампаніі экс-хакеіста зборнай Беларусі Сяргея Шыткоўскага. У першай кампаніі яму належыць доля ў 30%,

Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат
Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат

у другой – 15%.

Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат

Шыткоўскі завяршыў актыўную гульнявую карʼеру больш за 10 гадоў таму. А потым далучыўся да каманды Лукашэнкі, часта лётаючы гуляць з ёй у Эміраты. У 2014 годзе, пасля чарговай перамогі на лядовай арэне, Лукашэнка нават узнагародзіў нападніка ордэнам За працоўныя заслугі. Неўзабаве пасля гэтага ў Шыткоўскага і пайшлі поспехі ў бізнесе.

Зрэшты, Сяргей Шыткоўскі – не першы чалавек, якому ўцягнутасць у любімы спорт Аляксандра Лукашэнкі дапамагае вырашаць зямельныя пытанні.

Так, у 2017 годзе хросны бацька малодшага сына Сяргея Шыткоўскага – Елісея – Міхаіл Грабоўскі самавольна захапіў кавалак праезнай часткі і падыход да вадасховішча Пціч і ўзвёў у суседзяў 7-метровую сцяну. Чыноўнікі прызналі Грабоўскага вінаватым і пастанавілі прыцягнуць хакеіста да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама абавязалі знесці сцяну. Аднак Аляксандр Лукашэнка ўмяшаўся асабіста і аддаў гульцу спрэчны ўчастак зямлі.

Дарогу ў бізнес праз раздзявальню каманды Лукашэнкі праклаў і Павел Белы. Ён не набыў прыкметных поспехаў у вялікім хакеі, завяршыўшы карʼеру з-за траўмы спіны ў 2007-м годзе. Але ўжо тады стаў рэгулярна прыцягвацца ў каманду прэзідэнта, быў пастаянным партнёрам Лукашэнкі па звяне, лепшым бамбардзірам каманды. Неўзабаве яго з бацькам кампанія «Тапас» стала адным з найбуйнейшых забудоўшчыкаў Менску. На іх рахунку жылыя комплексы «Парк-Сіці», «Браслаўскі», «Аквамарын», «Мегаполіс», «Мантэрэй», бізнес-цэнтры «Futuris» і «Аякс». Будаўніцтва «Алімпік-парку» суправаджалася скандалам. Як і для Шыткоўскага ў 2018 годзе, Лукашэнка выдаў персанальны ўказ аб вызваленні кампаніі Белага ад платы за зямлю, змяніў межы заказніка «Лебядзіны» і дазволіў будаўніцтва рэстарацыі на запаведнай тэрыторыі. Паводле папярэдніх ацэнак, такі падарунак павярнуўся стратай бюджэту ў дзясяткі мільёнаў долараў. Нягледзячы на абурэнне грамадскасці і штрафы, «Тапас» будаўніцтва не спыніў. На адкрыцці рэстарана прысутнічалі прадстаўнікі беларускага шоу-бізнесу і спартсмены, а таксама Аляксандр Лукашэнка. Зараз рэстаранам кіруе ўнітарнае прадпрыемства «Лебядзіны Парк». Яго заснавальнік – Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ўзначальвае старэйшы сын Лукашэнкі Віктар. Асабістая доктарка Аляксандра Лукашэнкі Святлана Канашэнка

Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат

зʼяўляецца адной з дзелавых партнёрак сямʼі Паўла Белага.

Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат

Будаўніцтвам займаецца і цяперашні галоўны трэнер каманды прэзідэнта Дзмітрый Баскаў. Ён мае долі ў шэрагу кампаніяў, якія ўзводзяць жылую і камерцыйную нерухомасць. У прыватнасці, хакейны функцыянер запартнерыўся з дэвелаперам Мікалаем Ермашовым, вядомым па такіх кампаніях як «Будманаліт», «СУ-3 Белбуд» і «Зялёная гавань».

Крыніца: Давайце разбірацца / Белсат

Фота: president.gov.by

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

«Гаманцы» Лукашэнкі выпампавалі з Беларусі мільярд долараў

Чаму ў Беларусі пацыенты пераплачваюць за пратэзы?

Хто стаіць за буйнымі казіно Беларусі?

Якія багацці сябар Аляксандра Лукашэнкі схаваў у Лондане?

Як перакрылі кісларод беларускай дрэваапрацоўцы

Нелегальныя пастаўкі цыгарэт у Расею ідуць праз сябра сям’і Аляксандра Лукашэнкі

Хто і як зарабляе на беларускай абароннай прамысловасці

Як «экспартны цуд» Аляксандра Лукашэнкі абыходзіць сектаральныя санкцыі