Выбарчыя камісіі па ўсёй краіне масава бракуюць подпісы за Бабарыку і Цапкалу


У Менску, Віцебску, Гомлі і іншых гарадах Беларусі выбарчыя камісіі масава анулююць подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Валера Цапкалы і Віктара Бабарыкі.

У Фрунзенскім раёне Менску (найбуйнейшая тэрытарыяльная адзінка краіны) выбарчая камісія забракавала подпісы за вылучэнне Бабарыкі (здаваў 47.190 подпісаў) і Цапкалы (здаваў 17.853). У абодвух выпадках па выніках двух тураў праверкі былі прызнаныя несапраўднымі па 16% правераных подпісаў – у выніку былі забракаваныя ўсе.

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат

У Маскоўскім раёне Менску несапраўднымі прызналі ўсе 30341 подпіс за Віктара Бабарыку. У Партызанскім раёне не прынялі 2433 подпісы за Цапкалу, у Бабарыкі адхілена 9208 подпісаў.

У Савецкім раёне Гомля анулявалі ўсе 4870 подпісаў за Бабарыку і 1956 подпісаў за Цапкалу. У першага прызналі несапраўднымі 23,28% подпісаў, у Цапкалы – 16,53%. У Цэнтральным раёне Гомля адмовіліся браць 4177 подпісаў за Бабарыку.

У Першамайскім раёне Віцебску забракавалі ўсе подпісы за Бабарыку і Цапкалу, а ў Кастрычніцкім раёне анулявалі толькі подпісы за Цапкалу.

Валер Цапкала на пікеце ў Бабруйску.
Фота: «Белсат»

У Кастрычніцкім раёне Магілёва анулявалі ўсе подпісы Цапкалы, у Ленінскім – Бабарыкі. У Магілёўскім раёне забракавалі подпісы і Бабарыкі, і Цапкалы.

У Кастрычніцкім раёне Горадні анулявалі подпісы Бабарыкі, у Ленінскім раёне – Цапкалы.

Паводле праваабаронцаў, у Светлагорску раённая выбарчая камісія не прызнала ўсе 1577 подпісаў, здадзеных за Цапкалу.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў