Уладам Беларусі ўдалося прадэманстраваць і Крамлю, і сваім грамадзянам дыпламатычны баланс у вонкавапалітычных дачыненнях. Злучаныя Штаты, Кітай, Аўстрыя, Сербія – гэта сустрэчы на высокім узроўні. Але ці ўдалося правесці якасную дыверсіфікацыю ў замежнай дзейнасці?
Турцыя, Сірыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты: наведанне гэтых краінаў ці прыманне ў сябе іх дэлегацыяў – не дзіва для беларускай палітыкі. Пратакол прадказальны. Аўстрыя, Сербія, куды Аляксандр Лукашэнка лятаў з афіцыйнымі візітамі, – нетыповыя напрамкі. І пытанні там нязручныя…
Аляксандр Лукашэнка сказаў у Вене:
«Што вам не падабаецца ў Беларусі ў плане правоў чалавека? Ёсць права на жыццё».
І ёсць закон, які пазбаўляе людзей гэтага права.
Александэр ван дэр Бэлен, прэзідэнт Аўстрыі:
«Сёння вы ўпершыню за доўгі час афіцыйна ў дзяржаве – удзельніцы Еўразвязу. Мы абмеркавалі мноства тэмаў у невялікім і вялікім коле. Немагчыма, каб у дружалюбных краінах былі рознагалоссі, і гэта смяротнае пакаранне ў Беларусі!»
Найперш з-за практыкі смяротных прысудаў Беларусь не запрасілі назад у Раду Еўропы. Менск не настойваў, бо чалецтва ў арганізацыі дало б беларусам магчымасць абскарджваць рашэнні айчынных судоў у Еўрапейскім судзе правоў чалавека.
Аляксандр Лукашэнка заявіў у Аўстрыі:
«Што датычыць мяне, аўтарытарнага лідара, як вы сказалі… Пачытайце, што пра мяне за апошні месяц напісалі, і вы злякняцеся».
Другая краіна Еўропы, якую сёлета Лукашэнка наведаў з афіцыйным візітам, – Сербія.
Александар Вучыч, прэзідэнт Сербіі:
«Беларусь заўсёды можа разлічваць на сербскае падтрыманне гэтак жа, як мы можам спадзявацца на падтрыманне Менску і нашых беларускіх сяброў».
Інтэнсіфікацыя дыпламатычных кантактаў адбылася з дзвюх прычынаў, кажа палітолаг Валер Карбалевіч. Першая не залежала ад нас. Пасля анексіі Крыму Расеяй у розных дыялогавых фарматах Еўропа распачала паляпшэнне стасункаў з нашаю краінай.
Каментуе палітолаг Валер Карбалевіч:
«Гэты працэс ішоў, і яго мэта – пашырыць калідор магчымасцяў, каб замежная палітыка не канцэнтравалася толькі на адной Расеі».
З іншага боку, патэнцыял развіцця ў адносінах з Еўразвязам амаль вычарпаны.
«Яны дасягнулі пэўнай столі, і далей нешта цяжка будзе развіваць, бо цяжка высветліць парадак дня гэтых адносінаў», – працягвае Валер Карбалевіч.
А гэта ўжо пытанне палітычнага выбару. Афіцыйны Менск дэманструе добраахвотнасць у імклівым кроку на Усход – у цесны саюз з Масквою. Дэмакратычны свет не ўмешваецца, але сваё меркаванне выказвае рэгулярна.
Дарадца Доналда Трампа ў пытаннях бяспекі завітаў Менск у ліку цэлага шэрагу набліжаных да Белага дому экспертаў.
Джон Болтан, дарадца Доналда Трампа ў пытаннях бяспекі:
«Калі распаўся СССР і ўзніклі незалежныя дзяржавы, мы цвёрда заявілі ды працягваем заяўляць, што падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт. Беларускі народ мае вырашыць, хоча ён заставацца суверэнным альбо не. Маё меркаванне, што ўсё яшчэ хоча заставацца суверэннай дзяржавай».
Амерыканскія госці такога ўзроўню чвэрць стагоддзя не наведвалі Беларусі. А за апошнія 11 гадоў у краінаў не было сваіх амбасадаў. Сёлета дамовіліся запоўніць прабел.
Афіцыйны Менск адчуў публічную падтрымку ЗША, але гэтага не дастаткова, лічыць эксперт.
Каментуе Валер Карбалевіч:
«Менск хацеў бы эканамічнай падтрымкі, каб тыя датацыі, якія цяпер дае Расея, можна было неяк скампенсаваць у адносінах з Захадам. Гэтага не атрымліваецца, бо Захад зусім на іншых прынцыпах будуе адносіны».
Праз рэальныя захады для лібералізацыі эканомікі, усталяванне свабоднага рынку, зніжэнне залежнасці эканомікі ад Расеі магчыма было б дагрукацца да еўрапейскіх субсідыяў. Атрымаць руку дапамогі маглі б і ў выпадку адмовы ад паглыбленай інтэграцыі ў Саюзную дзяржаву.
Гаворыць Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:
«Гэта, хутчэй, дапамога ў выглядзе нейкіх крэдытаў, якія могуць стабілізаваць беларускую эканоміку ў складаны перыяд, калі частка расейскіх субсідыяў і доступ беларускіх твараў на расейскі рынак будуць перакрытыя».
Аднак Лукашэнка пагаджаецца на эканамічны шантаж з боку Масквы і рызыкуе суверэнітэтам краіны дзеля захавання сваёй абсалютнай улады. У такіх варунках тэмпература ў пацяпленні з Захадам не пойдзе вышэй за вясновую.
«Чаго рэалістычна чакаць у наступным годзе, дык гэта ўрэшце падпісання дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Магчыма, таксама нарэшце, падпісання прыярытэтаў партнёрства, якое доўга чакаецца», – працягвае Андрэй Ягораў.
Калі Беларусь пройдзе гэтыя два этапы ў дачыненнях з Еўрапейскім Звязам – адкрые сабе дарогу да трэцяга пагаднення – «Аб партнёрстве і кааперацыі».
А ў напрамку Менск – Вашынгтон чакаем навінаў ужо ў студзені. Беларусь наведае дзяржаўны сакратар Майкл Пампэа: амерыканскі чыноўнік найвышэйшага ўзроўню прылятаў да нас у далёкім 1994 годзе. Гэта быў прэзідэнт Злучаных Штатаў Біл Клінтан.
Юлія Цяльпук belsat.eu
Іншыя тэмы выдання: