Як літоўскія бізнесоўцы зарабляюць свае багацці на беларускім каліі

Беларускія калійныя ўгнаенні экспартуюцца штогод на $ 2,5 млрд, але важкая частка прыбытку асядае ў Літве. Расследавальнікі праграмы «Давайце разбірацца» супольна з літоўскім цэнтрам «Siena» высветлілі, як можна пракручваць такія схемы за кошт патэнцыйнага даходу дзяржаўнага манапаліста. Пры гэтым шахцёры рэгулярна рызыкуюць сваім здароўем у забоях, у тым ліку таму, што на новае абсталяванне не стае грошай.

Цесная беларуска-літоўская супраца ў калійнай сферы пачалася ў 2013 годзе, калі «Беларуськалій» купіў 30 % «Birių krovinių terminalas».

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Гэтая кампанія валодае тэрміналам для апрацоўвання сыпкіх грузаў у Клайпедскім порце. Беларусы пастанавілі сканцэнтраваць свае грузавыя плыні праз гэты тэрмінал, каб скараціць выдаткі на дастаўку. Па выніках 2020 года больш за 90 % усёй прадукцыі «Беларуськалію» вывозілася праз Літву.

Летась беларускі калійны дзяржаўны манапаліст экспартаваў прадукцыі на $ 2,4 млрд.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Але прыбытку ад гэтых угодаў засталося ўсяго толькі $ 9 млн. Продажам у іншыя краіны «Беларуськалій» займаецца праз дзяржаўнага трэйдара – «Беларускую калійную кампанію» (БКК). Аднак і яна працуе практычна з нулявым прыбыткам.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Наколькі ж атрымалася скараціць выдаткі беларускіх калійнікаў, набыўшы частку літоўскага тэрміналу?

Так, за апошнія 8 гадоў «Birių krovinių terminalas» атрымала амаль € 500 тыс. выручкі, з якіх чысты прыбытак – больш за € 100 млн.

А асноўны акцыянер «Birių krovinių terminalas» Ігар Удавіцкі атрымаў з гэтых грошай € 46 млн дывідэндаў.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

«Беларуськалій» і БКК таксама супрацоўнічаюць з фірмамі, якія падкантрольныя дырэктару «Birių krovinių terminalas» Відмантасу Дамбраўскасу і Ігару Удавіцкаму.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Дамбраўскас разам з «Беларускай калійнай кампаніяй» валодае кампаніяй «Fertimara» ў Клайпедскім порце. Гэта эксклюзіўны фрахтовы брокер БКК – яна знаходзіць і наймае караблі для перавозу 90 % беларускай прадукцыі.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Выручка «Fertimara» за 2020 год склала амаль € 4,5 млн, а чысты прыбытак – каля € 3 млн. Рэнтабельнасць продажаў – 68 %, на парадак большая, чым сярэдняя ў галіне.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Яшчэ адна фірма, падкантрольная дырэктару «Birių krovinių terminalas», называецца «Ferticonta». Яна займаецца перавозам і пагрузкай кантэйнераў у Клайпедскім порце. У 2020 годзе выручка «Ferticonta» склала € 2,7 млн. Рэнтабельнасць за апошнія пяць гадоў – ад 75 % да 188 %.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Дамбраўскас адмовіўся раскрыць прычыны такой паспяховай працы.

«Гэтыя кампаніі – лідары на рынку. Яны надаюць выключныя паслугі, да якіх яшчэ ніхто не дадумаўся. Гэта камерцыйная таямніца. Я яе не буду афішаваць. Пра гэта я нават не хачу казаць і не буду казаць», – сказаў ён.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Відмантас Дамбраўскас у 2019 г. стаў гарадскім дэпутатам Клайпеды і праз год –

Сям’я Удавіцкага валодае кампаніяй «Ferteksos transportas», якая займаецца перавозам угнаенняў. За мінулы год ёй заплацілі каля € 40 млн. Практычна ўся гэтая сума прыйшла ад «Birių krovinių terminalas».

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Таксама Удавіцкі кантралюе кампанію «Gargždų geležinkelis», якая займаецца перавозам грузаў, манеўровымі працамі і рамонтам цягнікоў, захоўвае і здае ў арэнду лакаматывы. За 2020 год выручка кампаніі склала больш за € 5,6 млн, чысты прыбытак – € 15 тыс. Таксама Удавіцкі кантралюе кампанію «Vagonų servisas». Кампанія каардынуе грузавыя цягнікі, якія прыбываюць у Клайпедскі порт.

Пасля цеснай кааперацыі літоўцаў з «Беларуськаліем» і БКК абароты «Vagonų servisas» сталі расці. У 2020 годзе кампанія спрацавала з рэнтабельнасцю амаль 80 %.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

У выніку за апошнія восем гадоў, якія мінулі з часу ўваходжання «Беларуськалію» ў «Birių krovinių terminalas», кампаніі, падкантрольныя выключна Удавіцкаму і ягонаму партнёру Дамбраўскасу,

Са словаў інсайдара, бізнес з «Беларуськаліем» ва Удавіцкага ішоў не вельмі актыўна, пакуль ён не пасябраваў з Дамбраўскасам, які да гэтага працаваў у паліцыі.

Менавіта Дамбраўскас змог знайсці агульную мову з Аленай Кудравец, якая цяпер узначальвае «Беларускую калійную кампанію», а да гэтага працавала намесніцаю генеральнага дырэктара ў камерцыйных пытаннях і лагістыцы «Беларуськалію». Са словаў нашай крыніцы, паміж Дамбраўскасам і Кудравец здарылася нейкая «хімія», і Дамбраўскас змог дамовіцца з ёй.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Алена Кудравец узначаліла спецтрэйдара «Беларуськалію» ў ліпені 2013 г. Гэта адбылося праз некалькі месяцаў пасля ўгоды аб тэрмінале «Birių krovinių terminalas» і незадоўга да заявы расейскага «Уралкалію» аб выхадзе з партнёрства з «Беларуськаліем» і спыненні экспартных продажаў праз супольнага трэйдара – БКК. Дзеянні «Уралкалію» сталі адказам на адмененае Аляксандрам Лукашэнкам эксклюзіўнае права на продаж расейска-беларускага супольнага прадпрыемства. Затым быў арышт кіраўніка «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера ў Менску, куды ён прыбыў для сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, і змена акцыянераў расейскай кампаніі. У лістападзе БКК паведаміла аб нармалізацыі сваёй самастойнай працы пасля разрыву з «Уралкаліем».

Пра гэта заявіў Аляксандр Палякоў – новы намеснік Кудравец. Ён дагэтуль служыў у КДБ і Аператыўна-аналітычным цэнтры, працу якіх у той час курыраваў Віктар Лукашэнка – старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Незадоўга да скандалу пад кантролем спецслужбаў была створаная камісія, якая аналізавала збыт калійных угнаенняў. Сярод яе актыўных удзельнікаў была і Алена Кудравец.

Ігар Удавіцкі і Алена Кудравец адмовіліся ад каментароў.

Цяпер літоўская схема выпампоўвання грошай з «Беларуськалію» – пад пагрозаю з прычыны заходніх санкцыяў. 24 чэрвеня 2021 года Еўразвяз увёў сектаральныя санкцыі ў тым ліку супраць часткі калійных угнаенняў. Пад абмежаванні ЕЗ не трапіў экспарт у еўрапейскія краіны самага папулярнага ў свеце віду ўгнаенняў – хлорыстага калію з утрыманнем карыснага рэчыва (аксіду калію) 40–62 %. Аднак асобна санкцыі супраць «Беларуськалію» ўвялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія. Літва ўжо заявіла, што спыніць перавоз прадукцыі салігорскага камбінату праз сваю краіну з 8 снежня 2021 года.

Крыніца ў Літоўскай чыгунцы распавяла, што ці запрацуюць санкцыі супраць «Беларуськалію», будзе залежаць ад банкаў. Калі яны будуць праводзіць плацяжы, то пастаўкі будуць працягвацца. Калі не будуць, то пастаўкі спыняцца.

«У нас няма ніякіх адносінаў са Злучанымі Штатамі, ні з доларамі, ні з чым. Калі дачакаемся гэтай даты, тады і паглядзім. Гэта банкі больш пераймаюцца, а мы глядзім на санкцыі Еўразвязу, бо мы краіна Еўразвязу», – лічыць Дамбраўскас.

У выпадку, калі Літва заблакуе транзіт беларускіх угнаенняў, то ў «Беларуськалію» і БКК застанецца толькі варыянт паставак праз Расею, але з Крамлём на гэты конт пакуль няма канкрэтных дамоўленасцяў.

«Прайграе ва ўсіх выпадках толькі Літва. Бо калі беларускі калій пойдзе ў расейскія парты, ён пойдзе назаўсёды», – пісаў Удавіцкі ў чэрвені 2021 года, калі толькі пачалі абмяркоўваць перанакіраванне прадукцыі «Беларуськалію» праз РФ.

Пакуль жа прыбытку «Беларуськалію» не стае на тое, каб наладзіць бяспечную здабычу калію. За апошнія 10 гадоў, паводле неафіцыйных звестак, у шахтах «Беларуськалію» адбылося больш за сотню розных здарэнняў. Толькі з адкрытых крыніцаў вядома, што за гэты час загінулі 18 шахцёраў.

Графіка з праграмы “Давайце разбірацца”

Часцей за ўсё кіраўнікі калійнага камбінату вінавацяць у надзвычайных здарэннях гарнякоў. Рабочыя ж распавядаюць, што ім даводзіцца працаваць на старым абсталяванні, якому патрабуецца замена або рамонт, таму пад пытаннем – бяспека. Дзяржаўная кампанія эканоміць сродкі на мадэрнізацыю тэхнікі.

«Кіраўніцтва кожны раз спрабуе выставіць работніка вінаватым, бо нікому не патрэбны інцыдэнт, у якім вінаватае кіраўніцтва «Беларуськалію». Не ведаю, што распавядаюць гэтым людзям. Вельмі шмат хто згаджаецца з афіцыйнай версіяй і бяруць віну на сябе», – сцвярджае былы супрацоўнік «Беларуськалію» Уладзімір Цімашэнка.

На «Беларуськаліі» ад каментароў праз тэлефон адмовіліся.

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Царскія падарункі алігарха для Аляксандра Лукашэнкі

Віктар Лукашэнка і расейскі мільярдэр прыбралі да рук беларускі інтэрнэт

Як «аршанскі афшор» спрабуе абысці санкцыі Захаду і незадаволенасць Расеі

«Pandora Papers»: Як сын Шэймана таемна здабываў золата ў Афрыцы

Ці выедзе БелАЗ з-пад санкцыяў? Расследаванне

Адкаты, крадзеж і карупцыя ў айчыннай энергасістэме. Расследаванне

Вірус Дэльта: новыя схемы і махлярства са статыстыкай

Як працуе беларускі калідор нерэгулярнай міграцыі