Суд не стаў мяняць меру стрымання на больш мяккую, паведамляе TUT.BY.
9 снежня суд Цэнтральнага раёну разгледзеў скаргу абаронцы Кацярыны Барысевіч на заключэнне яе пад варту. Журналісту і доктару, якія праходзяць абвінавачанымі па справе аб разгалашэнні медыцынскай таямніцы, абралі самую строгую меру стрымання, нягледзячы на тое што ў іх ёсць непаўналетнія дзеці, Кацярына адна выхоўвае дачку. Суддзя Таццяна Акавітая вырашыла пакінуць скаргу без задавальнення. Такім чынам, Кацярына застаецца ў СІЗА.
Дакладны тэрмін абранай меры невядомы, паколькі з адвакатаў узялі падпіску пра неразгалошванне. Зыходзячы з практыкі, гаворка можа ісці пра два месяцы, то бок да 19 студзеня 2021 года.
Разгляд скаргі праходзіў у закрытым рэжыме. Саму Кацярыну ў суд не даставілі, і на абвяшчэнне нават не падключылі яе па скайпе. Абарона прасіла абраць у дачыненні да Кацярыны Барысевіч меру, не звязаную з заключэннем пад варту.
Гендырэктар «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людміла Чэкіна і вядомы адвакат Зміцер Гарачка накіравалі ў суд хадайніцтва, што гатовыя даць асабістую паруку, што Барысевіч, знаходзячыся на волі, не будзе перашкаджаць следству. Аднак суддзя пакінула скаргу без задавальнення.
Нагадаем, Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па ч. 3 арт. 178 КК (разгалашэнне медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы). Cанкцыя артыкула прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўлення волі са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення права на працу і прафесію. Следства вядуць супрацоўнікі пракуратуры.
Абвінавачванне прад’яўлена журналісту Кацярыне Барысевіч, якая рыхтавала артыкул аб Рамане Бандарэнка, і доктару Арцёму Сарокіну, які аказваў яму медыцынскую дапамогу.
Раскрыццё ўрачэбнай таямніцы крымінальным законам аднесена да катэгорыі менш цяжкіх злачынстваў, пры гэтым да фігурантаў абраная самая строгая мера стрымання – заключэнне пад варту.
Ні Сарокін, ні Барысевіч раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, зʼяўляюцца грамадзянамі Беларусі, маюць пастаяннае месца жыхарства ў краіне, працу, станоўчую характарыстыку з месца працы. У Арцёма Сарокіна трое дзяцей, Кацярына Барысевіч адна выхоўвае непаўнагадовую дачку – усё гэта вядома следству, цяпер і суду, аднак мера стрымання застаецца максімальна строгай.
Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па ч. 3 арт. 178 КК – раскрыццё ўрачэбнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы.
Беларускія і міжнародныя праваабаронцы прызналі Арцёма Сарокіна і Кацярыну Барысевіч палітвязнямі, а справа супраць іх – палітычна матываваным.
Крымінальнай справы па факту смерці Рамана Бандарэнкі дагэтуль няма.
belsat.eu