Як хутка знікае каронавірус? Усё пра тэсты ў інтэрв'ю з лекарам


Невялікую колькасць цяжкіх выпадкаў захворванняў на COVID-19 у Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе тлумачыць адзін з галоўных польскіх спецыялістаў па лабараторнай дыягностыцы доктар медычных навук Томаш Анышэк. Лекар распавядае пра адрозненні паміж тэстамі на каронавірус, пра надзейнасць вынікаў. Суразмоўца Сяргея Пелясы, упаўнаважаны па лабараторнай медыцыне вялікай польскай фірмы «Diagnostyka», выказвае меркаванне пра сэнс увядзення ізаляцыі ў Беларусі.

Як можна выявіць COVID-19? Ці ёсць надзейныя спосабы?

Спосаб, які рэкамендуе Сусветная арганізацыя здароўя і спецыялісты, – мазок з горла і носа, каб ідэнтыфікаваць наяўнасць генетычнага матэрыялу віруса гэтак званым метадам полімеразнай ланцуговай рэакцыі ў рэальным часе. Гэтыя аналізы робяць ва ўсім свеце, і САЗ намаўляе рабіць гэтыя аналізы як мага больш і часцей. Калі хтосьці мае вірус у мазку, то ён інфікаваны і заражае навакольных, калі няма – то пацыент не інфікаваны.

На чым грунтуюцца іншыя тэсты, сералагічныя, якія спраўджваюць наяўнасць антыцелаў у крыві? Чым яны адрозніваюцца ад тых, пра якія вы казалі раней?

Сералагічныя тэсты не выкрываюць віруса ў дыхальных шляхах, толькі антыцелы, якія паўстаюць у выніку рэакцыі на кантакт з вірусам, або пацыента, які выздараўлівае. То бок наяўнасць гэтых антыцелаў хутчэй сведчыць, што хтосьці меў кантакт з вірусам, то бок хварэў і цяпер мае імунітэт, а не тое, што хтосьці хварэе. Гэтыя антыцелы з’яўляюцца нашмат пазней за вірус.

Вірус зʼяўляецца на пяты-сёмы дзень пасля інфікавання, а антыцелы – пасля двух тыдняў інфікавання. Спачатку ёсць вірус, няма антыцелаў, пазней шчыльнасць віруса змяншаецца, і тады зʼяўляюцца антыцелы. Цяпер гэтыя антыцелы хутчэй ужываюць для ацэнкі, ці кантактаваў хтосьці з вірусам і перахварэў і гэтага не ведае. Ёсць выпадкі, калі хвароба амаль бессімптомная. Крыху кашлю, тэмпература невялікая, і аказваецца, што чалавек перахварэў.

ВІДЭА
Ці каранцін у Беларусі ўводзіць ужо позна?
2020.05.02 08:13

Ці можна сказаць, што генетычныя тэсты эфектыўныя? Ці магчыма ацаніць іх эфектыўнасць у адсотках, і ад чаго залежыць іх эфектыўнасць – ад якасці тэстаў ці абставінаў у якіх выконваюць?

Тэсты ёсць розныя, іх некалькі дзясяткаў ад розных вытворцаў. Адны лепшыя, другія – горшыя. Яны дзейныя амаль на сто адсоткаў, то бок іх вынікі несапраўдныя вельмі рэдка. Напрыклад, калі вынік несапраўдны негатыўны, то бок мо няправільна зрабілі мазок, а вынікі несапраўдныя пазітыўныя на вірус – мала рэальныя і не сустракаліся. То бок верагоднасць іх амаль стоадсоткавая. Каб быць упэўненым, тэст робяць паўторна. Калі хтосьці хварэў, а мы хочам спраўдзіць, ці ён выздаравеў, трэба атрымаць два негатыўныя тэсты. Калі яны абодва негатыўныя – значыць, пацыент здаровы і не заражае. Калі хтосьці мае вірус і вынік пазітыўны, тады паўторны тэст не патрэбны.

Зʼяўлялася інфармацыя, што ўрады Іспаніі ды іншых краінаў вярталі тэсты з Кітаю. Падобная сітуацыя была ў Беларусі, калі мы атрымалі 10 тысяч тэстаў ад Расеі. Пазней Лукашэнка загадаў рабіць тэсты ў Беларусі. Цяпер іх робяць у трох лабараторыях. Кіраўнік Беларусі ўголас заявіў, што расейскіх не будуць выкарыстоўваць, бо неэфектыўныя. А патлумачылі гэта тым, што кіраўнік падмаскоўнай больніцы Працэнка сустракаўся з Пуціным і гаварыў, што расейскія тэсты эфектыўныя ў 60 %. Ці можна казаць, што тэсты адных краінаў больш эфектыўныя, а іншых – менш?

Напэўна, ёсць розныя тэсты. Я гаварыў пра генетычныя. Вядома, здараюцца горшыя рашэнні, і тут патрэбныя прафесійныя веды. У тэстаў розная якасць, бо яны маюць розную колькасць генаў віруса, якую выяўляюць. Найлепшыя тэсты – трохгенныя, выкрываюць тры віды генаў віруса. Ёсць двухгенныя – іх дапускае САЗ. Сустракаюцца таксама тэсты, якія выкрываюць адзін від гена віруса, ён не мусіць ужывацца. Калі камусьці зрабілі тэст аднагенны, вядома, ён быў слабы. Не ведаю, як у свеце, у Польшчы іх не ўжываюць.

Іншая рэч – сералагічныя тэсты, бо іх вырабляе больш як трыста фірмаў. Гэта мора, і вядома, частка з іх абсалютна ненадзейная і непраўдзівая. Таму кожная лабараторыя перад выкарыстаннем тэстаў павінна спраўдзіць, ці яны надзейныя і ад надзейных вытворцаў. Я працую ў вялікай сетцы «Дыягностыка», у нас спраўджвалі некалькі дзясяткаў рашэнняў і выбралі чатыры. Магу ўявіць, што ўрад Іспаніі або Чэхіі купіў партыю ад кітайскага вытворцы і пазней заявіў, што тэст ненадзейны, не будзем яго выкарыстоўваць. Сералагічныя тэсты менш дакладныя, чым генетычныя, таму тут могуць быць пытанні да якасці ды надзейнасці.

А маглі б вы назваць гэтых вытворцаў, ці гэта не этычна?

Шчыра, не памятаю. Але ўвесь час зʼяўляецца рэклама. Амерыканскае Упраўленне санітарнага нагляду за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў апублікавала спіс вытворцаў, якіх яны лічаць надзейнымі. Але маючы на рынку трыста відаў тэстаў, праверка іх якасці зойме месяцы.

У Віцебску пацыенты запісалі відэа, што не задаволеныя тым, што даводзіцца доўга чакаць вынікаў тэстаў, нават да сямі дзён. У Беларусі цяпер выкарыстоўваюць генетычныя, маюць зʼявіцца сералагічныя. Колькі трэба чакаць вынікаў тэсту ў ідэальных умовах, калі лабараторыі не перагружаныя і даюць рады?

У Польшчы Фонд здароўя вымагае, каб вынік тэсту быў гатовы за дваццаць чатыры гадзіны. І так адбываецца. Рэдка гэта займае больш часу, бо тады лабараторыя менш зарабляе і страчвае грошы. Прычына і ў тым, што матэрыял недаўгавечны, проба віруса з мазку недаўгавечная, яна дэградуе. Калі матэрыял доўга захоўваюць перад аналізам, а хіба гэтак і адбываецца ў Беларусі, пазней вынікі вельмі ненадзейныя. Простае правіла – атрыманы матэрыял трэба праверыць цягам 24 гадзінаў, максімум – 48. Пасля вірус знікае.

ВІДЭА
Лукашэнка падстаўляе Еўропу. Беларусь трапіць у чорныя спісы?
2020.05.04 16:01

У Беларусі паводле афіцыйных звестак, правялі 176 тысяч тэстаў, у Польшчы – 338 тысячаў, то бок амаль у два разы больш (звесткі на 30.04.20 г.). Колькасць насельніцтва ў чатыры разы меншая. Атрымліваецца, нібы ў Беларусі робяць у два разы больш тэстаў, што выклікае супярэчлівыя высновы. Адкуль столькі тэстаў у Беларусі? Я пра колькасць. Таксама ў Беларусі больш за 15 тысячаў пазітыўных вынікаў, у Польшчы – больш за 12 тысяч. У Беларусі, дзе ў чатыры разы меншае насельніцтва, больш інфікаваных, чым у Польшчы. Гэта афіцыйна. У Польшчы ўведзены каранцін, у Беларусі – не. Там праводзяцца масавыя імпрэзы ды іншае. Наколькі гэта эфектыўна – рабіць гэтак шмат тэстаў без увядзення жорсткіх абмежаванняў і каранціну, як у Польшчы?

Вельмі цяжкае пытанне. Найбольшая актыўнасць мусіла быць на пачатку эпідэміі, калі мала інфікаваных пацыентаў. Тады трэба было ўводзіць ізаляцыю, спраўджваць на межах, усіх тэставаць. Калі гэта выйшла за межы кантролю, то ўжо менш сэнсу. Вірус пайшоў у народ. Кожны вынік аналізу важны, бо гэта можа быць чалавек, які патэнцыйна заражае іншых. Але шчыра, гэта ўжо не настолькі дзейна.

То бок, калі ў Беларусі ад пачатку не было ізаляцыі, цяпер яна не вельмі мае сэнс.

І тут пытанне – якая палітыка лепшая? Ёсць Швецыя, якая ўводзіла абмежаванні, але не ўводзіла жорсткага каранціну, там шмат выпадкаў, але неяк дала рады. Ёсць Польшча, Чэхія, Славаччына, дзе была ізаляцыя, – і мы бачым вынікі, яны станоўчыя. Ёсць ЗША, якія ўвогуле не ўвялі каранціну, і дайшло да жахлівай сітуацыі. Найбольш эфектыўная ізаляцыя была напачатку. Таму пытанне, ці мае сэнс цяпер ізаляцыя ў Беларусі. Магчыма, не. У Польшчы, на жаль, робяць вельмі мала тэстаў. У Беларусі, на жаль, таксама. Іх колькасць не адпавядае патрэбам.

Таму сапраўдная колькасць інфікаваных у некалькі разоў большая, чым афіцыйная.

Я згаджаюся з меркаваннем, што ў Польшчы, мо і ў Беларусі, афіцыйны лік хворых у пяць разоў меншы, чым рэальная колькасць інфікаваных. Але, на шчасце, у нас, у цэнтральнай і паўночнай Еўропе, колькасць цяжкіх выпадкаў у разы меншая, чым у Францыі, Італіі або Іспаніі. І гэта не таму, што мы такія разумныя і ў нас выдатная сістэма аховы здароўя, прычына ў іншым – магчыма, у генетычным кодзе, таму мы лягчэй перажылі пандэмію.

Часта гэта звязваюць з тым, што ў дзяржавах былога сацыялістычнага лагеру робяць абавязковую прышчэпку ад туберкулёзу. Як гэта пракаментуеце, ці можа тое быць праўдай?

Гэта варта прааналізаваць. Напэўна, гэта розніца паміж намі ды паўднёвымі краінамі. У ЗША таксама не робяць, у нас прышчэпку ад туберкулёзу робяць дасюль. І, вядома, яна ўзмацняе імунітэт. Таму, магчыма, гэта фактар, які нас уратаваў. Калі мы гэта давядзем, гэта будзе вельмі важная інфармацыя на будучыню.

Інтэрв’ю запісалі 30 красавіка 2020 г. для праграмы «ПраСвет»

Іншыя тэмы выдання:

Фота на прэв’ю: YVES HERMAN/Reuters/Forum

 

Стужка навінаў