Даказалі, што ў Беларусі адбыўся генацыд

Памяць аб крывавых выпрабаваннях у мінулым, вайне, ёсць найлепшы гарант міру і існавання розных народаў на нашай зямлі. Так казаў Васіль Быкаў у аповесці «Дажыць да світання». Але ці памятаем мы? Ці асэнсавалі мінулыя выпрабаванні? Чаму мы не перадухілілі сённяшніх жахаў? Cёння мы разам будзем шукаць адказ на пытанні: што такое генацыд? Ці адбываецца ён цяпер? І як гэта ўсё перажыць?

Аднак пачнём з далёкага мінулага. Фізічнае знішчэнне паводле нацыянальнай ці рэлігійнай прыкметы на пачатку чалавечай гісторыі было паўсюдным. Гэтаксама, як і рабаўладанне. Гістарычныя падзеі – знішчэнне ці захоп цэлых народаў – цесна перапляліся з самой рэлігіяй. Сыход габрэяў з егіпецкага палону – гэта гісторыя ўцёкаў ад генацыду.

А ўжо габрэйскія міжусобныя войны ўвялі ў міжнародную лінгвістыку слова «шыболет» – цяпер гэта значыць «моўны пароль».

Гаворка пра вайну між горадам Гілеадам, які ўзначальваў ізраільскі суддзя Іфтах, і эфраімцамі, што жылі за Іярданам. Пасля перамогі Іфтах загадаў ваярам заняць усе пераправы праз раку, каб эфраімцы не вярнуліся дадому жывымі.

«…Перахапілі гілеадзяне ўсе брады на Іярдане, што вялі ў зямлю Эфраім. Калі які ўцякач-эфраімец казаў: «Я хачу перайсці на той бок», гілеадзяне пыталіся: «Ты эфраімец?» Калі той казаў «Не», яны гаварылі яму: «Ну дык вымаві тады слова «шыболет». Калі ён казаў «сіболет», бо па-іншаму не мог яго вымавіць, яго хапалі і забівалі каля броду іярданавага. Тады загінула 42 тысячы эфраімцаў…» Кніга Суддзяў (12:5-6)

Калі зʼявілася хрысціянства, у еўрапейскай масавай свядомасці ўпершыню прагучаў прынцып, што ўсе мы роўныя, няма ні эліна, ні юдэя, кожны мае права на жыццё. Толькі войнаў гэта не спыніла.

«Генацыд азначае літаральна «забойства роду», і калі браць гісторыю, то беларусы з гэтым сутыкаліся, то бок калі іх забівалі за тое, што яны належаць да беларускага народу, беларускага этнасу», – тлумачыць гісторык Аляксандр Краўцэвіч, і нагадвае пра атакі Тэўтонскага ордэну на Горадню і заходнія вобласці сённяшняй Беларусі.

Асабліва жорстка крыжакі распраўляліся з іншаверцамі.

«У хроніках Тэўтонскага ордэну шмат пра гэта напісана: прыйшлі, спалілі, пазабівалі ўсіх, ад жанчын да дзяцей, па той прыкмеце, што яны належалі да групы язычнікаў, а не да хрысціянства», – распавядае Аляксандр Краўцэвіч.

Генацыд да нас прыходзіў і з Усходу, падчас Інфлянцкае, або Лівонскае вайны. Маскоўскі цар Іван Жахлівы, захопліваючы гарады на тэрыторыі сучаснае Беларусі, забіваў гараджанаў паводле радавой прыкметы, або рэлігійнай – напрыклад, загадаў патапіць у Дзвіне ўсіх полацкіх габрэяў. Гісторыкі пагаджаюцца, што рабаваць захопленыя гарады ў Сярэднявеччы было нярэдкай практыкай…

«Але не лічылася магчымым знішчаць цэлыя групы насельніцтва. Іх маглі пераследаваць, маглі рабаваць, бо багатыя. Іван 4 гэта дапускаў, і не толькі адносна беларусаў гэта дапускаў, але і адносна Вялікага Ноўгарада», – падкрэслівае доктар гістарычных навук.

Праўда, у школах пра жорсткае абыходжанне Масквы з нашымі продкамі звычайна не распавядаюць.

«Беларуская дзяржаўная ідэалогія, якая сфармавалася ў лукашэнкаўскую пару, у неа-савецкім фармаце, яна не прадугледжвае класічную мадэль нацыянальнай ідэнтычнасці. Яна завязаная на тым, што можна кваліфікаваць, як наднацыянальная ідэнтычнасць, ідэнтычнасць савецкага народу або часткі рускага міру», – тлумачыць Пётр Рудкоўскі, дырэктаар Беларускага Інстытуту Стратэгічных Даследаванняў (BISS).

Прасцей кажучы, у «расейскім свеце» няма ніякіх беларусаў, ёсць «народы БССР», таму і беларускіх герояў, што змагаліся за незалежнасць, там таксама няма. А расейскія палкаводцы, якія тапілі вызваленчыя паўстанні ў крыві – ёсць.

«Гісторыя апавядаецца такім чынам, што Мураўёў або Сувораў функцыянуюць, як наднацыянальныя героі», – кажа Пётр Рудкоўскі.

У нашых суседзяў – іначай. Літва штогод адзначае Дзень смутку і надзеі ў гонар грамадзянаў, якіх пасля акупацыі 1940-га года масава і прымусова дэпартавалі ў Сібір.

«А 4-й раніцы да нас пачалі ламацца ў дзверы. Мае бацькі дамовіліся з няняю, каб яна адвезла мяне да сваякоў. Але яны схапілі мяне за руку, як ката, і кінулі ў павозку», – распавядае пра падзеі Альдона Вялаціене, дэпартаваная ў Сібір пасля акупацыі.

«Мы ўвесь час спадзяваліся вярнуцца. Галоўнае, мы ведалі, што ні ў чым не вінаватыя, мы былі нявіннымі дзецьмі. Мы не маглі зразумець жорсткасці ўладаў і тых людзей, якія думалі, што з намі штосьці не так, што нас трэба знішчыць», – кажа Гядзімінас Уогінтас, які прайшоў такі самы шлях з роднай Літвы.

Гэта – помнік загінулым і закатаваным на Усходзе, размешчаны ў самым цэнтры Варшавы. Чыгуначная платформа, на якой стаяць каталіцкія і праваслаўныя крыжы, тут ёсць і габрэйскі магендавід, і мусульманскае надмагілле. Шпалы з надпісамі Пінск, Баранавічы, Менск, Чарнігаў, Данецк – гэта месцы расстрэлаў – і так да самай Сібіры.

Гэта памяць пра трагічныя падзеі 1939-га года, калі Гітлер і Сталін падзялілі Польшчу, і на ўсход былі дэпартаваныя польскія жаўнеры, афіцэры, інтэлігенцыя, святары. Дый проста заможныя сяляне, адукаваныя і свядомыя людзі. Усе, хто жыў ва Усходняй Польшчы ці Заходняй Беларусі ды ўяўляў пагрозу для сталінскага рэжыму. У тым ліку нашыя продкі, нашыя суайчыннікі. Іх вывозілі, каб потым расстраляць або пасадзіць у канцлагер.

У Беларусі няма падобных помнікаў ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў такога маштабу.

Самы вядомы з мемарыялам рэпрэсаваным – урочышча Курапаты, праз якое праходзіць Менская кальцавая аўтадарога. Тут байцы НКВД расстралялі да чвэрці мільёна чалавек, пераважна беларусаў. Сярод рэпрэсаваных былі пісьменнікі і паэты – інтэлігенты, што паверылі ў зман бальшавікоў аб беларусізацыі 1920-х гадоў. А загінулі ў 1937-м.

«Паверылі, што гэта беларуская нацыянальная дзяржава, вярнуліся з эміграцыі, і потым былі ўсе расстраляныя або знішчаныя ў ГУЛАГу», – падсумоўвае Аляксандр Краўцэвіч.

Уся сучасная гісторыя Курапатаў – гэта гісторыя барацьбы між нацыянал-дэмакратычнымі актывістамі, якія ставяць крыжы і памятныя шыльды, – і вернымі Лукашэнку чыноўнікамі, якія выконваюць загад зламаць, схаваць гэтыя крыжы, забудаваць іх, агарадзіць, засланіць туямі.

«Трэба тут дадаткова заняцца пасадкай дрэваў, якія б… Па перыметру, туямі можна. Падумайце, як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты… Але недапушчальна, каб тут хтосьці штосьці рабіў без дазволу. Гэта ж дэманстрацыя! Гэта камусьці трэба. Гэта палітычная дэманстрацыя», – раздаваў загады Лукашэнка ў 2019-м, пасля таго, як на Курапатах павырывалі частку крыжоў і пабудавалі агароджу па перыметры.

Няма ў нас і помнікаў ахвярам Галадамору – зарганізаванага Сталіным штучнага масавага голаду. На пачатку 1930-х гадоў чэкісты канфіскоўвалі ўраджай у сялянаў, каб прымусіць іх ісці ў калгасы. У Беларусі маштаб злачынства быў меншым, чым ва Украіне, дзе Галадамор афіцыйна прызнаны актам генацыду.

«Наколькі можна назваць Галадамор у Беларусі і Украіне генацыдам? З пэўнымі засцярогамі можна, гэтаксама, як і вынішчэнне інтэлігенцыі ў гэтых і іншых народах Савецкага Саюзу… Рэч была ў тым, каб нейтралізаваць патэнцыйных, нават не актуальных, а патэнцыйных палітычных апанентаў, тых, хто мог кінуць выклік сталінскаму рэжыму… Калі б гэтая разня, гэтае вынішчэнне, гэтыя рэпрэсіі прывялі б да знікнення цэлых народаў, то для Сталіна гэта не было бы праблемай. Ведаем ягоную ментальнасць: гібель аднаго чалавека гэта трагедыя, гібель мільёнаў – статыстыка», – тлумачыць дырэктар BISS.

Такая ж ментальнасць была і ў Адольфа Гітлера. Толькі ідэалогія абапіралася на псеўда-вяршынства арыйскае нацыі над усімі іншымі. Падпісаўшы мірную дамову са Сталіным, Гітлер развязаў Другую сусветную вайну – і 2 гады не нападаў на Савецкі Саюз, рыхтаваўся да 1941-га.

Гітлер збудаваў канцлагеры і лагеры смерці, забіў да 6 мільёнаў еўрапейскіх габрэяў, запусціў махіну масавых забойстваў, бесчалавечных эксперыментаў, дэпартацыі захопленых народаў і жорсткіх рэпрэсіяў супраць мясцовага насельніцтва. Сімвалам гітлераўскага генацыду ў Беларусі стала спаленая вёска Хатынь.

Мемарыял у Хатыні актыўна выкарыстоўвае дзяржаўны апарат у ідэалагічных мэтах. Менш вядомы мемарыял «Яма», дзе расстралялі 5 тысячаў габрэяў – вязняў Менскага гета.

Вядома, запавет Майсея «не забі», і запавет Хрыста «палюбі блізкага твайго, як самога сябе» не спынілі ні Крыжовых паходаў, ні ўнутрыеўрапейскіх войнаў на рэлігійнай ці нават канфесійнай глебе, ні зверстваў хрысціянскіх уладароў у замежных калоніях – у тым ліку са шматмільённымі ахвярамі. Але ў 20-м стагоддзі здарылася настолькі зверская катастрофа, што людзі вырашылі: досыць! Больш ніколі!

Пасля Другой сусветнай сама Арганізацыя абʼяднаных нацыяў паўстала, як міжнародны механізм супраць войнаў і ваенных злачынстваў.

І Еўразвяз збудавалі з мэтаю, каб на нашым кантыненце больш ніколі краіны-чальцы не ваявалі між сабой, каб там ніколі не было нават спробаў генацыду.

Паводле Канвенцыі аб перадухіленні злачынства генацыду, якую прыняла Генеральная асамблея ААН у 1948 годзе, генацыд – гэта дзеянні, скіраваныя на поўнае ці частковае знішчэнне нацыянальнай, этнічнай, расавай ці рэлігійнай групы. Вось якія віды генацыдаў там запісаныя:
– забойствы чальцоў гэтай групы
– прычыненне істотных цялесных пашкоджанняў ці давядзенне да разумовага разладу чальцоў такой групы
– наўмыснае стварэнне жыццёвых умоваў, разлічаных на поўнае ці частковае фізічнае знішчэнне такой групы
– захады для таго, каб у такой групе перасталі нараджацца дзеці
– гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую

Адказнасць за генацыд нясе кожны ўдзельнік, незалежна ад пасады і загаду, незалежна ад таго, у мірны час ці на вайне ён парушыў міжнароднае права.

На жаль, мы мусім прызнаць, што падзеі ў Беларусі за апошнія гады маюць прыкметы генацыду.

«Маем дзясяткі тысячаў затрыманняў, амаль 5 тысячаў ужо зарэгістраваных катаванняў, напэўна, было болей», – нагадвае Паліна Прысмакова, дацэнт кафедры дзяржаўнага кіравання Атлантычнага ўніверсітэту Флорыды.

Маем нават самы сапраўдны канцлагер, збудаваны пад Слуцкам – ён часова не выкарыстоўваецца.

Аблавы на грамадзянаў, зверскае збіццё, катаванні пасля затрыманняў, бесчалавечнае абыходжанне і знявага, калецтвы і нават забойствы – усё гэта ваенна-міліцэйская сістэма Лукашэнкі абрынула на грамадзянаў, якія хацелі сапраўдных прэзідэнцкіх выбараў.

Былі і выпадкі, калі ў жніўні 2020-га года сілавікі пазначалі фарбай і наймацней білі тых, хто размаўляў па-беларуску ці меў татуіроўкі з нацыянальным гербам і сцягам.

«Палітыкі ў Беларусі больш няма. Тых людзей, якія сотнямі тысячаў выходзілі на вуліцы, іх абʼядноўвала беларускасць. А палітычныя ідэі, мэты, партыі былі абсалютна рознага колеру і кшталту», – тлумачыць спецыялістка.

Зусім новы спосаб лукашэнкаўскага генацыду – каронавірусныя камеры. Затрыманых, хворых на Ковід-19, не вязуць у шпіталь, а пераводзяць з камеры ў камеру, каб захварэла як мага больш нелаяльных уладзе арыштантаў. Хворым не аказваюць дапамогі, а катуюць іх холадам. Гэтак пасля ізалятару на Акрэсціна ад каронавіруса загінула мянчанка Алена Амеліна.

«Вельмі шмат людзей захварэлі. Было падазрэнне, што гэта нейкая прастуда, але потым пачаліся трывожныя сігналы з розных камер пачалі паведамляць, што губляюць людзі абанянне», – распавядаў у лістападзе 2020 пасля вызвалення Арцём Лява, журналіст «Белсату», які захварэў на Ковід пад арыштам у Баранавіцкім ізалятар.

Калі пасадзіць у турму, катаваць ці нават забіць могуць за лозунг «Жыве Беларусь!», то гэта ґвалтоўныя дзеянні супраць нацыянальнай групы. Генацыд.

Каб ахвяры рэпрэсіяў атрымалі рэабілітацыю і кампенсацыю і каб вінаватыя трапілі пад суд, у Нюрнбэрзе прайшла юрыдычная канферэнцыя ў справе Беларусі – як першы крок да міжнароднага трыбуналу. У нямецкім горадзе, дзе пасля вайны судзілі вярхі нацыянал-сацыялістычнай партыі Гітлера і шараговых выканаўцаў злачынных бесчалавечных загадаў.

«Падчас Нюрнбэргскага працэсу некаторыя для сваёй абароны казалі фразы кшталту «мне проста загадалі». Я лічу, што ў беларускім выпадку гэтыя сілавікі таксама будуць казаць: «мне далі загад і я яго выконваў». Але паводле сённяшняга закону сказаць: «мне загадалі, я памыліўся» – немагчыма, проста не варта тых загадаў выконваць», – тлумачыць Мао Вансон, юрыстка кампаніі «Bourdon & Associés» (Францыя).

Ужо цяпер паводле скаргаў пацярпелых ад лукашэнкаўскіх сілавікоў у дзяржавах Еўразвязу ідуць праверкі, каб распачаць крымінальныя справы з дапамогаю прававога інструменту – універсальнай юрысдыкцыі.

«Мэта ўніверсальнае юрысдыкцыі – спрыяць дзяржаве ці міжнароднаму трыбуналу пераследаваць меркаваных злачынцаў за канкрэтныя дзеянні, незалежна ад таго, дзе злачынства было здзейсненае, незалежна ад нацыянальнасці ахвяры і нацыянальнасці злачынцы», – тлумачыць Мао Вансон.

«Трэба разумець, што канвенцыя ў справе генацыду працуе на ўзроўні краінаў. Таму на пытанне, што рабіць, каб абараніць Беларусь на ўзроўні краіны, трэба, каб Польшча, ці Літва, ці Еўразвяз на ўзроўні міждзяржаўнага абʼяднання падалі заяўку ў (міжнародны) трыбунал пра генацыд беларускай нацыі… Усё сабраць разам, усе факты, усе звесткі, абʼяднаць усе праваабарончыя арганізацыі, усю статыстыку і нарэшце падаць заяву ў трыбунал», – падкрэслівае Паліна Прысмакова.

Самае галоўнае ў Глабальным пытанні: генацыд – злачынства, якое парушае міжнароднае права, цывілізаваны свет асуджае яго і арганізуе міжнародную супрацу, каб пазбавіць чалавецтва ад генацыду і пакараць яго ўдзельнікаў. І кожны, хто здзяйсняе генацыд, падлягае суду, незалежна ад таго, ці меў загад, ці дзеяў як прыватная асоба. Адзіны спосаб атрымаць юрыдычную палёгку – спыніць свой удзел у злачынстве і дапамагчы расследаванню і міжнароднаму суду.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

АБСЕ: сіла, якая можа спыніць вайну

Як не стаць ахвярай хакераў?

Чаму мы будзем цэлямі для ракетных удараў?

Як беларусы шыфруюцца ў інтэрнэце?

Беларусаў рыхтуюць да вайны з Украінай

Супраць каго беларусы будуць ваяваць у Казахстане?

«Белсат» прадказаў мігранцкі крызіс

Лукашэнка цягне Беларусь у ядравую вайну