Атачэнне Лукашэнкі карыстаецца афшорам у Арабскіх Эміратах. Эксклюзіўны каментар тытунёвага алігарха «Белсату»


Расследаванне «Давайце разбірацца» супольна з літоўскім расследавальніцкім парталам Siena.lt і Міжнародным цэнтрам расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) выявіла схемы, паводле якіх грошы ад рэалізацыі цыгарэтаў ідуць у эмірацкі афшор, які належыць блізкаму да ўладаў бізнесоўцу.

21 студзеня 2021 года літоўскія памежнікі правяраюць цягнік, які вязе ўгнаенні з Беларусі. На вагонах пазначана, што прадукцыя едзе з «Беларуськалію». У памежнікаў ужо была інфармацыя, што цягнік можа перавозіць кантрабанду. Інфармацыя пацвердзілася. У адным з вагонаў знайшлі дзясяткі скрыняў, а ў іх амаль 45 тысяч пачак цыгарэтаў «Фэст» з беларускімі маркамі. Раздробны кошт аднаго такога грузу пры рэалізацыі ў Літве – амаль паўтары сотні тысяч еўраў.

«Праз Літву ідзе велізарная плынь угнаенняў, вырабленых у Беларусі. Гэта пераважна «Беларуськалій» і «Горадня Азот». І гэтая плынь выкарыстоўваецца для кантрабанды, і літоўскія мытнікі таксама пацвердзілі, што грузы гэтых дзвюх кампаніяў часта трапляюцца з грузамі кантрабанды», – тлумачыць Шарунас Чарняўскас, кіраўнік расследавальніцкага праекту Siena.lt.

Між тым, як выявіла нашае расследаванне, не ўсе грошы ад экспарту цыгарэтаў застаюцца ў Беларусі. Паводле экспартна-імпартнай базы звестак «ImportGenius», у ліпені 2019 года эмірацкая кампанія «Petrotrade» паставіла расейскай кампаніі «Фрихаус» цэлую фуру цыгарэтаў «Фэст», «Credo» і «NZ», якія вырабляюць на тытунёвай фабрыцы «Нёман».

Давайце разбірацца
Бізнес-імперыя Лукашэнкі. Расследаванне «Белсату»
2021.02.04 19:30

Уладальнік «Фрихаус» Дзмітрый Онюшаў сцвярджае, што гэта была разавая пастаўка. Ягоная кампанія гандлюе цыгарэтамі праз краму «Duty free» ў Бранскай вобласці на мяжы з Украінай. Цяпер гандаль згорнуты праз каронавірус.

Што датычыць кампаніі «Petrotrade», то яна размяшчаецца ў свабоднай эканамічнай зоне Рас-аль-Хаймы за гадзіну язды ад Дубаю. У гэтай зоне не плоцяць падаткі і мыта на рээкспартаваныя тавары. Кіраўнік «Petrotrade» – Дзмітрый Алексін, сын уплывовага беларускага бізнесоўцы Аляксея Алексіна.

«У нас плацельнік акцызу – вытворца і імпарцёр. Адпаведна, калі прадаеш, то акцыз пры экспарце кладзецца на сабекошт прадукцыі. Таму калі беларуская кампанія набывае ў беларускай кампаніі любой падакцызны тавар і экспартуе яго, акцыз ідзе на сабекошт. Гэта значыць, павялічваецца кошт тавару пры экспарце», – патлумачыць бізнесовец Аляксей Алексін.

На літоўскай мытні не выключаюць, што такія схемы могуць служыць для кантрабанды цыгарэтаў у Еўразвяз. Гэта называецца перарваны транзіт, альбо карусель.

«Карусель – гэта такая схема, калі цыгарэты заязджаюць на тэрыторыю Літвы як транзіт, яны мусяць трапіць у якую-небудзь іншую дзяржаву. Але яны так едуць з адной краіны ў іншую, мінаюць межы і дзесьці, у нейкім пункце, цыгарэты знікаюць. І гэты груз трапляе, напэўна, на чорны рынак», – дадае кіраўнік расследавальніцкага праекту Siena.lt Шарунас Чарняўскас.

Спыніць распаўсюд кантрабанды, на думку адмыслоўцаў, дапамогуць высокія і рэгулярныя штрафы за перавоз і збыт нелегальнай прадукцыі, абавязковае знішчэнне сканфіскаванай нелегальнай прадукцыі, а таксама захады для барацьбы з карупцыяй.

Поўны тэкст расследавання даступны ў фарматах pdf, mobi, epub.

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum, riavrn.ru, pixabay.com

Belsat.eu