Затрыманні, збіццё, арышты. Як пераследуюць журналістаў «Белсату» пасля выбараў


З 9 жніўня журналісцкая супольнасць Беларусі перажывае беспрэцэдэнтны ўзровень ціску і рэпрэсіяў з боку дзяржавы. Belsat.eu падрыхтаваў хроніку пераследу нашых журналістаў за апошнія 7,5 тыдняў. Сем з іх 29 верасня застаюцца за кратамі.

Пачынаючы з 9 жніўня было больш за 50 выпадкаў затрыманняў карэспандэнтаў «Белсату» або журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам. Агульны тэрмін адміністратыўнага арышту, якія атрымалі нашыя журналісты, перавышае 120 содняў. Некаторыя прайшлі праз збіццё або атрымалі траўмы ў выніку выкарыстання сілавікамі зброі падчас разгону пратэстаў. Неаднаразова затрыманні суправаджаліся поўнай канфіскацыяй тэхнікі. Нарэшце, доступ да нашай старонкі belsat.eu у жніўні беларуская дзяржава абмежавала.

Гранаты, кулі і збіванне

Пераслед журналістаў «Белсату» пасля выбараў умоўна можна падзяліць на два этапы. Першы – гэта крывавыя падзеі 9-12 жніўня, калі журналістам даводзілася непасрэдна рызыкаваць сваім жыццём падчас жорсткага разгону пратэстаў.

Ст. м. Пушкінская, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Мінімум трое нашых карэспандэнтаў атрымалі траўмы ў выніку выкарыстання сілавікамі спецсродкаў. 10 жніўня падчас трагічных падзеяў каля станцыі метро «Пушкінская» (менавіта ў той вечар загінуў дэманстрант Аляксандр Тарайкоўскі) святлошумавымі гранатамі кантузіла фотакарэспандэнтку Таццяну Капітонаву і журналістку Кацярыну Андрэеву.

Ст. м. «Пушкінская», Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

На наступны дзень, 11 жніўня, каля «Пушкінскай» пашкоджанне ад гумовай кулі атрымала фотакарэспандэнтка Ірына Арахоўская. У сувязі з атрыманай падчас працы траўмай Арахоўская напісала зварот у Следчы камітэт з просьбай правесці праверанне законнасці дзеянняў сілавікоў, вынікаў якога дагэтуль няма.

Ірына Арахоўская (злева) падчас Маршу 30 жніўня. Фота – Аляксандр Васюковіч

Шматлікім белсатаўцам дапамагалі ратавацца ад сілавікоў жыхары суседніх да месца падзеяў дамоў. Менавіта гэтак пасля лёгкай кантузіі 10 жніўня выратавалася Кацярына Андрэева – яе пусцілі ў кватэру незнаёмыя людзі і дазволілі застацца да завяршэння зачысткі.

Ст. м. Пушкінская, Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Журналісты, якія трапілі ў рукі сілавікоў у тыя дні, прайшлі праз вельмі жорсткае абыходжанне і збіццё. Стаса Івашкевіча затрымалі ўвечары 9 жніўня на адным з выбарчых участкаў і адправілі на ІЧУ на Акрэсціна, дзе ён правёў каля 48 гадзінаў. У яго камеры, якая разлічаная толькі на 3 месцы, цягам двух содняў знаходзілася 13 чалавек, якіх фактычна не кармілі. Затрыманых выводзілі ў двор і праганялі «праз шыхт», збіваючы гумовымі дубінкамі. 11 жніўня суд прызнаў Івашкевіча вінаватым у правапарушэнні паводле арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і аштрафаваў на 30 базавых велічыняў.

Стас Івашкевіч у чарзе на Акрэсціна, дзе затрыманым вярталі асабістыя рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Журналістка «Белсату» Алена Дубовік была затрыманая вечарам 10 жніўня каля Цэнтральнага РУУСа і правяла за кратамі амаль трое содняў. Спачатку яе збілі адразу пасля затрымання, а потым – пасля таго як журналістка адмовілася падпісваць сфабрыкаваны пратакол. Бландынка-наглядальніца біла Алену ў тым ліку каленам у жывот. У выніку журналістку шпіталізавалі ў лякарню з падазрэннем на «разрыў яечніка».

Hавiны
Журналістку «Белсату» шпіталізавалі пасля трох дзён на Акрэсціна. Яе збівала наглядальніца
2020.08.14 21:10

Бабруйскую журналістку Марыну Маўчанаву, якая супрацоўнічае з «Белсатам», 10 жніўня затрымалі каля ІЧУ. АМАПаўцы білі яе дубінкай, абражалі і абяцалі забіць.

Нягледзячы на жорсткае абыходжанне, у большасці выпадкаў затрыманых 9-12 жніўня белсатаўцаў адпускалі без суда, а часам і без складання пратаколаў. Аднак некаторым рэгіянальным карэспандэнтам ужо тады прысуджалі адміністратыўныя арышты. Журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач атрымаў 5 содняў арышту (яго затрымалі 9 жніўня), віцебскі карэспандэнт Зміцер Казакевіч – 10 содняў (9 жніўня), магілёўская журналістка Аліна Скрабунова – 8 содняў (11 жніўня), гомельскі рэпарцёр Яўген Меркіс – 15 содняў (12 жніўня). Ва ўсіх чатырох выпадках журналістаў вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, хаця насамрэч падчас акцыяў яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

Фільмы
Місія – журналіст
2020.08.07 09:00

Гісторыя з затрыманнем Змітра Казакевіча мела нечаканы працяг. Журналіст правёў за кратамі 5 з 10 прысуджаных яму содняў арышту, пасля чаго яго вызвалілі. А 28 верасня суддзя Вераніка Барысава спыніла адміністратыўную справу супраць Казакевіча праз недаказанасць віны і нават выбачалася перад ім ад імя суду. Гэта абсалютна ўнікальны выпадак у гісторыі пераследу белсатаўцаў.

Судовы канвеер

Другі этап паслявыбарчага пераследу белсатаўцаў распачаўся ў канцы жніўня. Узровень фізічнага гвалту відавочна знізіўся, аднак цяпер вырасла рызыка апынуцца за кратамі ў выніку выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Фабрыкацыя адміністратыўных пратаколаў, дзе журналістаў вінавацілі ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах або ў непадпарадкаванні міліцыі, стала масаваю з’явай.

Фатограф Аляксандр Васюковіч ў зале суда Фрунзенскага раёна. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

27 жніўня падчас жывога эфіру затрымалі журналістку Кацярыну Андрэеву і аператара Максіма Гарчанка. Няглядзячы на тое, што існаваў відэазапіс, які даказваў, што белсатаўцы падчас акцыі ля Ратушы ў той дзень выконвалі свае прафесійныя абавязкі, на іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ноч яны правялі ў актавай залі Кастрычніцкага РУУС. На наступны дзень суд накіраваў пратаколы на дапрацоўванне і белсатаўцы выйшлі на свабоду.

Калегі сустракаюць журналістаў, якія выходзяць пасля затрымання і знаходжання ў ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 15 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Кацярына Андрэева і Максім Гарчанок былі зноў затрыманыя ў жывым эфіры падчас жаночага маршу 12 верасня. Цяпер ужо на іх склалі пратаколы паводле арт. 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) і 22.9 КаАП (парушэнне закону аб СМІ) і адправілі ў ЦІП на Акрэсціна. Там яны правялі трое содняў, суд адбыўся толькі 15 верасня. Кастрычніцкі райсуд вярнуў пратакол паводле арт. 23.4 на дапрацоўванне, а паводле арт. 22.9 аштрафаваў абодвух журналістаў на 50 базавых велічыняў (1350 BYN).

Hавiны
Рэпартаж з рукамі за спіною. Як журналістка «Белсату» правяла тры дні на Акрэсціна
2020.09.17 19:13

Дарэчы, для аператара Максіма Гарчанка гэта было ўжо трэцяе затрыманне за тры тыдні: 5 верасня яго разам з Аленай Дубовік затрымалі на жаночым маршы, але тады іх праз некалькі гадзінаў адпусцілі, склаўшы пратаколы паводле арт. 22.9 КаАП.

Журналісты «Белсату» Максім Калітоўскі і Алена Дубовік размаўляюць з удзельніцай Жаночага шэсця міру ў Менску. 5 верасня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Больш сувора суд паставіўся да Алеся Любянчука і Дзяніса Ганчарэнкі, якіх затрымалі ў Менску 24 верасня. На іх таксама склалі пратаколы за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне закону аб СМІ», але цяпер ужо суд пакараў абодвух журналістаў адміністратыўным арыштам на 12 содняў. Таксама Любянчука і Ганчарэнку аштрафавалі на 30 базавых велічыняў кожнага. Паралельна 15 содняў арышту (нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП)) атрымаў Павел Патапаў.

Алесь Любянчук.
Фота: Facebook

Нават калі суд вырашае абмежавацца штрафам, то гэта не азначае, што журналіст адразу выйдзе на волю. Марыю Грыц затрымалі падчас жаночага маршу 26 верасня, склалі пратакол паводле 23.34 і пакінулі да суда на Акрэсціна. 28 верасня суд Завадскога раёну аштрафаваў Марыю на 20 базавых велічыняў, аднак з ЦІП яе не выпусцілі – міліцыя склала на журналістку новы пратакол і пакінула за кратамі. Дома ў Марыі засталася маленькая дачка.

«Раней 23.34 не шылі»

Узмацнілася і паляванне на белсатаўцаў і ў рэгіёнах. Яўгена Меркіса і Марыну Драбышэўскую затрымалі 14 верасня – суд пакараў іх 15 і 10 соднямі арышту адпаведна. Аператар Андрэй Толчын з Гомля атрымаў 5 содняў арышту. Ва ўсіх трох выпадках на журналістаў складалі пратаколы паводле арт. 23.34 КаАП. Гомельскі журналіст Яўген Меркіс мусіў выйсці на свабоду 29 верасня, але яго пакінулі за кратамі адбываць 12 содняў адміністратыўнага арышту, якія ён атрымаў яшчэ ў жніўні. У выніку мусіць бесперапынна адсядзець у ізалятары 27 дзён.

Ларыса Шчыракова. Фота з Фэйсбуку

Некалькі разоў складалі пратаколы па арт. 23.34 і на гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову. Агулам пачынаючы з канца жніўня журналістку затрымлівалі тройчы. Двойчы яе пры гэтым пакідалі ў ізалятары да суду: у ІЧУ яна правяла ноч з 3 на 4 верасня, а таксама трое содняў з 11 па 14 верасня. Шчыракову хацелі пакінуць за кратамі і пасля затрымання 30 жніўня, аднак тады журналістцы стала ў міліцыі кепска і яе ў выніку шпіталізавалі. Адміністратыўны арышт Ларысе не прысуджалі, але чатыры разы штрафавалі.

Ларыса Шчыракова канстатуе, што ціск на незалежных журналістаў у рэгіёнах заўсёды быў вельмі моцны, аднак раней прынамсі рэпарцёрам «не шылі» арт. 23.34 і не пакідалі да суда ў ізалятары. Хаця ўмовы працы журналістаў цягам жніўня-верасня змяняліся імкліва.

«Былі пару тыдняў абсалютнай свабоды (маецца на ўвазе кароткачасовы перыяд пасля 12 жніўня, калі ўлады не разганялі акцыі пратэсту, – заўв. belsat.eu), потым пару тыдняў ужо свабоды з наступствамі. А потым зусім закрылі. Хаця на апошнім маршы нас не чапалі», – адзначае Ларыса.

«Мы з калегамі на кожны рэпартаж ідзем, як на вайну»

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Кацярына Андрэева кажа, што цяпер журналісты на кожны рэпартаж ідуць як на вайну.

«Ад пачатку жніўня для мяне стала зразумела, што кожны выхад на працу можа скончыцца прынамсі затрыманнем, а можа і нечым горшым. Нягледзячы на ўсе пройдзеныя раней курсы па бяспецы журналіста, усё адно на пару секунд губляешся, калі чуеш стрэлы і выбухі ў пары дзясяткаў метраў. Але дазволіць сабе замінку ў такой сітуацыі нельга – гэта пытанне жыцця. Мы мусім усведамляць, што бяспека (няхай і адносная) важнейшая за матэрыял: паранены журналіст не можа працягваць эфір. Раней мая праца таксама была звязаная з ціскам і затрыманнямі, але цяпер мы з калегамі на кожны рэпартаж ідзем, як на вайну: з сабой заўжды камплект чыстай вопраткі, аптэчка з медыкаментамі і сродкамі першай дапамогі, вада і хустка на выпадак слезацечнага газу, функцыя SOS-паведамлення на тэлефоне…» – распавядае яна.

Затрыманні сілавікоў у Менску працягваюцца. Сілавікі выкарыстоўваюць пярцовы газ. 23 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Адначасова Кацярына прызнае, што ёсць і пазітыўныя моманты ў новых умовах:

«Яшчэ ніколі раней я не чула столькі словаў шчырай падзякі журналістам. Людзі падыходзяць да мяне і маіх калегаў, каб прытуліць, сфатаграфавацца, падарыць кветкі. Нас называюць героямі, але я лічу, што проста выконваю сваю працу і знаходжуся ў патрэбны час у патрэбным месцы, каб данесці інфармацыю да гледача».

БАЖ: Колькасныя паказнікі рэпрэсіяў зашкальваюць

Андрэй Бастунец. Фота belsat.eu

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец у каментары belsat.eu адзначыў, што журналісцкая супольнасць цяпер перажывае, мабыць, самыя маштабныя рэпрэсіі за ўсе гады незалежнасці Беларусі.

«Увесь час беларускія незалежныя медыі знаходзяцца пад сур’ёзным ціскам, але гэты год вылучаецца нават на гэтым фоне менавіта колькасцю і разнастайнасцю рэпрэсіяў. Колькасныя паказнікі рэпрэсіяў зашкальваюць. Гэта найгоршы год за ўвесь час. Хаця адначасова варта адзначыць, што мы ўсё ж праходзілі і праз смерць нашых калегаў, праз закрыццё дзейнасці газетаў (калі не было яшчэ інтэрнэт-СМІ)», – падкрэсліў ён.

Затрыманні ўдзельнікаў Маршу герояў у Менску.
Фота: Аляксандр Васюковіч / belsat.eu

Бастунец пакуль не бачыць прынцыповых новых формаў пераследу або ціску на журналістаў. Галоўнае адрозненне ад мінулых гадоў менавіта ў колькасных паказніках.

«Усе формы ціску ўжо былі апрабаваныя ў той ці іншай ступені. Гэта датычыць і блакавання інтэрнэт-рэсурсаў, і затрымання журналістаў, і абвінавачвання журналістаў у тым, што яны нібыта з’яўляюцца ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў, і нават позвы аб закрыцці СМІ. Усе гэта мы ўжо праходзілі і раней. Цяпер мы фіксуем прыкладна ў тры разы больш выпадкаў ціску на журналістаў, чым гэта было ў самыя горшыя гады – напрыклад – у 2011 годзе», – канстатуе кіраўнік БАЖ.

Hавiны
«Нашай Ніве» пагражае штраф за сітуацыю з раненнем журналісткі Наталлі Лубнеўскай
2020.09.21 16:32

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў