Віцэ-міністр замежных справаў Літвы пра заходнія вакцыны ад COVID-19 для беларусаў


Паўтара мільёна дозаў заходніх вакцынаў для шасці краінаў «Усходняга партнёрства», у тым ліку для Беларусі, павінны паступіць у лютым – сцвярджае кіраўнік літоўскай дыпламатыі Габрыелюс Ландсбергіс. Падрабязнасці – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з ягоным намеснікам, Мантасам Адаменасам, віцэ-міністрам замежных справаў Літвы. Як выглядае палітыка новага ўраду ў дачыненні дыктатуры ды беларускага грамадства? Як Вільня рэагуе на рызыкі, звязаныя з БелАЭС? Як утрымаць на Беларусі стратэгічную ўвагу Захаду? Як Літва ацэньвае расейска-беларускія стратэгічныя вучэнні «Захад-2021», запланаваныя на верасень?

Спадару віцэ-міністр, падчас канферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай і шэрагу міністраў замежных справаў еўрапейскіх дзяржаваў вы агучылі такую цікавую формулу: «нічога для рэжыму і ўсё для народу». Ці будзе гэта прынцыпам новай літоўскай вонкавай палітыкі ў дачыненні Беларусі?

Так, мы будзем працягваць палітыку супрацы з беларускім народам, а не з рэжымам. У мяне ўжо запланаваныя некалькі сустрэчаў з прадстаўнікамі літоўскіх міністэрстваў. На сустрэчах будзе гаворка аб працягу пачатых у розных сферах праграмаў наўпрост з прадстаўнікамі грамадства, у абыход рэжыму. Гэта цяжка, бо ўлада ў Беларусі мае цэнтралізаваны характар, але гэты прынцып нам вельмі важны. Таксама мы настроеныя зарганізаваць паступленне вакцынаў з Еўрапейскага Звязу праз недзяржаўныя арганізацыі, магчыма, праз рэлігійныя сеткі, беспасярэдне беларусам, а не рэжыму, які можа выкарыстоўваць нас у сваіх прапагандысцкіх мэтах.

Вы закранулі вельмі цікавае і балючае пытанне вакцынаў. Лукашэнка асудзіў Беларусь на расейскую, а цяпер яшчэ і на кітайскую вакцыну. Заходнія ж (якіх ужо некалькі) не трапляюць у Беларусь, хаця беларусы маюць на іх права. У Літве ды іншых еўрапейскіх дзяржавах Святлана Ціханоўская не раз прасіла заходнюю вакцыну для беларусаў. Беларусы атрымаюць у Літве магчымасць зрабіць вакцынацыю? Як гэта магчыма? А як адрэагуюць літоўцы? Ці будуць літоўцы задаволеныя тым, што беларусаў вакцынуюць?

Трэба нагадаць, што некалькі тыдняў таму Літва ініцыявала ліст трынаццаці міністрам замежных справаў Еўрапейскай камісіі з просьбаю забяспечыць дзяржавы Еўрапейскага партнёрства, сярод якіх і Беларусь, вакцынамі згодна з кантрактамі, што заключыў Еўрапейскі Звяз. Вядома ж, калі мы гаворым пра Беларусь, то ўзнікае пытанне, каб гэтыя вакцыны паступілі наўпрост беларускаму грамадству. Мы абмяркоўваем розныя варыянты: візы для вакцынацыі, калідор для вакцынацыі. Гэта выкліча дадатковы аб’ём працы для медычнага персаналу, які на перадавой лініі барацьбы з каронавірусам. Паводле апытанняў, літоўцы вельмі добра разумеюць мэтазгоднасць такіх захадаў. Працэс будзе адбывацца адначасова з вакцынацыяй, ужо распачатай у Літве. Мяне цешыць, што Літва – адна з дзяржаваў у Еўрапейскім Звязе з самым вялікім адсоткам вакцынацыі. У нас ёсць магчымасць вакцынаваць яшчэ большую колькасць людзей, але бракуе вакцынаў. Большасць жа еўрапейскіх краінаў, наадварот, не адчуваюць нястачы вакцынаў, але не маюць дастаткова персаналу. На падставе аналізу нашых магчымасцяў можна выказаць упэўненасць, што вакцыны даволі хутка дасягнуць Беларусі. Паводле міністра замежных справаў Габрыелюса Ландсбергіса, у лютым павінны паступіць паўтара мільёна вакцынаў для шасці краінаў «Усходняга партнёрства». Тады мы павінны будзем пастанавіць, якім чынам беларусы атрымаюць гэтыя вакцыны.

ВІДЭА
Лукашэнка страціў давер у Крамлі. Ці прыслухаецца Пуцін да ягонага клічу?
2021.02.01 19:09

АЭС бомба запаволенага дзеяння, якая навісла над літоўскаю сталіцаю. Для беларусаў Вільня таксама значная культурна і гістарычна. На Захадзе і ў Беларусі хтосьці ставіўся сур’ёзна да асцярог Літвы, хтосьці высмейваў. Маўляў, колькі ж расейскіх АЭС працуе, і нічога з імі не здарылася. Мне здаецца, што асцярогі Літвы, на жаль, апраўдаліся. Як толькі пачалі запускаць АЭС у Астраўцы, то ўжо здарыўся не адзін інцыдэнт. Які план новага ўраду Літвы? Як вы бачыце развязанне праблемы ці хаця б частковае запэўніванне бяспекі літоўскім грамадзянам?

Першы крок – дэмакратызацыя Беларусі. Пасля можна весці гаворку пра захады бяспекі ў дачыненні АЭС. У гэтай сітуацыі новы ўрад Літвы прапануе закрыць рынак Еўрапейскага Звязу для электрычнасці Беларускай АЭС акурат праз нашыя асцярогі ў справе бяспекі. У аўтарытарнай дзяржаве вельмі цяжка сістэматычна захоўваць і выконваць празрыстыя міжнародныя нормы. Як паказала хада падзеяў, асцярогі, на жаль, апраўдаліся. Мы будзем настойваць на міжнароднай інспекцыі ў мэтах гарантыі бяспекі. Дасягнуць выніку можна толькі пры з’яўленні ў беларускага ўраду здольнасці да дыялогу. Цяпер яна адсутнічае.

Дыялог немагчымы. Сітуацыя робіцца ўсё горшай. Як бы вы ацанілі рэакцыю Еўразвязу на рэпрэсіі ў Беларусі? Мы ведаем, што Літва з іншымі балтыйскімі дзяржавамі разам з Польшчай аднымі з першых даволі рашуча адрэагавалі на падзеі ў Беларусі і ўвялі нацыянальныя санкцыі. Еўрапейскія санкцыі трошкі затрымліваюцца. Трэці пакет прынялі ў снежні. З таго часу справа спынілася. Таксама расейская тэма выйшла на парадак дня і зацямняе беларускія праблемы. Што зрабіць? Як пераканаць еўрапейскіх палітыкаў вярнуць свой позірк на Беларусь, дзе і маштаб пратэстаў большы, і праблемы больш сур’ёзныя (я маю на ўвазе рэпрэсіі), і шанцы на змену сістэмы да лепшага нашмат большыя ды бліжэйшыя, чымся ў Расеі?

Так, гэта вельмі важна. Утрымаць стратэгічную ўвагу – заданне вельмі цяжкае. Я павінен сказаць, што Святлана Ціханоўская вельмі шмат робіць у гэтай справе. Яна стала такою фігурай, якая можа звярнуцца і прыцягнуць увагу заходніх палітыкаў. Вашыя саюзнікі, як Літва, Латвія, Польшча, будуць рабіць усё, каб пытанне не сыходзіла з парадку дня Еўразвязу. Мы ўжо сталі працаваць над наступнаю хваляю санкцыяў. Часам здаецца, што Еўрапейскі Звяз працуе павольна, і хочацца, каб усё адбывалася хутчэй, але працэсы ідуць. Мы чакаем ад беларусаў, каб яны працягвалі змагацца за свае правы, за сваю свабоду, за празрыстыя выбары. Мы будзем рабіць усё, каб гэтыя падзеі былі навідавоку, каб была рэакцыя, і Еўрапейскі Звяз дапамог, наколькі здольны, тым людзям, якія цяпер на вуліцах і плошчах Беларусі змагаюцца за свабоду слова ды свабодныя выбары, хаця яны павінны быць апрыёры.

ВІДЭА
Лукашэнка баіцца сілавікоў. Ці магчымы палацавы пераварот?
2021.01.30 09:35

Некалькі дзён таму анансавалі правядзенне расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2021». Яны маюць адбыцца ў сярэдзіне верасня гэтага года. Як ставяцца ў Літве да таго, што Беларусь з Расеяй будуць праводзіць ля межаў Літвы маштабныя вайсковыя вучэнні ў такой складанай міжнароднай сітуацыі? Як Літва адрэагуе на іх?

У нас ужо склалася традыцыя рэагаваць на вучэнні «Захад», што адбываюцца не першы раз. Кожны раз мы разглядаем гэта як пагрозу, бо ведаем, што вучэнні на Паўночным Каўказе прывялі да вайны супраць Грузіі. Будзе ўзмоцненая актыўнасць нашых хаўруснікаў. Мы рыхтуемся да розных сцэнароў, але спадзяёмся, што гэта будуць апошнія вучэнні ў такім складзе ды агрэсіўных сцэнароў больш не будзе. Неабходна адзначыць, што на мінулых вучэннях быў акурат сцэнар нападу на краіны NATO. Мы спадзяёмся, што больш такія вучэнні не адбудуцца, бо Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай.

Я думаю, што магу шчыра падзякаваць ад усяго беларускага народу за падтрыманне беларускага грамадства, якое імкнецца да свабоды, і за тое, што Літва гэтак гасцінна прыняла Святлану Ціханоўскую ды ейную каманду на сваёй тэрыторыі.

Дзякую вам! Будзем змагацца за нашу і вашу свабоду!

Калаж з фота: INTS KALNINS / Reuters / Forum; Hans Christian Plambeck / Laif / Forum; VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 28.02.2021

Стужка навінаў