Днямі Міхась Каўко зладзіў перформанс, каб прыцягнуць увагу да праблемаў інвалідаў па слыху, якія фактычна не могуць выклікаць у Беларусі службы дапамогі.
«Жарты жартамі, але ў выпадку майго раптоўнага знікнення прашу вінаваціць праваахоўныя органы», – напісаў у сваім «Фэйсбуку» студэнт студыі «Фортынбрас» беларускага Свабоднага тэатру Міхаіл Каўко.
Паводле актора, з ім праз тэлефон звязваюцца супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, якія без прадстаўлення і тлумачэння прычыны тэлефанавання, запрашаюць яго на размову.
Калі Міхаіл паспрабаваў даведацца што-небудзь пра асобу, якая яму тэлефануе, на другім баку слухаўкі ён пачуў:
«Адкуль я ведаю, што вы той самы Міхаіл, каб называць вам імя нашага супрацоўніка».
На пытанне пра падставу візіту, голас ананіма сказаў, што хоча пагутарыць «наконт артыкулаў, якія зʼявіліся ў прэсе, і даведацца падрабязнасці».
Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін звязвае падазроны выклік свайго студэнта з перформансам, які Міхаіл Коўка правёў падчас шэсця Дзядоў Марозаў: юнак падпаліў свае пальчаткі, каб звярнуць увагу на праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На грудзях Міхаіла было напісана:
«Мы будзем гарэць – ім будзе пляваць».
Каментар быў у Міхася на спіне: «У Беларусі людзі з парушэннем слыху не могуць выклікаць службы экстраннай дапамогі».
Міхаіл Каўко ўжо звярнуўся па юрыдычную дапамогу да адваката.
ДД, belsat.eu